Беларускі МЗС публічна не пагадзіўся з расійскім
Праблемным пытаннем стала жаданне расіян абмежаваць праезд грамадзян трэціх краін праз беларуска-расійскую мяжу.
Лаўроў: Можна нават увесці часовы памежны кантроль
Расія лічыць магчымым аднаўленне памежнага кантролю на беларуска-расійскай мяжы. Пра гэта падчас сустрэчы з кіраўніком беларускага МЗС Уладзімірам Макеем заявіў яго расійскі калега Сяргей Лаўроў.
"Тыя, хто хоча трапіць у Расію, павінны карыстацца, напэўна, іншымі магчымасцямі. Геаграфічнымі і тэрытарыяльнымі. Там, дзе ёсць міжнародныя пункты пропуску. Але калі мы з Беларуссю выпрацуем адзіную візавую палітыку і ў нас будзе на 100% скаардынавана тое, каму выдаваць візу, а каму не выдаваць, — тады гэтая праблема сама па сабе адпадзе. А тым часам трэба выпрацоўваць нейкія часовыя, прамежкавыя меры. Магчыма, адкрыць для замежнікаў, якія перасякаюць нашу мяжу (беларуска-расійскую, — Еўрарадыё) часовыя пункты пропуску", — сказаў ён.
Памежны кантроль на мяжы Беларусі і Расіі адсутнічае ўжо 20 гадоў. Некалькі месяцаў таму Расія ў аднабаковым парадку перастала прапускаць на сваю тэрыторыю грамадзян трэціх краін, якія перамяшчаюцца з Беларусі ў Расію аўтамабільным транспартам. Кантроль ажыццяўляецца мабільнымі групамі расійскіх памежнікаў.
Макей: Беларусь зацікаўленая, каб такіх праблем не было
Адказ кіраўніка беларускага МЗС Уладзіміра Макея паказалі ўвечары па тэлеканале ОНТ. Рыторыка яго пры гэтым была нечакана рэзкай.
"Мы лічым, што дагэтуль 20 гадоў існаваў усталяваны рэжым паміж нашымі краінамі. І мы маглі б не прадпрымаць рэзкіх дзеянняў, каб не ствараць праблем для грамадзян трэціх краін на нашай мяжы. А дамовіцца аб тым, як паступова вырашыць гэтую праблемную сітуацыю. Мы лічым, што такіх праблем у нашых адносінах быць не павінна. І Беларусь зацікаўленая, каб такіх праблем не было. Бо мы з'яўляемся транзітнай дзяржавай", ― сказаў Уладзімір Макей.
У перакладзе з дыпламатычнай мовы гэта азначае, што для нашай краіны дзеянні расіян з'яўляюцца, мякка кажучы, незразумелымі.
Што адбываецца насамрэч? Навошта Расія ў аднабаковым парадку фактычна ўвяла пашпартны кантроль на мяжы з Беларуссю (пакуль толькі на аўтамабільных трасах, але хто ведае)? Афіцыйна такім чынам нашы суседзі змагаюцца з "тэрарыстычнай пагрозай, якая узрасла". Прынамсі, так кажа Сяргей Лаўроў.
Маўляў, калі ў Расіі напружаныя адносіны з Захадам, то яны не хочуць тут некантраляванага рээкспарту тавараў. Плюс, яшчэ аргумент, што прадстаўнікі непажаданых для Расіі трэціх краін могуць тут заязджаць. Гэта ў дачыненні, напрыклад, да грамадзян Украіны можа быць. І ў выніку пайшоў некантраляваны і, самае важнае, нечаканы працэс з боку Расіі
Палітолаг, дырэктар па даследаваннях Ліберальнага клуба Яўген Прэйгерман мяркуе, што ўсё гэта выклікана унутрырасійскімі працэсамі. То бок расіяне настолькі загуляліся ў новую халодную вайну, што гатовыя нават памежнікаў на мяжу з Беларуссю вярнуць:
"Маўляў, калі ў Расіі напружаныя адносіны з Захадам, то яны не хочуць тут некантраляванага рээкспарту тавараў. Плюс, яшчэ аргумент, што прадстаўнікі непажаданых для Расіі трэціх краін могуць тут заязджаць. Гэта ў дачыненні, напрыклад, да грамадзян Украіны можа быць. І ў выніку пайшоў некантраляваны і, самае важнае, нечаканы працэс з боку Расіі", ― кажа эксперт.
Вось такі нечаканы вынік антызаходняй рыторыкі Крамля.