Чаму Хоцімску даюць ільготы, а Драгічыну — не?
Пры гэтым па сярэднім заробку, колькасці стратных прадпрыемстваў і беспрацоўных гэтыя раёны амаль не адрозніваюцца.
8 чэрвеня кіраўнік краіны падпісвае указ №235 “Аб сацыяльна-эканамічным развіцці паўднёва-усходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці”. З 1 ліпеня сем раёнаў атрымліваць неслабыя бонусы.
Хто?
Клімавіцкі, Касцюковіцкі, Краснапольскі, Крычаўскі, Слаўгарадскі, Хоцімскі і Чэрыкаўскі раёны. Агулам там жыве каля 130 тысяч чалавек.
Што атрымалі?
Льготы. Падаходны падатак памерам 10% (як у праграмістаў з нашай “сіліконавай даліны”) да канца 2020 года. Камерцыйныя фірмы і прадпрымальнікі — 24% выплаты ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (замест 30% па ўсёй краіне). І (самая шалёная прапанова) крэдыт на будаўніцтва і рэканструкцыю жылля на 20 гадоў пад… 1% (адзін!). Праўда, пасля атрымання крэдыту трэба будзе пражыць у рэгіёне не менш за 10 гадоў. Але што не зробіш, калі хочацца свой дом атрымаць. Тым больш амаль задарма. За дзесяць гадоў інфляцыя ад атрыманай у крэдыт сумы пакіне толькі рожкі ды ножкі. Хіба што, цуд эканамічны здарыцца.
Якія заробкі?
Вось што паведамляе сайт Белстата, дзе яшчэ можна даведацца праўду. З усіх абдораных ільготамі раёнаў самы высокі сярэдні заробак у Касцюковіцкім — 5 мільёнаў 339 тысяч (дадзеныя за студзень—красавік 2015). Самы нізкі — у Слаўгарадскім, там людзі за месяц працы атрымліваюць каля 4 мільёнаў 416 тысяч. У іншых раёнах “паўднёвага усходу” заробак 4,4—5 мільёна. То бок сярэдні па рэгіёне — каля 4,7 мільёна. Няшмат, што хаваць. Асабліва калі з Мінскам параўноўваць.
Якія прадпрыемствы?
Зноў Белстат. Калі яму верыць, то ў студзені—красавіку блізкая да катастрофы сітуацыя назіралася ў Хоцімскім раёне. Тут ажно 30,8% прадпрыемстваў былі стратнымі. У іншых раёнах нашмат лепш: Клімавіцкі — 3,7%, Слаўгарадскі — 10,5%, Чэрыкаўскі — 6,7%. Ну і гэтак далей.
Беспрацоўе?
З ім, як і паўсюль у краіне, амаль фантастыка. У Клімавіцкім, Краснапольскім і Слаўгарадскім раёнах самае вялікае — 1,3%. У Хоцімскім — каля 0,5%. У прычынах беларускага працоўнага феномену разбірацца не будзем, але працы ў льготным рэгіёне хапае ўсім.
Самае цікавае — наколькі льготны рэгіён горшы за іншыя раёны краіны?
І гэта насамрэч самае цікавае! Адкрываю той жа статыстычны бюлетэнь “Рэгіёны Беларусі”. Белстат, Мінск, травень 2015. Тыкаю пальцам у Іванаўскі раён Брэсцкай вобласці і маю: сярэдні заробак 4,8 мільёна, колькасць стратных прадпрыемстваў — 18,8%, беспрацоўе — 1,3%. Гляджу статыстыку Драгічына — там таксама ўсе лічбы для прэзідэнцкага указа: заробак — 4,5 мільёна, колькасць стратных прадпрыемстваў — 23,5%, беспрацоўе — 0,9%. Пасля Ганцавічаў (4,4 мільёна, 17,4% і 1,5% адпаведна) глядзець статыстыку па Віцебскай, альбо Гомельскай абласцях жаданне прападае.
“Вядома, патрэбны! Магчыма, моладзь застанецца”
У аддзеле ідэалогіі Чэрыкаўскага райвыканкама Еўрарадыё патлумачылі, што Магліёўскі аблвыканкам ужо распрацаваў план мерапрыемстваў праграмы — усё пад кантролем. “Мы ўсё ж пацярпелі ад Чарнобыльскай трагедыі, гэта не лішняя праграма для нас… Магчыма, моладзь будзе заставацца жыць у раёне, а не з’едзе. Тут стане танней. Гэта вельмі добра. Магчыма, людзі пачнуць прыязджаць жыць да нас”, — расказваюць Еўрарадыё.
Вядома, пачнуць. Асабліва ахвотна з Ганцавічаў ці Драгічына, дзе, калі верыць Белстату, і заробкі меншыя, і радыяцыйнае забрудненне, на дзіва, таксама ёсць.
Колькі ўсё шчасце каштуе
Дакладных лічбаў, колькі бюджэту будуць каштаваць ільготы для паўднёва-усходніх раёнаў Магілёўшчыны, няма. БелТА называе нешта каля 2 трыльёнаў 520 мільярдаў — амаль 170 мільёнаў долараў па курсе пачатку чэрвеня. Нічога, можна і скінуцца.