Бацька Пінігіных тройчы заходзіў у фашысцкі тыл, а Ціхановіча гарэў у танку
Як ваявалі на Другой сусветнай вайне сваякі беларускіх знакамітасцяў і за якія подзвігі атрымалі ўзнагароды (фота дакументаў)
У інтэрнэце з’явіўся электронны банк дакументаў удзельнікаў Вялікай Айчыннай Вайны. Упісаўшы імя, можна знайсці сведчанні пра подзвігі і дасягненні, за якія байцы атрымлівалі медалі ды ордэны. Праўда, пакуль база не поўная і, па словах стваральнікаў, увесь час абнаўляецца. Тым не менш, Еўрарадыё адшукала некалькіх сваякоў вядомых беларусаў, якія атрымалі баявыя ўзнагароды.
Старшына 1-й стацці Вольскі Артур Вітальевіч (медаль “За баявыя заслугі”)
Бацька легендарнага беларускага музыкі Лявона Вольскага, вядомы пісьменнік Артур Вітальевіч Вольскі не вельмі любіў распавядаць пра вайну.
“Ён служыў на флоце 10 гадоў: 5 гадоў на вайне і 5 гадоў пасля вайны, бо не было каму служыць, і іх прымусілі адбыць яшчэ нешта кшталту тэрміновай службы, — распавядае пра Лявон Вольскі. — Ён у асноўным змагаўся ў японскіх морах. Пра подзвігі не вельмі распаўсюджваўся, ну нешта там загасіў, нейкую бомбу…”
Артур Вітальевіч уганараваны ардэнамі “Айчыннай вайны II ступені”, “Знак Пашаны” ды іншымі. Але на сайце знайшоўся толькі ўзнагародны ліст медаля “За баявыя заслугі”, які старшына 1-й стацці атрымаў за “выключны патрыятызм і самаадданасць у выпуску газеты”.
Інжынер-капітан Рыгор Міхайлавіч Ціхановіч (Ордэн “Чырвонай зоркі”)
У знакамітага музыкі Аляксандра Ціхановіча ваявалі і бацька і маці. Намеснік камандзіра танкавай брыгады па тэхнічнай частцы Рыгор Міхайлавіч Ціхановіч у баях пад Будапештам быў цяжка паранены. У яго танк прамым пападаннем трапіў снарад, і з усяго экіпажу выжыў толькі ён. Адпаведна, меў шмат узнагарод, але на сайце ёсць толькі адзін дакумент, пра ўручэнне ордэна “Чырвонай зоркі”. Памочнік камандзіра тэхнічнай часткі артылерыйскага полку ноччу, пад абстрэлам праціўніка “дастаўляў гаруча-змазачны матэрыял і боепрыпасы для ўсяго аўтапарка полку”. Пры гэтым “ажыццяўляў падтрымку агнём” і здолеў вывезці з-пад абстрэлу ў рамонтную майстэрню пашкоджаную 76-мм пушку.
“Мая мама Кацярына Міхайлаўна Аўчыннікава служыла ў партызанскай брыгадзе Канстанціна Заслонава ў атрадзе імя Кірава, — узгадвае Аляксандр Ціхановіч. — Была сувязной. У 16 гадоў трапіла ў палон у Гестапа, яе там катавталі, але яна збегла і скончыла вайну пад Оршай усё ў тым жа атрадзе імя Кірава”.
Па словах музыкі, Кацярына Міхайлаўна таксама мае шмат узнагародаў, праўда на сайце пакуль ніякай інфармацыі пра гэта няма.
Радавы Іван Іосіфавіч Лазавік
Бацька адказнага сакратара ЦВК Беларусі Мікалая Лазавіка быў цяжка паранены і вярнуўся з вайны без нагі. Пра свае подзвігі распавядаць не любіў. Нават на пытанні малога сына Мікалая пра колькасць забітых ворагаў адказваў: “Гэта была вайна, калі б я іх не забіваў, яны б забілі мяне”.
“Было ў яго і моцнае плечавое раненне, — працягвае ўзгадваць бацьку прадстаўнік ЦВК. — У яго дрэнна трымалася рука ў суставе і, калі ён нешта цяжкое падымаў, то рука папросту выскоквала з сустаўнай сумкі. Нават мне аднойчы давялося ўпраўляць яго руку: ён клаўся на спіну, я пяткай упіраўся яму падпаху і тузаў, рука ў выніку ўставала на месца”.
Свае ордэны і медалі Іван Іосіфавіч Лазавік насіць не любіў. Рабіў гэта калі яго прасілі выступіць у прэзідыуме падчас святкавання Дня перамогі і нагадвалі не забыцца пра ўзнагароды.
Сяржант Мікалай Міхайлавіч Пінігін (ордэны “За адвагу” і “Айчыннай вайны 2-й ступені”)
Бацька Мікалая і Івана Пінігіных на фронце быў камандзірам асобнай роты разведчыкаў стралковай брыгады. У лістападзе 1943 года ён удзельнічаў у трох паспяховых вылазках у тыл ворага, падчас якіх быў зладжаны шэраг дыверсій і ўзяты ў палон унтэр-афіцэр. За што Мікалай Міхайлавіч Пінігін атрымаў ордэн “За адвагу”.
А ў 1944 годзе Мікалая Міхайлавіча ўзнагародзілі ордэнам “Айчыннай вайны 2-й ступені” за тылавую атаку вёсак Глухая Горушка ды Задняе Поле і іх вызваленне ад захопнікаў. На той момант на рахунку сяржанта было 6 палонных, 25 забітых ворагаў, 6 знішчаных агнявых кропак і тры рэйды ў тыл праціўніка.
Мы працягнем распавядаць пра баявыя подзвігі сваякоў знакамітых беларусаў, якія прайшлі Другую сусветную вайну. А ў якасці бонусу пазнаёмім вас і з дзядамі журналістаў Еўрарадыё.
Сяржант Маліноўскі Лявонці Ціханавіч (Ордэн “За баявыя заслугі”)
Журналісты Еўрарадыё і “Камсамольскай праўды ў Беларусі” Ілля і Сяргей Маліноўскі ўскосна абавязаныя свайму з’яўленню “Дарозе жыцця” на Ладажскім возеры. Маліноўскі Лявонці Ціханавіч ды Ладанава Аляксандра Міхайлаўна пазнаёміліся менавіта там і разам дайшлі да Кёніксберга, дзе вырашылі пабрацца шлюбам. Бабуля журналістаў рэгулявала рух машын, што везлі харчаванне ў блакадны Ленінград. Дзядуля ж быў начальнікам паста рэгулявання. Абодва мелі шмат узнагарод, але малыя дзеці ўжо ў мірны час разнеслі частку з іх па садках-школах і згубілі. На сайце ёсць сведчанне пра атрыманне медалёў “За абарону Ленінграда” ды “За баявыя заслугі” сяржантам Маліноўскім.
“Праявіў ініцыятыву і кемлівасць у выкарыстанні мясцовых матэрыялаў, павялічыў тэрміны службы акумулятараў і стварыў іх абменны фонд, чым дасягнуў нармальнай працы ўсяго аўтамабільнага і трактарнага парку батальёну, — напісана ва ўзнагародным лісце медаля “За баявыя заслугі”, а ў канцы прыпісана. — Таварыш Маліноўскі з’яўляецца добрым баяністам і ўвесь вольны час аддае працы сярод байцоў”.
Лявонці Ціханавіч вельмі любіў граць на баяне і спяваць. Гэтая рыса нават выратавала яго ад расстрэлу за вынесеную са складу банку тушонкі, якую сяржант хацеў аддаць будучай жонцы. Галадалі тады ўсе разам з жыхарамі Ленінграда, а банка выкацілася са складу акурат пад ногі і ў гэты ж момант ішоў патруль. Разбіральніцтва было сур’ёзным, але асабіст прабачыў: у першы і апошні раз, бо музыка ўздымае баявы дух салдат, і такія людзі, патрэбныя ў гэткі цяжкі час.
Лявонці Ціханавіч і Аляксандра Міхайлаўна
Лявонці Ціханавіч Маліноўскі усё жыццё ганарыўся тым, што не забіў ніводнага чалавека, “ва ўсялякім выпадку, гэтага не бачыў, бо з вінтоўкі не страляў і “ў штыкавую” не хадзіў”.