Брэсцкую крэпасць на купюры не вернуць?
З 1 ліпеня Брэсцкая крэпасць знікне з беларускіх грошай. За час абарачэння купюра ў 50 рублёў абясцэнілася ў 50 разоў.
Купюра наміналам у 50 рублёў выходзіць з абароту. Але на ёй — Брэсцкая крэпасць — памятны мемарыял Вялікай айчыннай вайны.
Ці адновяць Брэсцкую крэпасць на новых грошах, цікавімся ў Нацбанку.
"Пакуль пра гэта няма ніякай інфармацыі, як няма і планаў друкаваць новыя грошы ў бліжэйшы час", — каротка адказваюць у галоўным банку краіны.
У Брэсцкай крэпасці, дзе цяпер музей, пра планы банкіраў ведаюць. І просяць аднавіць выяву крэпасці на новых купюрах хаця б праз год ці два.
"Трэба пераносіць на іншую купюру. Бо гэта адзін з сімвалаў рэспублікі. Пасля ўжо з'явіліся іншыя сімвалы. Можа, не ў гэтым годзе гэта будзе створана, але добра, каб гэта было магчыма", — адказваюць на планы Нацбанка ў Брэсцкай крэпасці.
"Зоймемся пытаннем", — рэагуюць на знікненне крэпасці-героя з грошай у Беларускім грамадскім аб'яднанні ветэранаў. Тут заўважаюць, што пытанне змяшчэння крэпасці на купюрах лагічнае.
"Трэба думаць, чаму грошы абясцэньваюцца, а не выявы з купюр знікаюць", — адразу ставіць пытанне ветэран Вялікай айчыннай вайны Фелікс Шкірманкоў. — Калі там Брэсцкая крэпасць і яе выводзяць з абароту, пэўна, такое стаўленне да памяці часоў пачатку вайны. Але чаму прыйшлі да таго, што трэба выводзіць гэтую купюру? Нават за 100 рублёў ужо нічога не набудзеш. І што робіцца, каб умацаваць гэтыя грошы? Вось гэта больш важныя пытанні".
Купюру ў 50 рублёў увялі 1 студзеня 2000 года. Тады яна каштавала 15 цэнтаў. Цяпер 50 рублёў — гэта 0,3 цэнта. За 15 гадоў патаннела ў 50 разоў. Дарэчы, гэта не першая купюра з выявай мемарыяла Другой сусветнай, якую вынялі з абароту.
У 2001 годзе у крамах перастаюць прымаць купюру ў 200 рублёў з выявай Плошчы перамогі ў Мінску. На адваротным баку купюры быў герб пагоня, а выкарыстоўвалі гэтыя грошы яшчэ да апошняй дэнамінацыі. Сталічную Плошчу перамогі на беларускіх грошах так і не аднавілі.
Фота: Еўрарадыё