БДУ: Глеб Вайкуль ужо адлічваўся, незалічаны прадмет наведаў адзін раз
Адміністрацыя БДУ распавяла пра студэнта Глеба Вайкуля, якога, па яго словах, адлічаюць за грамадзянскую пазіцыю. Глеб не здаў камісіі і прафесару Таццяне Шамякінай залік па "Псіхалогіі літаратурнай творчасці". Ён удзельнік суполкі "Студэнты супраць" і маршу студэнтаў, які прайшоў 2-га снежня з патрабаваннем рэальнага самакіравання. Пакуль афіцыйны загад аб яго адлічэнні не падпісаны.
Па інфармацыі БДУ, з пачатку навучальнага года ў Глеба былі 92 гадзіны пропускаў, а няздадзены прадмет ён наведаў толькі адзін раз.
Разам з Вайкулем да сесіі не дапусцілі 15 чалавек. Вось, што адказалі ў адміністрацыі БДУ на запыт Еўрарадыё.
"Пятнаццаць студэнтаў філалагічнага факультэта БДУ не былі дапушчаныя да экзаменацыйнай сесіі ў сувязі з невыкананнем вучэбнага плана па дысцыплінах. Сярод іх і студэнт другога курса філалагічнага факультэта спецыяльнасці "Беларуская філалогія" Глеб Вайкуль", — гаворыцца ў паведамленні БДУ.
Згодна з інфармацыяй універсітэта, у Глеба 92 гадзіны пропускаў без паважлівай прычыны. З-за гэтага яго выклікалі на камісію, а разам з ім яшчэ 31-го студэнта.
Ва ўніверсітэце таксама распавялі пра праблемы з навучаннем, якія меў Вайкуль. Спецкурс "Юрыдычны пераклад на беларускую мову" ён здаў толькі з другога разу. Заняткі не наведваў. На "Псіхалогію літаратурнай творчасці", па звестках БДУ, ён не хадзіў таксама.
"Падкрэслім, на камісіі Вайкуль не адказаў на два пытанні білета, а таксама і на дадатковыя пытанні. З матэрыяламі лекцый па курсе не быў знаёмы. Студэнту была прадастаўленая ўстаноўленая колькасць часу для падрыхтоўкі і адказу а таксама магчымасць карыстацца праграмай курса.
Студэнт прыйшоў на залік, не аплаціўшы неабходную за пераздачу суму, тым не менш, прафесар Таццяна Іванаўна Шамякіна была згодная прыняць залік, прапанаваўшы студэнту самой ўнесці за яго неабходную суму.
Калі ж студэнт адмовіўся, асабіста суправадзіла яго ў дэканат і хадайнічала перад дэканатам аб магчымасці здачы студэнтам Вайкулем заліку без аплаты ў сувязі з адсутнасцю ў студэнта неабходнай грашовай сумы. Уся інфармацыя, якая распаўсюджваецца студэнтам, скажоная. Студэнту была выстаўленая намі адзнака "не залічана", бо ён не адказаў ні на адзін з зададзеных яму на заліку пытанняў, а ўсе яго выказванні — гэта не больш, чым вынік яго асабістага ўспрымання таго, што адбываецца", — паведамляюць у БДУ.
Таксама ў БДУ заўважаюць, што Глеб не наведаў фізкультуру ніводнага разу. Ён паступіў на першы курс філалагічнага факультэта ў 2012-ым годзе. Пасля сышоў у акадэмічны адпачынак, а пазней забраў дакументы. Праз два гады зноў паступіў на філалагічным факультэт, на бюджэт.
Атрымліваў сацыяльную стыпендыю.
Сярэдні бал — 5,7
Глеб Вайкуль не адмаўляе таго, што меў праблемы з пропускамі. Але гатовы здаць камісію яшчэ раз, бо ўпэўнены ў сваіх ведах.
Глеб Вайкуль: "Калі я скончыў першы курс і паступіў на другі, у мяне ўзніклі матэрыяльныя цяжкасці і давялося перапаступіць, бо тады я вучыўся на платным. Пасля я здаў тэставанне і паступіў на бюджэт, адразу на другі курс. Але мяне не перавялі, бо ўзнікла розніца ў прадметах. Вярнуўся зноў на першы курс. Я хадзіў на заняткі да Шамякінай. Каб я да яе не хадзіў, то маглі б не дапускаць наогул. Я не баюся здаць яшчэ адну камісію ў незалежным складзе.
На камісіі я быў падрыхтаваны і ўпэўнены быў, што здаў. На фізкультуру часова я не мог хадзіць, бо была праблема з нагой, траўма галенастопу. Але раней я займаўся плаваннем і выступаў за факультэт. У мяне не было з імі праблем. Я быў капітанам футбольнай каманды філалагічнага факультэта. Адзіная праблема, што я зацягнуў з даведкамі, я іх не аднаўляў. На камісію, дарэчы, я прынёс усе кантрольныя. Аўтамат я не атрымаў з-за пропускаў. Але я адзіны здаваў іспыт вусна. Праблема з пропускамі была, згодны. Але бывае такое, пасля людзі рыхтуюцца і здаюць. Цяпер хачу звяртацца ў адміністрацыю. Не баюся камісіі з назіральнікамі, бо ўпэўнены, што здам яе".
Па інфармацыі Еўрарадыё, як мінімум у двух студэнтаў, якія наведалі марш, узніклі праблемы на сесіі.
Вось, што Глеб Вайкуль распавядае ў сваім відэазвароце: