Беларускі стварылі суперсучасны курс па матэматыцы для зумераў

Беларускі вучаць моладзь не баяцца вучыцца па-новаму

Беларускі вучаць моладзь не баяцца вучыцца па-новаму / з асабістага архіва гераінь

Настаўніца Алена і айцішніца Каця пазнаёміліся ў Кракаве і стварылі творчы тандэм, які разбурае муры таталітарнай адукацыі. Тыя самыя, дзе вучню страшна зрабіць памылку, а задачкі трэба рашаць з-пад палкі пад наглядам настаўніка.

Дзяўчаты прыдумалі, як зацікавіць вучняў матэматыкай і навучыць вучыцца самастойна. Цяпер яны збіраюць грошы на тое, каб зрабіць яшчэ больш інтэрактыўных курсаў для беларускіх падлеткаў.

Еўрарадыё распытала Алену і Кацю пра тое, ці сапраўды матэматыка можа быць пад сілу кожнаму і як сучасныя тэхналогіі і кагнітыўныя навукі могуць дапамагчы ўтрымаць увагу зумераў.

Матэматыка аб’яднала настаўніцу і айцішніцу

Алена — настаўніца паводле паклікання. Яна скончыла наргас і павінна была працаваць у гандлі, але яшчэ ў студэнцтве пачала займацца рэпетытарствам.

— У нейкі момант я падумала: чаму мне не паспрабаваць сябе ў сферы адукацыі? Я нядрэнна ведаю матэматыку... Проста паспрабую. Так я стала на гэты шлях і вельмі хутка зразумела, што для мяне гэта больш, чым проста падпрацоўка. Што ўсё ж я пачынаю разумець і адчуваць: гэта той шлях і тое месца, дзе я павінна быць, — згадвае студэнцкія думкі Алена.

Пасля ўніверсітэта дзяўчыну адправілі адпрацоўваць у гандлёвы каледж. Там яна атрымала педагагічны досвед — і, на дзіва, не расчаравалася ў адукацыі. Хаця спазнала і эмацыйнае выгаранне, і несправядлівы недахоп грошай за працу, якую любіш.

Кацярына ж мае супрацьлеглы досвед. Кажа, што ніколі не была добрай вучаніцай і нават прайшла праз некалькі ўніверсітэтаў, пакуль не скончыла БДУІР. Пасля дзяўчына працавала ў IT, мела добрыя грошы — але не задавальненне ад працы.

— У мяне была цікавая спецыяльнасць, звязаная з псіхалогіяй успрыняцця інфармацыі ў тэхнічнай сферы. Я ведаю, як людзі ўспрымаюць інфармацыю, і магу яе данесці так, каб яна была зразумелая і цікавая, — кажа Каця.

Беларускі стварылі суперсучасны курс па матэматыцы для зумераў
Дзяўчатам патрэбная дапамога на старт / @the_mathest

Гэтыя веды аказаліся карыснымі ў новым сяброўстве. Алена, якая займалася рэпетытарствам у малых групах, дзялілася разважаннямі, як бы яна хацела спрасціць сабе і вучням працэс навучання. Каця прапаноўвала рашэнні з гледзішча сучасных тэхналогій і хітрыкаў, якія дапамагаюць засвойваць інфармацыю і ўтрымліваць увагу.

Так дзяўчаты запісалі серыю відэа-урокаў. Паглядзеўшы іх, вучань мог бы рашыць задачку. Калі б толькі хацеў. Аказалася, што заахвоціць дзяцей хоць бы паспрабаваць папрацаваць самастойна — не так і проста!

— Я казала вучням: “Давай ты паспрабуеш адкрыць відэа, паглядзець падказкі і нешта зрабіць самастойна”. І скардзілася Каці на гэта: што вучні не хочуць самастойна спрабаваць, а чакаюць увесь час, што скажаш ім, што трэба рабіць. Мы пачалі гэта абмяркоўваць — і на гэтым нарадзіўся наш праект, — расказвае Алена.

Чым карысны эфект “Ваў, я магу!”

— Мы вырашылі, што ўсё трэба аформіць так, каб было і цікава, і зразумела, і было жаданне рабіць самастойна. І каб гэта ўсё было ў зразумелым для дзяцей выглядзе, а не цяжкая тэорыя, якая заўсёды выглядае так, быццам яны ўжо на той момант павінны быць з вышэйшай адукацыяй, — дадае Каця.

Адукацыйны праект Алены і Каці складаецца з дзвюх частак. Першая частка — гэта распрацаваны ад пачатку да канца інтэрактыўны анлайн-падручнік. Другая — уласна курс, то-бок жывыя ўрокі, якія вядзе Алена.

— Падручнік мы ўсе ўспрымаем як нешта, што мы чытаем ці, можа быць, цяпер глядзім у анлайне. Але ў нас ён цалкам інтэрактыўны. Нават калі мы тлумачым тэорыю, гэта не тэкст або відэа, гэта ўжо заданне. У нас заўсёды мікраўзаемадзеянні ва ўсім, каб не страчваць увагі дзяцей, каб яны былі ўключаныя ў працэс, — кажа Каця, якая адказвала за тое, каб ад урокаў было немагчыма адарвацца, як ад захапляльнай гульні.

Алена ж прыўнесла ў бяздушную матэматыку крыху падтрымкі і эмпатыі.

— Мне важна прадумаць шлях вучня і зрабіць так, каб ён хацеў ісці далей. Гэта калі ты разумееш спачатку, што ў цябе нешта атрымалася, і спрабуеш, і спрабуеш... Трэба рабіць мікрапоспехі кожны раз. Да нас прыходзяць дзеці, у якіх ёсць праблемы з матэматыкай. Значыць, яны зрабілі выснову, што ў іх з матэматыкай нічога не атрымаецца, ім не дадзена і гэтак далей. І калі яны разумеюць: “Ваў, я магу”, у іх атрымліваецца, — яны далей ідуць.

Такі падыход ацанілі вучні. Хоць можна ўявіць сабе, як складана знайсці падыход да падлеткаў, а тым больш — натхніць іх займацца матэматыкай.

Беларускі стварылі суперсучасны курс па матэматыцы для зумераў
Аказваецца, матэматыка можа быць не сумнай!

— У нас быў вучань, які і на адукацыйнай платформе не хацеў нічога рабіць, і ўвогуле быў пасіўны на занятках. І ў канцы курса ён стаў гуляць у квэст — і пачалася неверагодная актыўнасць! Трэба было рабіць заданні, каб атрымаць за гэта пэўныя “плюшкі” ў гульні. Здаецца, гэта быў першы раз, калі мы пабачылі, што ён нешта сам рабіў. “А мне яшчэ адзін, я яшчэ хачу, а праверце, а паглядзіце!” Мы ўсё адно знайшлі падыход, каб яго зацікавіў! Гэта натхняльна для нас, — прыводзіць прыклад Кацярына.

Як на ўроках матэматыкі вучацца салідарнасці

І яшчэ адзін важны момант — беларускі робяць стаўку на камандную працу. Каб дзеці не былі залежныя ад настаўніка, а ўмелі дапамагаць адно аднаму, падтрымліваць адно аднаго і самастойна рашаць задачы.

— Камандная праца — суперважная. Калі, напрыклад, вучань у школе апошні па адзнаках, ён адчувае сябе нейкім не такім. Але калі ён трапляе ў калектыў, дзе бачыць, што ёсць такія ж вучні, якія маюць такія ж праблемы і вырашаюць іх разам… Такім вучням робіцца прасцей. Гэта атмасфера, дзе яны могуць задаваць пытанні, іх ніхто не асуджае. Гэта дае свой плён, — упэўненая Каця.

Беларускі стварылі суперсучасны курс па матэматыцы для зумераў
Што кажуць пра нестандартныя ўрокі вучні

Алена ж згадвае свой рэпетытарскі досвед. З ёй побач вучні бліскуча спраўляліся з заданнямі, а ў школе перад дошкай ўсе веды быццам знікалі. Праца ў камандзе спрыяе большай самастойнасці, заўважыла Алена:

— Калі я займалася індывідуальным рэпетытарствам, я хутка зразумела, што быццам я прыйшла дапамагаць, але не дапамагаю, бо вучні пачынаюць больш залежаць ад мяне. Таму ў групках пачала рабіць так: спрабуй, а потым разбяромся. І, па-другое, — вельмі важна кожнаму мець магчымасць паказаць сябе ў групе. У школе часцей за ўсё атмасфера не спрыяе таму, каб сябе паказаць або зрабіць памылку. І для нас важна, каб вучні атрымлівалі іншы досвед: мелі магчымасць спрабаваць, нешта казаць, рабіць памылкі. І ведалі, што ты можаш зрабіць памылку — і над табой не будуць смяяцца.

Як дапамагчы?

Распрацоўка аднаго курса, які доўжыцца 1-2 месяцы, са складаннем заданняў для анлайн-падручніка і падрыхтоўкай метадычных матэрыялаў займае ў каманды амаль паўгода. Натхнення і жадання развіваць новую адукацыю ў дзяўчат не займаць. Але пакуль на гэтым не атрымліваецца зарабляць: найбольшае дасягненне — выйсці “ў нуль”.

Таму Алена і Каця запусцілі збор грошай для свайго адукацыйнага праекта. Яны просяць 10 тысяч еўра на прыкладна паўгода. Прасцей кажучы, дзяўчаты маглі б мець з гэтых грошай заробак, пакрываць выдаткі і развіваць тэхнічны бок працы, рэкламаваць сябе.

— Калі шукаць асноўную працу, тады наш праект ідзе на задні план. Мы разумеем, што можна рабіць інакш, даваць індывідуальныя заняткі і быць у плюсе — але гэта не тычыцца нашых ідэй. Нам важна іх захаваць. Улічваючы, што мы атрымліваем шмат водгукаў ад дзяцей, якія да нас да таго ж вяртаюцца, — кажуць дзяўчаты.

Дапамагчы праекту, дзякуючы якому матэматыка больш не пужае беларускіх дзяцей і вучыць іх самастойнасці і пачуццю пляча, можна тут.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі