Чаму Ціханоўская не прыехала ў Кіеў на канферэнцыю палка Каліноўскага?
Полк Каліноўскага
Прадстаўнік Офіса Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка патлумачыў у эфіры Еўрарадыё, чаму Анатоль Лябедзька не паставіў подпіс пад выніковай дэкларацыяй, якую хацелі прыняць на канферэнцыі палка Каліноўскага.
Канферэнцыя праходзіла ў Кіеве 29-30 лістапада. Лябедзька на канферэнцыі прадстаўляў Офіс Ціханоўскай.
Лябедзька не меў права паставіць свой подпіс
— Пра падпісанне дакументаў не дамаўляліся — гэта была імправізацыя падчас канферэнцыі. І Анатоль Лябедзька як прадстаўнік структуры не можа прымаць такое рашэнне [аднаасобна]. Звычайна, калі гэта шматбаковае пагадненне, гэта або ўзгадняецца загадзя, або перамовы ў працэсе ідуць на вышэйшым узроўні.
Вячорка тым не менш лічыць, што гэта не праблема, а "арганізацыйныя дэталі". Ён упэўнены, што тут важная не прыгожая карцінка з падпісаннем, а вынік. І запэўнівае, што тыя дамоўленасці, якія былі дасягнутыя падчас канферэнцыі, будуць выконвацца.
— Не трэба за гэта перажываць, проста наступным разам усё будзе арганізавана лепшым чынам.
Франак не лічыць, што тэме падпісання і непадпісання дакументаў варта надаваць столькі ўвагі хоць бы таму, што ў дэкларацыі няма нейкіх нечаканых заяў.
— Гэта агульная дэкларацыя пра тое, што і так робіцца. Мы змагаемся за вольную Беларусь і пераможам лукашызм і Расію.
Безумоўна, частка з дакументамі была няўзгодненая і недапрацаваная. Але цяпер нішто не перашкаджае гэта дарабіць. Важна, што будзе пасля [канферэнцыі], а не прыгожая карцінка на сцэне, якую проста не падрыхтавалі.
<...>
— Так, настрой быў негатыўны, але гэта — арганізацыйная хіба. Трэба было паведаміць, што будзе такая частка: падпісанне дакументаў. Мы пра гэта не дамовіліся, і гэта быў сюрпрыз для тых, хто прыехаў, таму і склалася непрыемная сітуацыя.
Але чаму Ціханоўскай не было ў Кіеве?
Аднак ўзнікае пытанне: а чаму Святлана Ціханоўская не прыехала на канферэнцыю асабіста? Бо гэта вырашала б падобныя неспадзяваныя цяжкасці.
— Не было такой мэты. І Украіна прасіла пачакаць, зараз вельмі складаны для іх момант, каб рабіць нейкія публічныя ангажаванні з дэмсіламі Беларусі.
Але Анатоль Лябедзька сустракаўся з Міхаілам Падаляком, і, магчыма, правядзе некаторыя сустрэчы ў бліжэйшыя тыдні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.