Ці будзе за каго галасаваць на мясцовых выбарах?
Складаецца ўражанне, што апазіцыя ашчаджае рэсурсы, бо не верыць у поспех на мясцовых выбарах — нягледзячы на тое, што ўлады "прапусцілі" двух апазіцыйных дэпутатаў у парламент. Пры гэтым апазіцыя не ігнаруе выбары цалкам. Што прынясе такая стратэгія? Ці не "спрацуе" ўдзел апазіцыійных палітыкаў у выбарах на карысць уладам? Чаму апазіцыйныя структуры, якія ідуць на выбары, не хочуць дамаўляцца і размяркоўваць сваіх кандыдатаў па розных акругах? Абмяркоўваем гэтыя пытанні з палітолагам Юрыем Чавусавым.
Ці шмат кандыдатаў выставіць на выбары апазіцыя?
Ад грамадскай кампаніі "Наперад, Беларусь!" на выбары пойдзе блізу 10 кандыдатаў. Аб'яднаная грамадзянская партыя, што ўваходзіць у правацэнтрысцкую кааліцыю, заяўляе пра 75 кандыдатаў, а грамадскае аб'яднанне "Гавары праўду!" — пра 120. Партыя БНФ не паведамляла меркаваную колькасць кандыдатаў. Па досведзе мінулых мясцовых выбараў яна можа вылучыць у дэпутаты каля 40 чалавек.
Юрый Чавусаў: "Энтузіязм у дачыненні да гэтай выбарчай кампаніі ў апазіцыйных структур значна меншы, чым быў раней. У 2010 і ў 2014 гадах апазіцыя агулам вылучыла прыкладна па 300 кандыдатаў. Цяпер, мяркую, гаворка будзе ісці пра 200 кандыдатаў. Так што, памяншэнне будзе. Але казаць, што яно будзе нейкае радыкальнае, нельга".
Чаму тады апазіцыя не байкатуе выбары?
Удзельнічаючы ў выбарах, апазіцыйныя палітыкі падцягваюць на выбарчыя ўчасткі сваіх прыхільнікаў, спрашчаючы Цэнтрвыбаркаму "забеспячэнне" яўкі. Да таго ж, выбары, у якіх удзельнічаюць апазіцыянеры, робяць уражанне больш дэмакратычных, чым выбары, якія байкатуюцца.
Юрый Чавусаў: "Байкот, скіраваны тэхнічны зрыў выбараў у мясцовыя саветы, увогуле немагчымы, бо на іх няма парога яўкі. Ігнор у сённяшняй сітуацыі не самая папулярная тактыка. Ёсць двое дэпутатаў, якія трапілі ў парламент, і гэта моцны штуршок: калі іх прапусцілі, дык, можа, і на выбарах у мясцовыя саветы каго-небудзь прапусцяць? Але бачна, што гэты матывацыйны фактар не адыгрывае вырашальнай ролі. Лакальныя лідары па-ранейшаму не гараць жаданнем забяспечваць нейкія суперкампаніі ў сваіх акругах.
Да таго ж, мне ўвогуле цяжка ўявіць, што апазіцыйных дэпутатаў увогуле пусцяць у мясцовыя саветы, бо гэта зона адказнасці канкрэтных кіраўнікоў выканкамаў. Без вельмі жорсткага загаду з Адміністрацыі [прэзідэнта] яны не будуць дапускаць у мясцовыя саветы нейкіх шчупакоў-апазіцыянераў. Бо загады загадамі, а мясцовым уладам жа пасля давядзецца неяк жыць з імі".
Ці паўплывае аўтарытэт больш-менш вядомых беларускіх палітыкаў на вынікі выбараў?
Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая збіраецца падтрымаць вылучэнцаў ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі і кампаніі "Наперад, Беларусь!", а колішняя кандыдат у прэзідэнты Таццяна Караткевіч сама паспрабуе трапіць у Мінгарсавет.
Юрый Чавусаў: "Улады не хочуць узмацняць сілу суб'ектаў, якія здабылі нейкі статус падчас папярэдніх выбарчых кампаній. Удзел спадарыні Караткевіч у прэзідэнцкіх выбарах быццам бы гарантаваў ёй поспех на выбарах у парламент. Але не — дэманстратыўны шчаўчок па носе... Цяпер, калі раптам будуць дапускаць прадстаўнікоў апазіцыі ў мясцовыя саветы, гэта дакладна не будуць тыя суб'екты, якіх "прыўзнялі" падчас парламенцкіх выбараў. Думаю, гаворка можа ісці хіба што пра лакальных лідараў".
Чаму апазіцыйныя структуры не хочуць дамаўляцца і размяркоўваць сваіх кандыдатаў па розных выбарчых акругах?
На некаторых участках, адбіраючы галасы адно ў аднаго, будуць балатавацца двое ці нават больш апазіцыйных кандыдатаў. А на іншых участках іх не будзе ўвогуле, і выбаршчык, які і хацеў бы выказаць давер апазіцыі, не зможа гэтага зрабіць.
Юрый Чавусаў: "Я пагадзіўся б з вашымі заўвагамі, калі б гаворка ішла пра якую-небудзь іншую краіну, дзе галасы сапраўды лічаць, і ў выніку гэтых падлікаў змяняецца мясцовая ўлада. У Беларусі ж ваша логіка не мае ніякага значэння. Апазіцыйныя партыі кажуць, што вылучаюць сваіх кандыдатаў не для здабыцця дэпутацкіх мандатаў.
Да таго ж, "разыгрываецца" некалькі тысяч мандатаў. Іх вельмі шмат, нават калі лічыць толькі саветы высокага ўзроўню — абласныя, Мінскі гарадскі савет. Таму сітуацыя, калі двое (а тым больш трое) апазіцыйных кандыдатаў будуць канкураваць на адным участку, будзе рэдкім выключэннем. Пашчасціць тым выбаршчыкам, якія ўбачаць там хаця б аднаго апазіцыйнага кандыдата".
Ці маюць шансы на месцы ў мясцовых саветах апалітычныя кандыдаты?
Напрыклад, раскручаныя блогеры накшталт Антона Матолькі.
Юрый Чавусаў: "Ведаю, што ў Мінску будзе балатавацца вядомы гарадскі актывіст Віктар Янчурэвіч. Але паўтаруся: "шчупакоў" ніхто не хоча пускаць у мясцовыя саветы. Па досведзе 2010 года, калі і пройдзе нехта больш-менш апазіцыйны, дык пра іх дзейнасць у якасці дэпутатаў мы нічога не пачуем. А калі прапусціць Матольку, прапусціць Філіповіча ці Янчурэвіча, гэта азначае прапусціць у мясцовыя саветы рэальны голас грамадства. Не думаю, што мясцовыя ўлады на гэта пойдуць".
Як перамагчы абыякавасць, якую людзі адчуваюць у дачыненні да мясцовых выбараў?
Людзі не адчуваюць, што ад выбараў залежыць колькасць грошай у іх кашальках.
Юрый Чавусаў: "Лідзія Ярмошына анансавала яўку ў 80%, і гэтая лічба выклікае смех нават у сябраў камісій, якія рэальна гэтую лічбу забяспечваюць. Але звычайна прагнозы Лідзіі Міхайлаўны спраўджваюцца. Казаць пра яўку ў 80% у Мінску... Я люблю заўважаць, што для лакальных выбарчых камісіяў забеспячэнне яўкі на мясцовых выбарах патрабуе нават большых высілкаў, чым на парламенцкіх ці прэзідэнцкіх выбарах. Бо ў Мінску ўчасткі натуральна стаяць пустыя, а пасля выбарчыя камісіі заяўляюць: з'явілася 80%.
Мы гаворым пра палітычны працэс, пра выбары. Ім надаюць драйву выбаршчыкі, а не ўдзел Антона Матолькі ці Ганны Бонд. А для гэтага выбары павінны быць сапраўднымі. Там мусіць адбывацца рэальны падлік галасоў. Пакуль не знікнуць двухкоссі, якія мы маем на ўвазе, калі кажам пра выбарчыя кампаніі ў Беларусі, і цікавасці з боку людзей да іх не будзе".