Чалы: у Лукашэнкі з'явіўся гарызонт планавання — 2025 год

Выбарчы ўчастак у 2020 годзе / Еўрарадыё​​
Выбарчы ўчастак у 2020 годзе / Еўрарадыё​​

Незалежны аналітык Сяргей Чалы лічыць, што ў Лукашэнкі з'явіўся пэўны часавы гарызонт.

— Калі раней гэта мысленне было дзень прастаяць ды ноч пратрымацца, то цяпер гэты часавы гарызонт — 2025-ы год. Заканчэнне тых паўнамоцтваў, якія пастаянна прапісваюць.

Чаму 2025? Цалкам выразна зразумела, што ідзе такая гонка "на лафетах". Таму што ў Пуціна ў 2024 годзе мінаюць паўнамоцтвы. Значыць ідэя Лукашэнкі хаця б на год пераседзець Пуціна. Ён сапраўды так абнавіў сабе тэрміны, і ў 2024 годзе вісіць інтрыга ці будзе ён туды [у прэзідэнты. — Еўрарадыё] вылучацца, ці не.

Нічога дзіўнага ў такіх паводзінах Пуціна няма, звычайны чэкізм — "нікому нічога не распавядаць і не паказваць". Але ў Лукашэнкі неадчэпная ідэя — "хоць неяк, але пераседзець Пуціна".

Яшчэ адзін важны нюанс, які я вычытаў у Пастухова на "Эхо Москвы". Цікавая думка, з якой мабыць, я гатовы пагадзіцца. Ён кажа пра тое, што вопыт Казахстана паказвае, што не працуе нават карыкатурнае двоеўладдзе.

І вось ён знаходзіць гістарычныя прыклады, кажа, што гэта як раз тое самае карыкатурнае двоеўладдзе, калі былі часы Івана Грознага і Сімяона Бекбулатовіча. Але галоўнай была не столькі ўлада манархіі і грамадзянская, колькі ўлада апрычніны. Што без Малюты Скуратава і Федзькі Басманава не працуе сістэма, якая забяспечвае цэласнасць улады.

Многія могуць пачаць ўжываць гэтую думку ўжо датычна беларускага досведу. Выснова такая: не працуе сістэма перадачы ўлады і нават карыкатурнага, "паркетнага" двоеўладдзя без наяўнасці апрычніны. Таму з пункту гледжання гістарычных аналогій, з пункту гледжання дызайнераў гэтай Канстытуцыі, нельга забяспечыць пераемнасць, якая на самай справе ніякай пераемнасцю не з'яўляецца, а з'яўляецца фактычна працягам існавання гэтых людзей ва ўладзе.

Чалы дадае, што дэкрэт аб Савеце бяспекі вельмі падобны на дэкрэты савецкіх часоў.

Я яго падрабязна разбіраў і называў "дэкрэтам аб мёртвай руцэ". Сэнс у тым, што ў савецкія часы была такая сістэма зваротнага ўдару. У выпадку, калі гінуць нават кіруючыя органы ў Крамлі, у Маскве і савецкая партыйная вярхушка знішчаная, гэтая сістэма аўтаномна наносіць непрымальную шкоду імавернаму або "неймавернаму", сапраўднаму суперніку. Вось гэтыя ідэі пераносяцца ў Канстытуцыю.

Дзе таксама аказваецца, што ў выпадку, калі Лукашэнка будзе адхілены тым ці іншым спосабам, не звязаным з імпічментам, а з якіх-небудзь іншых прычынаў, прапаў або скралі, памёр, "сышоў у манастыр", тады ўся паўната паўнамоцтваў пераходзіць да Савета бяспекі. І ніякім чынам гэта не транзіт і, вядома ж, гэта не той варыянт, які можна было б прадаць Расіі ці Захаду.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі