Біржа працы: “Прыходзіць жанчына за 50, ніколі не працавала, з судзімасцю”
Гутаркі пра закон аб дармаедах усцешылі тых, хто хоча знайсці працу, але нікуды не бяруць
Калі Аляксандр Лукашэнка загадаў ідэнтыфікаваць па краіне ўсіх дармаедаў, цыганка Зоя Ковач са Жлобіна ўзрадавалася. Яна хоча працаваць, але нікуды не бяруць.
“Лягчэй жыць было раней, нешта можна было прадаць: нейкія памады. А цяпер усё. Мы ўсе хочам на работу ісці, нават пенсіянеры, — скардзіцца на адсутнасць працы спадарыня Зоя. — Пайшла б хоць у калгас, хоць куды. Магу быдла карміць. Магу прыбіраць, посуд мыць. Нават кухара ў мяне ёсць здольнасці. Але нікуды не бяруць”.
Сям’я жыве ў старым прыватным раёне Жлобіна. Першай справай цыганкі просяць журналіста паспрыяць у пошуках працы і скардзяцца на дыскрымінацыю па нацыянальнай прыкмеце.
“Знайшла з нявесткай біржу па працаўладкаванні. Яны там пайшлі насустрач, далі тэлефон. Мы звонім. Я культурна пагаварыла. Сказалі: “Так, калі ласка, прыходзьце”. Сустракаемся, а нам кажуць: “Не-не, у нас няма месцаў”. Тады я да іх адправіла знаёмую беларуску. І ў яе адразу пачалі пытацца пра дакументы, уладкоўваць. І чым мы, скажыце, адрозніваемся? Мы што, звяры? Яны алкашоў бяруць, а мяне не. І такіх прыкладаў магу вам прынесці некалькі. І што нам рабіць? Забіваць, красці?”
За што выразалі сям'ю ў дэпрэсіўным раёне Жлобіна
Цыганская сям’я жыве ў маленькай старой хаціне. Толькі на падворку знаёмімся са спадарыняй Радай, роднай сястрой Зоі, Сузанай, Будулаем, Самантай, школьніцай Камілай. Гэта далёка не ўся сям’я. Здараецца, у адным пакоі начуе адначасова восем чалавек.
“Як толькі ўнучку ў школу адправіла, усе грошы з пенсіі і выдаткавала. А даюць мне 500 тысяч, — скардзіцца Зоя. — У Камілы па англійскай дзявяткі, дзясяткі. І настаўніца шкадуе. Я ёй кажу, добра вучыся, паступай куды-небудзь, і будзе прафесія. Не тое што мы! Мне 56 гадоў, і я цяпер каюся. Каб была для мяне цяпер школа, я б пайшла, каб прафесію атрымаць”.
Ці атрымае школьніца Каміла роўныя ўмовы ў параўнанні са сваімі аднагодкамі ― вялікае пытанне
Начальнік упраўлення Жлобінскага райвыканкама па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Алег Казлоў называе некалькі выпадкаў, калі прадстаўніцы цыганскай дыяспары знаходзілі сабе працу і добра сябе праяўлялі.
“Але ў Жлобіне я не ведаю ніводнага цыгана, які паступіў бы хаця б у вучылішча альбо тэхнікум. Дай Бог, каб такія былі, але я іх не ведаю, — дзеліцца назіраннямі чыноўнік. — Калі я яшчэ не працаваў начальнікам, гадоў дзесяць таму глядзеў па тэлебачанні адну праграму пра цыган. Там барон сказаў: “Нам Бог загадаў красці, ён нам гэта не забараняе”. І сапраўды, вазьміце інфармацыю ў міліцыі, колькі іх было асуджана за распаўсюджанне наркотыкаў. Я сам жыхар Жлобіна і з ранняга дзяцінства я на іх гляджу. Увесь час так было. Калі была магчымасць спекуляваць, красці, яны гэта рабілі. Потым — наркотыкі. І тут прыціснулі. Выходзіць, цыганы ўсё жыццё не хацелі працаваць, а потым выстаўляюць прэтэнзіі, што іх не бяруць на працу. Выстаўляецца ўсё гэта як бяздзейнасць улады”.
Начальнік аддзела садзейнічання ў працаўладкаванні і занятасці насельніцтва Марыя Лявоненка ў той жа час гаворыць, што з чэрвеня па жнівень сапраўды назіраўся ўсплёск зваротаў ад прадстаўнікоў цыганскай дыяспары. Але падабраць ім працоўнае месца не так проста.
“Мы не можам прымусіць працадаўцаў прымаць людзей на працу. У той жа час уявіце сабе: прыходзіць жанчына ва ўзросце 52 гадоў. Ніводнага года стажу. Некалькі судзімасцяў. І кажа: “Дайце мне працу і жыллё”. Таму пытанні ёсць. Хоць мы людзей па нацыянальнай прыкмеце не дзелім”.
Расказвае Марыя Лявоненка і пра канкрэтныя праблемы, якія перашкаджаюць цыганам у пошуках працы.
“Як правіла, яны не маюць адукацыі. А сёння некваліфікаваная праца — гэта зарплата да двух мільёнаў і пры гэтым пяцідзённы працоўны тыдзень. Пайсці на навучанне яны не могуць, бо не маюць адукацыі. Калі мы тлумачым сітуацыю і паказваем вакансіі, людзі часта адмаўляюцца. А ў нас па заканадаўстве, калі ёсць адмова па дзвюх прапановах, з уліку беспрацоўных мы чалавека здымаем. Праблема не толькі ў заработнай плаце. Калі яны прыходзяць, часта то пашпарта няма, то таго, то гэтага. А кожнага вадзіць за руку нерэальна”.
Станавіцца на ўлік беспрацоўных істотнага сэнсу няма. Фінансавая дапамога ў такім разе ўсяго ад 150 да 300 тысяч рублёў у месяц.
Так, Зоя Ковач расказала журналісту і пра тое, што некалі мела судзімасць за крадзяжы. Зрэшты, як і яе сястра і дачка. Але пакаранне ўсе панеслі, і ставіць на людзях кляймо праз судзімасці — неталерантная справа. Да таго ж гаворка ж вядзецца пра працу, а не пра тое, каб, скажам, пазычыць людзям грошы. Відавочна адно: няўвага да праблемы беспрацоўя сярод цыганоў яшчэ больш падштурхоўвае “дзяцей сонца” да парушэння законаў.