Беспрацоўе, бруд, дарагія крамы. На што людзі скардзяцца будучым дэпутатам

Беспрацоўе, бруд, дарагія крамы. На што людзі скардзяцца будучым дэпутатам

8 студзеня — апошні дзень, калі можна вылучыцца кандыдатам у дэпутаты мясцовых саветаў. Яшчэ тыдзень таму на 18111 дэпутацкіх крэслаў прэтэндавалі ўсяго 7727 чалавек. Астатнія кандыдаты, па ўсім відаць, хадзілі па кватэрах і збіралі подпісы, неабходныя для вылучэння.

"Я ўжо ўсё сабраў!" — хваліцца гомельскі блогер Максім Філіповіч. Ролікі пра "дэкрэт аб дармаедах" і рэпартажы з пратэстных акцый зрабілі яго вядомым на ўсю Беларусь. Зараз Максім ідзе ў дэпутаты.

Беспрацоўе, бруд, дарагія крамы. На што людзі скардзяцца будучым дэпутатам
Максім Філіповіч

"Большасць адразу кажа, што ўсё марна. Маўляў, дэпутаты нічога не вырашаюць, вырашае адзін чалавек. Прычым, так мяркуюць і тыя, хто падпісваецца, і тыя, хто адмаўляе, — распавядае Еўрарадыё Максім Філіповіч. — А самая частая праблема, пра якую мне казалі, гэта беспрацоўе. Практычна ў кожнай кватэры — куды б я ні заходзіў — праца, праца, праца, праца... Хаця б нехта з сям'і — беспрацоўны, а іншыя працуюць за капейкі".

Экс-кандыдатка ў прэзідэнты Беларусі Таццяна Караткевіч ідзе ў дэпутаты Мінскага гарадскога савета па Заслаўскай выбарчай акрузе:

"Тыповая праблема для маёй акругі — двары. Іх утульнасць, камфортнасць менавіта для жыхароў. У іх няма адчування, што гэта — іх. Паркуецца шмат машынаў. Шмат дзе стаіць вада. Звонку ўсё прыгожа, а ўнутры — не ўсё".

Беспрацоўе, бруд, дарагія крамы. На што людзі скардзяцца будучым дэпутатам
Таццяна Караткевіч

Большасць праблем, з якімі выбаршчыкі звяртаюцца да Таццяны Караткевіч, маюць жыллёва-камунальны характар. Напрыклад, людзі пратапталі ў двары зручныя сцежкі, а камунальнікі ніяк не могуць іх заасфальтаваць. А надвор'е зараз такое, што даводзіцца ўвесь час скакаць па брудзе.

"Таксама праблемы, звязаныя з ушчыльненнем, застаюцца актуальнымі. Людзі, якія жывуць побач з Асмалоўкай, хацелі б даведацца пра свой лёс, будуць іх зносіць ці не".

Жыллёвыя ўмовы хвалююць людзей не толькі ў сталіцы. "Мая выбарчая акруга знаходзіцца ў працоўным квартале. У асноўным гэта пяціпавярховыя дамы. І амаль усе дамы я прайшла сама, — распавядае Еўрарадыё Алена Лінкевіч, якая балатуецца ў дэпутаты ў Рэчыцы. — Людзі, у асноўным, настроеныя скептычна. Бразгаюць дзвярыма: "Ай, надакучылі нам гэтыя дэпутаты, што мы ад іх бачым!". А праблемы паўсюль аднолькавыя. Дамы старыя, парковак для машын няма, дзіцячыя пляцоўкі ў дзіцячым стане. У пяціпавярховіках няма балконаў на першым паверсе. Людзі просяць пабудаваць "грыбкі", каб было дзе сушыць бялізну. Не проста нацягнуць вяроўкі, а пад дахам".

Беспрацоўе, бруд, дарагія крамы. На што людзі скардзяцца будучым дэпутатам
Алена Лінкевіч збірае подпісы. Фота з Facebook

Дзяніс Ціханенка, які балатуецца ў гарсавет па Асаналіеўскай выбарчай акрузе ў Мінску, кажа, што ўсе праблемы выбаршчыкаў можна падзяліць на дзве групы. Першая — натуральна, ЖКГ.

"А другая звязаная з інфраструктурай у акрузе (звычайна гэта такі невялікі мікрараён). У нашым выпадку гэта, найперш, праблемы транспартнага злучэння: не хапае аўтобусаў, інтэрвалы вялікія... Далей, адсутнасць крамаў у акрузе. Тут ёсць толькі "Радзівілаўскі", але ён параўнальна дарагі. Жыхары хочуць, каб крамаў было хаця б 2-3, а не адна. Таксама ўсіх хвалюе высечка дрэваў у звязку з будаўніцтвам трэцяй лініі метро".

Беспрацоўе, бруд, дарагія крамы. На што людзі скардзяцца будучым дэпутатам
Дзяніс Ціханенка ў студыі Еўрарадыё

У акрузе працуе вялікае і "бруднае" прадпрыемства — "Керамін". Скеміўшы, што экалагічнае пытанне вельмі займае тамтэйшых, некалькі месяцаў таму Дзяніс Ціханенка распачаў грамадскую кампанію "Нам патрэбен парк!" — гэта стала нефармальным пачаткам яго выбарчай кампаніі.

Андрэй Павук з мястэчка Кастрычніцкі ў Гомельскай вобласці праблемы, з якімі да яго звяртаюцца выбаршчыкі, запісвае на відэа і выкладае на Youtube. Атрымліваецца востра:

З такіх зваротаў Павук пабудаваў сапраўдны відэаблог — "Рудабелка прававая". Ён кажа, што вырашыў больш праблем жыхароў раёна, чым любы з дэпутатаў. Але пры гэтым свае шансы быць абраным у мясцовы савет Андрэй Павук лічыць роўнымі нулю.

"Калі казаць пра гульню па правілах сістэмы, дык няма шансаў. Але я не гуляю па гэтых правілах. Я вельмі папулярны чалавек — магу смела сказаць, што ў сваім мястэчку я самы вядомы актывіст. Я больш вядомы за ўсіх кіраўнікоў, таму што ўсе райвыканкамаўскія чыноўнікі — закрытыя людзі, яны не размаўляюць з народам".

Беспрацоўе, бруд, дарагія крамы. На што людзі скардзяцца будучым дэпутатам
Андрэй Павук. Фота з "ВКонтакте"

У іншай краіне папулярнасць дапамагла б Андрэю Павуку прайсці ў дэпутаты. Але мы жывем у Беларусі, таму паглядзім, ці будзе ўвогуле яршысты кандыдат дапушчаны да выбараў. Рэгістрацыя кандыдатаў пачынаецца 9 студзеня. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі