Беларусь не падпісвае Мытны кодэкс ЕАЭС. Што гэта значыць?

Беларусь не падпісвае Мытны кодэкс ЕАЭС. Што гэта значыць?

26 снежня ў Санкт-Пецярбургу павінен быў адбыцца яшчэ адзін крок на шляху рэінтэграцыі постсавецкіх краін — падпісанне агульнага Мытнага кодэкса краін ЕАЭС. Кодэкс падпісалі, але без Беларусі. Аляксандр Лукашэнка ў апошні момант у паўночную расійскую сталіцу не паехаў. Разбіраемся, чаму так адбылося і што гэта ўсё можа значыць.

 

Што такое Мытны кодэкс ЕАЭС і навошта ён патрэбны?

Мытны кодэкс ЕАЭС павінен замяніць Мытны кодэкс краін — удзельніц Мытнага саюза. У ім ёсць шэраг новаўвядзенняў у параўнанні з ранейшым дакументам, аднак яны ўсе збольшага вузкаспецыяльныя і жыццё звычайных грамадзян наўпрост не закранаюць — з-за мяжы па-ранейшаму можна будзе везці тры літры алкаголю і 35 кілаграмаў рэчаў.

Мытны кодэкс ЕАЭС распрацоўвалі больш за тры гады, праект нават публікавалі для грамадскага абмеркавання (беларусы маглі дасылаць свае пытанні праз сайт Мытнага камітэта). Яшчэ месяц таму планавалася, што дакумент уступіць у сілу 1 ліпеня 2017 года. Аднак цяпер цяжка сказаць, што будзе на самай справе.

 

Беларусь зусім адмовілася падпісваць Мытны кодэкс ЕАЭС?

У тым і справа, што не адмаўлялася. Проста ад нашай краіны на падпісанне ніхто не паехаў. Крок такі быў нечаканы і аб адсутнасці Лукашэнкі на загадзя запланаванай сустрэчы стала вядома менш чым за суткі да яе. Няма нават афіцыйнай версіі таго, чаму кіраўнік Беларусі не змог наведаць Пецярбург. Замест афіцыйнага візіту ў Расію ў панядзелак, 26 снежня, Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытаннях прыцягнення знешняга фінансавання. Звышважнай і тэрміновай яе цяжка назваць.

Беларусь не падпісвае Мытны кодэкс ЕАЭС. Што гэта значыць?

Справа ў тым, што, як паказваюць папярэднія дамоўленасці, яны існуюць на паперы, яны падпісваюцца, але, на жаль, не функцыянуюць. І таму паўстае пытанне — навошта падпісваць тое, што таксама можа не працаваць? Папярэднія ж не працуюць... Мы цяпер існуем ва ўмовах, калі Расія ўводзіць так званыя антызаходнія санкцыі, але яны б'юць і па Беларусі. І атрымоўваецца такая фантастычная сітуацыя, калі дэ-факта Беларусь з'яўляецца аб'ектам санкцыйнай палітыкі Расійскай Федэрацыі

Кіраўнік Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Арсеній Сівіцкі

Што далей будзе?

"Што тычыцца адсутнасці прэзідэнта Беларусі, то дэ-факта гэта не перашкодзіць абмяркоўваць субстантыўныя пытанні, звязаныя з інтэграцыяй. Таму што, яшчэ раз паўтараю, усе дакументы, якія сёння будуць падпісвацца, раней былі цалкам узгодненыя ў ходзе калегіі з нашымі беларускімі партнёрамі. І падпісаныя дакументы далей проста будуць накіраваныя ў Мінск з тым, каб Аляксандр Рыгоравіч змог іх там падпісаць", — аптымістычна заяўляў журналістам у дзень падпісання Мытнага кодэкса ЕАЭС прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў.

У рэальнасці можа быць іначай. Яшчэ 9 снежня Лукашэнка заклікаў абмеркаваць новы Мытны кодэкс на ўсіх узроўнях, нават з прыцягненнем "апазіцыйна настроеных" экспертаў. Так што з падпісаннем дакумента Беларусь можа пацягнуць час.

 

Чым нам так не падабаецца Мытны кодэкс ЕАЭС?

У першую чаргу новымі правіламі функцыянавання свабодных эканамічных зон. "Расія пайшла па шляху ліквідацыі СЭЗ і настойвае на тым, што павінен быць агульны рэжым для ўсіх свабодных эканамічных зон унутры Мытнага саюза. Але відавочна, што гэта немагчыма. Асабліва калі мы гаворым пра кітайска-беларускі індустрыяльны парк. Бо там некаторыя ільготы маюць 50-гадовы тэрмін. Выключэнняў для гэтага парку ў Кодэксе не будзе. Расія не пойдзе на пераходны перыяд працягласцю 50 гадоў. А мы таксама не хочам адмаўляцца ад гэтага праекта з Кітаем. Для нас гэта асноўны донар інвестыцый і тэхналогій цяпер", — гаворыць кіраўнік Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Арсеній Сівіцкі. Эксперт дадае, што Беларусь будзе да апошняга старацца захаваць СЭЗ: "Мы будзем настойваць на тым, каб дзейнасць свабодных эканамічных зон засталася ў кампетэнцыі на нацыянальным узроўні".

Нараду па пытаннях далейшага існавання СЭЗ у Беларусі Аляксандр Лукашэнка праводзіць ужо 27 снежня. "Нашы свабодныя эканамічныя зоны не павінныя страціць канкурэнтаздольнасць на пляцоўцы Еўразійскага эканамічнай саюза. Умовы іх функцыянавання на рынку ЕАЭС неабходна зрабіць як мінімум раўнацэннымі", — гаворыць на ёй кіраўнік краіны.

 

Яшчэ ёсць нейкія праблемы?

Вядома. Па-першае — дагэтуль ніхто не можа зразумець, у якім кірунку развіваецца беларуска-расійскі газавы канфлікт. Да яго дадаюцца харчовыя войны і ўсё больш адкрыты інфармацыйны і ваенны ціск Масквы на Мінск. А зверху да ўсяго гэтага тое, што нават Мытны кодэкс краін — удзельніц Мытнага саюза фактычна так і не пачаў нармальна працаваць. "Справа ў тым, што, як паказваюць папярэднія дамоўленасці, яны існуюць на паперы, яны падпісваюцца, але, на жаль, не функцыянуюць. І таму паўстае пытанне — навошта падпісваць тое, што таксама можа не працаваць? Папярэднія ж не працуюць... Мы цяпер існуем ва ўмовах, калі Расія ўводзіць так званыя антызаходнія санкцыі, але яны б'юць і па Беларусі. І атрымоўваецца такая фантастычная сітуацыя, калі дэ-факта Беларусь з'яўляецца аб'ектам санкцыйнай палітыкі Расійскай Федэрацыі", — гаворыць Арсеній Сівіцкі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі