Чым адзначыліся "таленавітыя маладыя навукоўцы", якіх заахвоціў Лукашэнка?
Паглядзелі, каго заахвоціў Лукашэнка
Некалькі дзён таму Лукашэнка прысудзіў стыпендыі маладым навукоўцам. Яны былі ўручаныя 74 спецыялістам у розных сферах дзейнасці.
Як адзначаецца ў распараджэнні, "атрыманыя вынікі маюць высокую навуковую значнасць і спрыяюць сацыяльна-эканамічнаму развіццю Беларусі".
Еўрарадыё вывучыла, якім сферам навукі была нададзеная найбольшая ўвага, і разгледзела некаторыя выпадкі асобна.
У "заахвочвальным" распараджэнні былі прадстаўленыя фізіка-матэматычныя, тэхнічныя, хімічныя, біялагічныя, медыцынскія, аграрныя, сацыяльныя і гуманітарныя навукі.
Адзначым, што менш за ўсё стыпендыятаў аказалася ў галіне хіміі. Ці значыць гэта, што беларуская хімія перастала развівацца? Пытанне дыскусійнае. Але раскажам пра іншыя, самыя, на нашу думку, цікавыя працы.
Напрыклад, Антона Ананчыкава, загадчыка лабараторыі Аб'яднанага інстытута машынабудавання НАН Беларусі, узнагародзілі стыпендыяй за распрацоўку электрагідраўлічнай сістэмы трактара. Дзякуючы ёй дакладнасць выканання аперацый павысілася аж на пяць адсоткаў. Балазе, аграрыі ў Беларусі працуюць на славу, у адрозненне ад хімікаў.
Ірына Трасцьян, дацэнтка з педуніверсітэта імя Максіма Танка, распрацавала мадэль сістэмы мясцовых органаў улады на тэрыторыі Беларусі ў 1772—1917 гадах. Даследаванне "дазваляе вызначыць прававы статус беларускіх зямель у складзе Расійскай імперыі, што істотна ўзбагачае веды па гісторыі беларускай дзяржаўнасці".
Цікава, пра якую дзяржаўнасць можа ісці гаворка пры татальнай русіфікацыі мясцовага насельніцтва ў тыя гады? Дарэчы, гэтыя даследаванні ўжо ўкаранёны ў школьныя і і ўніверсітэцкія праграмы.
Сярод сацыёлагаў вылучаецца Мікіта Браўчук, які на аснове сабраных звестак вызначыў індыкатары гістарычнай памяці беларускага грамадства. Адзначаецца, што яго даследаванне можа быць выкарыстанае для фармавання ўсвядомленай грамадзянскай пазіцыі і паважлівага стаўлення да гістарычнага мінулага. Вось так. А ў вас грамадзянская пазіцыя ўжо сфармаваная?
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.