Чаму курыны фарш каштуе 100 тысяч рублёў?
Бо беларусы перайшлі на курыцу — праз падаражанне свініны.
Гарадзенка Рамуальда Юхневіч здзіўляецца цуду цэнаўтварэння на фарш у краме: на вітрыне гіпермаркета “Алмі” курыны фарш за 100 800 рублёў!
“Два месяцы таму фарш каштаваў 63 000 рублёў, два тыдні таму — 83 000 рублёў, тыдзень таму гэты ж фарш каштаваў 93 000. А ўчора ўжо 100 800 рублёў. І каб жа смак быў іншы, а так фарш неяк змяняўся? Дык не, па смаку такі ж!” — выказваецца дзяўчына.
Нават у Мінску фарш таннейшы! Самы дарагі курыны фарш у краме “Гурман” каштуе 82 000 рублёў. А прадавачка мінскага “Еўраопта” Вольга ў такія цэны на курыны фарш проста не верыць!
“У нас фарш “Курыны люкс” — 72 тысячы. Ну як гэта магчыма, калі кура каштуе 32 тысячы за кіло?” — дзівяцца ў Мінску. У Гомелі, Магілёве, Баранавічах, Наваполацку фарш каштуе 59 900 — 69 900 рублёў за кіло. Даражэй за ўсё — у сталіцы ды Гародні.
У гарадзенскім “Алмі” спасылаюцца на праблему з пастаўкамі кураціны цягам апошняга месяца:
“Мы не змянялі гандлёвай надбаўкі некалькі тыдняў! Рэч у тым, што нам замест курыцы цяпер прывозяць раздзелку. А яна, натуральна, даражэйшая! Вось адсюль і цана. Мы ж самі можам разабраць куру, і так выходзіць танней”, — тлумачаць у краме.
“Мы, груба кажучы, замаўляем тону, а нам прывозяць толькі 500 кілаграм. Магчыма, на Расію вывозяць? Некалькі месяцаў таму такая ж праблема была са свінінай”, — здаюць пастаўшчыкоў.
На Скідзельскай птушкафабрыцы заўважаюць, што адпускныя цэны на курыцу не змяняліся цягам месяца. Але ўнутраны рынак адчувае недахоп курыцы, попыт на якую павялічыўся праз тое, што цэны на свініну рэзка выраслі.
“Болей, чым вы вырабляем, а гэта каля 10 тон раздзелкі ў суткі, мы не можам перарабіць, бо не хапае людзей. Скідзель — 10 тысяч жыхароў, працаздольнага насельніцтва — 4-5 тысяч. У нас працуе 2,5 тысячы жыхароў. А ў горадзе яшчэ цукразавод, медпрэпараты! Заробак 100% вышэйшы за 5 мільёнаў. Мы людзей возім за 60 кіламетраў, у нас аўтобусаў больш, чым у аўтапарку! — кажа пра набалелае начальнік аддзела збыту Скідзельскай птушкафабрыкі Андрэй Урублеўскі. — Ды што казаць, я сам езджу з Гродна, а гэта 30 кіламетраў”.
Акрамя гэтага, птушкафабрыцы выгадней прадаваць курыцу ў Расію.
“На 15% тушка даражэйшая ў Расіі, чым у нас. Мы вельмі стараемся забяспечыць унутраны рынак, але прыкладна 50% нашай прадукцыі ідзе ў Расію”, — не хавае Андрэй Урублеўскі.
Застаецца дадаць, што са студзеня па жнівень цана паўфабрыкатаў з мяса курыцы вырасла на 20%, а свініна — на 35%.