Бегемоты з мінскага цырка ядуць бульбу і жывуць у вадзе пры +18
А на арэне гіпапатамы кружацца на каруселі і танчаць. Еўрарадыё праверыла: ці жывуць бегемоты “ва ўмовах стрэсу”(фота).
“Тры бегемоты ва ўмовах стрэсу вымушаныя забаўляць гледачоў танцуючы і лазячы па лесвіцах на шоў, якое ладзіць Белдзяржцырк”, — паведамляе шэсць дзён таму выданне “Daily Mail”.
Ідзем праверыць, як дрэсіруюць бегемотаў. На арэну экзатычных жывёл выводзяць гуськом. Кіруюць трыма артыстамі, кожны з якіх важыць па тоне, голасам, часам выкарыстоўваюць дубец з кароткім кавалкам вяроўкі на канцы. Падобны да тых, што прымяняюць у скачках.
“Гэтая жывёла не церпіць, каб да яе прымянялі нейкую сілу. Яны злапамятныя, помслівыя. З імі трэба быць дыпламатычным. Калі за іх брацца, як цяпер ім па 7 гадоў, з імі нічога не зробіш — будуць агрэсіўныя. Іх трэба браць у гадавалым узросце. Калі больш сталыя — гэта будзе жорсткая агрэсія. Бывае, канешне, калі да жывёл дручкі прымяняюць, але я гэтага не прымаю”, — расказвае пра гадаванцаў дрэсіроўшчык Тофік Ахундаў.
Спярша бегемоты проста ходзяць па коле, пасля бегаюць, сядаюць, кладуцца на жывот і нават… танчаць. Пасля кожнага труку жывёле даюць кавалак морквы. Калі не слухаюцца, дрэсіроўшчык павышае голас, тады загад выконваюць: кружацца на каруселі, становяцца пярэднімі нагамі на борцік. Каб да жывёл прымянялі сілу падчас рэпетыцыі, Еўрарадыё не заўважае.
“Гэтыя бегемоты былі не з заапарка, а з сафары, яны там у заказніку на прыродзе жылі. Дасталіся нашай кампаніі за маленькія грошы. Яны былі дзікія, кідаліся. Увесь час кармілі з рук. Да гэтых быў бегемот “Жужа”, ёй штосьці не спадабалася і яна мне як дала галавой. Адляцеў метраў на пяць і месяц не мог працаваць”, — прыгадвае Тофік Ахундаў.
Разам з ім з бегемотамі працуе яго жонка і яшчэ два асістэнты. Усіх жывёлы ўспрымаюць спакойна і слухаюцца. Рэпетыцыя доўжыцца каля 20 хвілін, пасля бегемоты выходзяць з манежу ў вал’еры з вадой, дзе яны і жывуць, пакуль выступаюць у Мінску.
З вады бачныя толькі вушы, і вочы. Высоўваюцца бегемоты толькі калі падыходзіць дрэсіроўшчык з ежай. Адкрытая пашча уражвае. Бегемотаў трое — дзве дзяўчынкі і хлопчык. У пакоі цёпла і бегемоты, здаецца, выглядаюць спакойнымі, нават крыху соннымі.
“Трэба, каб тэмпература была ў пакоі 17-18 градусаў. Вада таксама мусіць быць пакаёвай тэмпературы. Яны хоць і цяплалюбівыя, але не любяць калі вада гарачая. Яе мяняюць адзін раз на два дні”, — расказвае дрэсіроўшчык.
У Мінску жывёлы са студзеня. Дагэтуль выступалі ў Ніжнім Ноўгарадзе. Перавозяць іх, па словах дрэсіроўшчыкаў, у фургоне, дзе ёсць ванна з падагрэвам. А харчуюцца афрыканскія жывёлы бульбай і морквай.
“Яны ядуць расліннае ўсё. У нашых умовах мы іх кормім морквай, буракамі, бульбай, капустай. Гэта ў сырым выглядзе. Мы запарваем авёс і вотруб'е. Улетку даём траву, узімку — сена. Яны любяць люцэрну і пажадана іх карміць люцэрнай. Нягледзячы на тое, што вегетарыянцы, калі будуць галодныя, могуць і нешта жывое з’есці. Гэта рэдкі выпадак”, — агучвае рацыён дрэсіроўшчык.
І ўзгадвае пра “зялёных”:
“Мы працавалі ў краінах, дзе моцныя “зялёныя”. Праблем не было. Бегемоты ў няволі жывуць больш. Яны ж у рэках жывуць, а там раптам засуха, ежы няма і яны паміраюць. А тут за імі сочаць, у час кормяць, яны рухаюцца ўвесь час. Вось мой бегемот “Жужа”, яна ў мяне пражыла 30 гадоў. Мы аб’ездзілі амаль усе краіны. Памерла ад раку сэрца ў 2006 годзе”.
Зарабляюць гіпапатамы таксама нядрэнна: адзін квіток можа каштаваць 600 тысяч рублёў.
Бегемоты рыхтуюцца да рэпетыцыі
Адзін з трукаў: бегемот гуляе па борціку манежа
Залазіць на тумбу
Так бегемотаў частуюць
Жывут бегемоты ў такіх вал'ерах, ваду тут мяняюць адзін раз на два дні
Харчуюцца экзатычныя жывёлы морквай, яблыкамі, бульбай
Бегемот на каруселі
Фота - Еўрарадыё