Дамашнія роды вачыма акушэркі і мамы, якая двойчы нарадзіла дома
17 лютага ў Віцебску пасля дамашніх родаў памерла дзяўчынка. 31-гадовая парадзіха ў выніку была асуджаная на паўгода зняволення ў калоніі-пасяленні. Днямі пасля дамашніх родаў памерла 29-гадовая жанчына і дзве дзяўчынкі-блізняткі з Беразіно.
2 кастрычніка дэпутат Палаты прадстаўнікоў Анатоль Дашко кажа пра неабходнасць прымаць меры супраць жанчын, якія нараджаюць дзяцей у дамашніх умовах: “Чалавек бярэ на сябе занадта вялікую адказнасць, калі вырашае нараджаць дома, у тым ліку і за жыццё дзіцяці”, — тлумачыць дэпутат, які ў мінулым быў галоўным урачом Брэсцкага абласнога раддома.
Акушэр: “У стацыянары дапамога аказваецца аўтаматычна. Людзі да гэтага прызвычаіліся і не разумеюць, што нават дробязі амаль немагчыма выправіць у хатніх умовах”.
Акушэр-гінеколаг адной са сталічных паліклінік у размове з Еўрарадыё некалькі хвілін пералічвае ўскладненні, якія могуць стаць крытычнымі падчас дамашніх родаў: можа быць крывацёк, можа спатрэбіцца стымуляцыя родаў, праз адсутнасць умоваў у дамашніх родах можна падхапіць інфекцыю, можа здарыцца неабходнасць уручную аддзяляць паслед (плацэнта разам з абалонкамі плоду), што немагчыма ў хатніх умовах; у дзіцяці можа быць кіслародная недастатковасць, траўмы падчас родаў, адслойка плацэнты, бывае экстраная неабходнасць у рэанімацыі…
“Гэта тое, што прыходзіць у галаву адразу, але і гэтага дастаткова, каб прывесці да страшных наступстваў, — кажа акушэр. — У стацыянары дапамога аказваецца аўтаматычна. Людзі да гэтага прызвычаіліся і не разумеюць, што нават гэтыя дробязі ў большасці выпадкаў амаль немагчыма правесці ў дамашніх умовах”.
Мама: “Я не ведаю ніводнай жанчыны, якая б пасля дамашніх родаў сказала: “Ой, жах! Больш ніколі не буду нараджаць!”
“Асабіста я ведаю каля 50 дзяцей у Мінску, якія дакладна нарадзіліся дома, — кажа Наста, якая абодвух сваіх дзяцей нарадзіла ў хатніх умовах. — Я бачу, як яны растуць, я ведаю іх матуль. І я не ведаю ніводнай жанчыны, якая б пасля дамашніх родаў сказала: “Ой, жах! Больш ніколі не буду нараджаць!”. А вось пасля радзільні гэта даволі частая з’ява. Нарадзілі дзіця і потым паўжыцця баяцца падумаць пра наступныя роды. Гэта ўжо не кажучы пра тое, што, на мой погляд, дзіцяці значна лепей, калі яго пасля нараджэння нікуды не забіраюць, калі яго не кормяць сумессю, калі яно знаходзіцца ўвесь час з маці і атрымлівае матчына малако”.
Наста наважылася на дамашнія роды, бо лічыць іх больш бяспечнымі і камфортнымі. Упэўненасці дадала гісторыя, калі цяжарная Наста занепакоілася пра дзіця і выклікала хуткую. Ёй сказалі, што ўсё ў парадку, але ўсё роўна паклалі ў лякарню… у калідор… на канапу, куды не ўмяшчаліся ногі, і далі адразу чатыры таблеткі. Наста напісала адмову ад шпіталізацыі і з’ехала дамоў, выслухаўшы абразы і крыкі дактароў лякарні, а потым і раённай паліклінікі. Натуральна, што рашэнне нараджаць дома не было б прынятае, калі б не знайшлася акушэрка, якая на сваю рызыку “падпольна” сачыла за працэсам.
Фота: birthbydesigndoulas.com
Мама: “Трэба даць магчымасць афіцыйна запрасіць акушэрку дамоў ды паставіць пад пад’ездам рэанімабіль”
“Мы з мужам хадзілі на курс партнёрскіх родаў, бо першапачаткова планавалі нараджаць разам, і там была адна лекцыя прысвечаная ўмовам, — распавядае Наста. — Акушэрка паказвала нам фільм пра еўрапейскія радзільні, дзе можна выбіраць позу для родаў, дзе можна хадзіць, быць з мужам. Сама акушэрка казала, што дома нават сцены дапамагаюць, каб мы не спяшаліся ў радзільню, каб дачакаліся больш частых схватак. Бо амаль у кожнай парадзіхі, якая пераступае парог радзільні, родавая актыўнасць заціхае. Бо гэта стрэс, бо невядома, што адбываецца, бо не ведаеш, што рабіць. А адсюль, зразумела, і адпаведны стан жанчыны пасля родаў, і сям’і, і дзіцяці”.
Наста не настойвае на дамашніх родах для ўсіх, але лічыць, што ў кожнага павінен быць выбар. Няхай гэта будзе дарагая паслуга, але, каб у кожнага была магчымасць афіцыйна запрасіць акушэрку дамоў ды паставіць пад пад’ездам рэанімабіль.
Акушэр: “Чалавек мусіць вельмі дакладна разумець, на што ён ідзе. А такіх людзей, якія сапраўды разумеюць усе рызыкі, не шмат”
Супрацоўніца адной са сталічных паліклінік не раіць нараджаць дома, “бо бачыла, што бывае і чым гэта можа скончыцца”. Але яна супраць магчымай крымінальнай адказнасці за дамашнія роды.
“Чалавек мусіць вельмі дакладна разумець на што ён ідзе, — кажа акушэр. — А такіх людзей, якія сапраўды разумеюць усе рызыкі, не шмат. Але, калі чалавек гатовы рызыкнуць, то гэта яго права. Уводзіць за гэта крымінальную адказнасць, мне падаецца, няапраўдана”.
На думку доктара, нават прысутнасць акушэра падчас дамашніх родаў не выратуе сітуацыю, бо для ўсіх магчымых сітуацый патрэбнае адпаведнае абсталяванне. Нават калі ўявіць, што гэтае абсталяванне будзе дастаўляцца ў кватэру разам з доктарам, то гэтага ўсё роўна будзе недастаткова, бо патрэбны нагляд за родамі не аднаго, а некалькіх вузкіх спецыялістаў.
“На Захадзе проста іншы падыход, — тлумачыць доктар існаванне паслугі па кантролі за дамашнімі родамі ў некаторых краінах. — Як ні парадаксальна, але выкідышы на ранніх тэрмінах там лічацца пэўным генетычным адборам, пасля гэтага няма такіх сур’ёзных разбіральніцтваў і скаргаў, як у нас. На мой асабісты погляд, тое ж і з дамашнімі родамі. Людзі, якія жадаюць нараджаць так, пагаджаюцца з тымі рызыкамі, з якімі могуць сутыкнуцца. Гэты чалавек папярэджаны, што можа спатрэбіцца рэанімацыя, што нешта можа пайсці не так і давядзецца экстрана ехаць у бальніцу… Ён проста на ўсё гэта згодны. Сапраўды, там ёсць такі сэрвіс, але ўскладненні адбываюцца аднолькавыя як у іх, так і ў нас”.
ШТО КАЖА СТАТЫСТЫКА
Па дадзеных Белстата, у 2016 годзе у Беларусі 106 дзетак памерлі ва ўзросце да 7 сутак (на 6 больш, чым у 2015), 296 былі мёртванароджанымі. Асобнай статыстыкі па дамашніх родах у Беларусі, на жаль, не вядуць.
Фота: appleblossomfamilies.com
Рэгістрацыя дзіцяці пасля дамашніх родаў можа зацягнуцца на месяц
Ёсць і іншыя складанасці, звязаныя з дамашнімі родамі — афармленне народжанага дзіцяці. Па законе, адбыцца гэта можа толькі праз суд, але пачынаць трэба з участковага педыятра, якога выклікаюць на дом і той выдае ці даведку аб стане здароўя ці выпіску з медыцынскіх дакументаў аб пастаноўцы на ўлік у дзіцячай паліклініцы ці аб аглядзе дзіцяці педыятрам. Далей трэба ехаць з пашпартам у ЗАГС, каб атрымаць даведку аб адмове ў рэгістрацыі дзіцяці. Далей усё банальна: копія абменнай карты з жаночай кансультацыі, пашпарты бацькоў і копіі пашпартоў, копія пасведчання аб шлюбе ці заява ад маці, калі шлюб не зарэгістраваны. Да гэтага прыкладаюцца два экзэмпляры заявы ў суд і квітанцыя аб аплаце дзяржпошліны (2 базавыя велічыні). Суд можа запатрабаваць зрабіць тэст ДНК. Але гэта мала верагодна, бо ў выпадку пацверджання бацькоўства, суд будзе вымушаны аплаціць немалыя выдаткі на яго. Таму рэгістрацыя дзіцяці пасля дамашніх родаў можа зацягнуцца на месяц, а можа, і больш.