Дэпутат: Калі з дыялогу з апазіцыяй рабіць піяр-шоў, гэта нікому не трэба

Супрацоўнічаць з апазіцыяй раіць дэпутатам парламенту Аляксандр Лукашэнка падчас выступу з чарговым пасланнем да парламента і народа.

"Не ўсе яны шкодныя і гадасныя. Не ўсе яны хочуць шкоды нашай краіне", — выказваецца Лукашэнка пра апазіцыянераў.

Праўда, прадстаўнікі “пятай калоны” даволі скептычна паставіліся да заявы кіраўніка краіны. Бо, кажа лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, такога дыялогу з апазіцыяй не жадае сама ўлада. 

Янукевіч: “Апошнія гадоў 10 мы, як і ўся апазіцыя, гучна гаворым пра неабходнасць дыялогу ўнутры краіны. Паміж уладай і прадстаўнікамі дэмакратычнай супольнасці, дэмакратычнымі партыямі. Праблема палягае ў тым, што ўлада не дэманструе ні жадання, ні гатоўнасці такі дыялог распачынаць. І я думаю, што, нягледзячы на тое, што такія заявы ад Аляксандра Лукашэнкі гучаць упершыню, такі дыялог наўрад ці пачнецца. Шкада — ён быў бы на карысць Беларусі”.

Але калі б дыялог усё ж распачаўся, дэмакратам ёсць што сказаць і прапанаваць уладзе, кажа Янукевіч.  Найперш, зразумела, пра вызваленне палітычных вязняў і спыненне ціску на апазіцыю, бізнес і грамадства. Па-другое, пра змену геапалітычнай арыентацыі, “неабходнасць выхаду з інтэграцыйных аб’яднанняў, дзе дамінуе Расія, і неабходнасць больш шчыльнай асацыяцыі з Еўрасаюзам”. Ну і пра “рэальныя рынкавыя эканамічныя рэформы”. 

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валерый Барадзеня кажа, што ніколі не ўхіляўся ад дыялогу ні з кім. І гатовы яго працягваць. Асабліва па пытаннях эканомікі, культуры, шматдзетных сем’яў. 

Барадзеня: “Калі ёсць нейкія меркаванні аргументаваныя, то іх трэба абмяркоўваць. Можна абмяркоўваць у парламенце, можна на іншых пляцоўках. Але калі  з гэтага рабіць піяр-шоў з запрашэннем сродкаў масавай інфармацыі, то гэта нікому не патрэбна, гэта тое, ад чаго мы паспяхова сышлі, і распальванне, разгойдванне лодкі — гэта нікому не трэба. А абмен думкамі — чаму б не, няма ніякіх пытанняў тут”.

Адзінае, кажа дэпутат, не трэба ад пачатку размяжоўваць людзей магчымай дыскусіі-абмеркавання па нейкіх “палітычных ці ідэалагічных прыкметах: нехта — дэпутат, нехта — апазіцыянер, нехта — грамадзянская супольнасць, нехта — яшчэ нехта”. Кажа, трэба выбіраць тэму, якая хвалюе грамадства, і супольна яе абмяркоўваць. На канкрэтнае пытанне, ці магчымае правядзенне “круглага стала” з шырокім колам удзельнікаў па нейкай актуальнай тэме ў парламенце, дэпутат адказвае станоўча.

У тым, што ён ніколі не ўхіляецца ад размоў, дыялогаў і нават спрэчак з самімі рознымі людзьмі самых розных поглядаў, упэўнівае Еўрарадыё і дэпутат Вадзім Дзевятоўскі. Кажа, падчас працы над нейкімі законапраектамі нават робіць рассылку дакумента розным грамадскім арганізацыям, каб пачуць іх меркаванне па пытанні, што абмяркоўваецца законатворцамі. Але гэтак жа, як і Валерый Барадзеня, пра магчымасць дыялогу праз арганізацыю нейкага круглага стала кажа: “Тут усё залежыць ад мэты”.

Дзевятоўскі: “Арганізоўваць такі круглы стол для фармавання нейкай пазіцыі, якая дапаможа больш якаснаму вырашэнню нейкага пытання — тут, безумоўна, “так”. А калі такі круглы стол праводзіць для таго, каб “абы пагаварыць” ці прапіярыць сваю партыю, то, напэўна, тут трэба падзяляць — з якой мэтай нешта робіцца”. 

Палітолаг Валеры Карбалевіч, у адрозненне ад парламентарыяў, менавіта ў “піяры” такіх сумесных круглых сталоў і бачыць іх сэнс. 

Карбалевіч: “Калі б гэта было з удзелам журналістаў, калі б на такі круглы стол маглі прыйсці Беслсат і Еўрарадыё ці ў анлайн-рэжыме адтуль весці трансляцыю, то гэта было б нядрэнна — упершыню за шмат гадоў людзі маглі б пачуць, як па важных і актуальных праблемах грамадска-палітычнага жыцця дыскутуюць прадстаўнікі ўлады і апазіцыі. Далей за дыскусію справа не дойдзе, але сама дыскусія ўжо б была цікавая ў беларускіх умовах”.

Праўда, кажа суразмоўца Еўрарадыё, наўрад ці справа дойдзе не толькі да арганізацыі такой дыскусіі, але нават яе імітацыі. Як, прыгадвае Карбалевіч, гэта было ў выпадку з Грамадскай радай пры Адміністрацыі прэзідэнта. Якая ўжо даўно знікла, так нічога і не вырашыўшы значнага для грамадства. Іншае пытанне, навошта Лукашэнка кажа пра неабходнасць такога дыялогу ўлады і “пятай калоны”. Бо гэта падабаецца як самім беларусам, так і грамадству на Захадзе, лічыць Карбалевіч.

Фота: Змітра Лукашукаbrsm.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі