Дэпутат парламента: Студэнтам пастаянна браў удзел у святкаванні Дня Волі
“Што здарылася 25 сакавіка 97 гадоў таму?” — цікавіцца Еўрарадыё ў дэпутата, чыноўніка, спартсмена і спявачкі
На пытанне Еўрарадыё дэпутат Палаты прадстаўнікоў, кандыдат эканамічных навук Валерый Барадзеня адказвае сваім пытаннем: “Вы хочаце, каб я вам пра БНР распавёў?” Ужо становіцца зразумела, што гісторыю Беларусі ён ведае. Але далей яшчэ цікавей: парламентарый прызнаецца, што раней і сам неаднаразова… браў удзел у святкаванні Дня Волі!
“Калі я быў студэнтам, то пастаянна браў удзел у апазіцыйных мерапрыемствах, — са смехам прызнаецца Валерый Барадзеня. — Асабліва ў тых, якія ладзіліся на Дзень Волі. Сёння я, канечне, не буду, але ў любым разе, трэба ставіцца да сваёй гісторыі з пашанай. Гэта была вельмі адметная дата і вельмі адметная падзея — што Беларуская Народная Рэспубліка была створаная”.
Валерый Барадзеня
І сур’ёзна папярэджвае: “Калі мы не шануем гісторыю, то яна помсціць вельмі жорстка”.
Будучага парламентарыя за ўдзел у “апазіцыйных” акцыях ні разу не затрымлівалі. Сёння свае студэнцкія “палітычныя свавольствы” ён тлумачыць па-філасофску: “Калі ты ў 18 гадоў не рэвалюцыянер, а ў 40 не кансерватар, то ты дурань!” Як у чалавека, які браў удзел у шматтысячных акцыях на Дзень Волі, цікаўлюся ў Валерыя Барадзені: чаму гэтае мерапрыемства збірае толькі некалькі соцень удзельнікаў? Гэтым разам адказ не здзіўляе: вінаватыя ў гэтым лідары апазіцыі.
Валерый Барадзеня: “Тыя, хто арганізоўвае гэтыя мерапрыемствы, спрабуюць іх ідэалагізаваць, палітызаваць і выкарыстаць на сваю карысць. Але інтэрпрэтацыя фактаў гісторыі з пункту гледжання дня сённяшняга — яно не да месца. Асабліва, калі мэта — зняць нейкія палітычныя дывідэнды. Мерапрыемства (святкаванне Дня Волі — Еўрарадыё) важнае, але калі арганізатары не зразумеюць, што проста так у нашым інфармацыйным стагоддзі не перанясеш ідэалогію з дапамогай такіх простых метадаў у масы, туды людзі ўвогуле перастануць хадзіць”.
Футбаліст БАТЭ Віталь Радзівонаў таксама паказвае сябе чалавекам адукаваным у гісторыі.
“Наколькі я памятаю, гэты дзень звязаны з БНР. Відаць, гэта дзень, калі ўтварылася рэспубліка народная”, — нават не здзівіўшыся пытанню, адказвае Віталь.
Віталь Радзівонаў
Удзелу ў святкаванні Дня Волі Віталь Радзівонаў ніколі не браў. “Неяк не складалася па часе”, — кажа. Тым не менш футбаліст выказвае спадзяванне, што ў наступным годзе ўсё супадзе такім чынам, што і яго можна будзе ўбачыць сярод удзельнікаў шэсця: “Гэтак жа, як Дзень Незалежнасці, павінныя беларусы адзначаць і гэты дзень. Бо Дзень Волі — гэта такая дата, якая мае вялікі ўплыў на гістарычнае развіццё нашай дзяржавы”.
Не ўдаецца паставіць у тупік пытаннечкам пра 25 сакавіка і старшыню Кобрынскага райвыканкама Аляксандра Зазулю.
“Чаму ж гэта я не буду ведаць, што адбылося 25 сакавіка 97 гадоў таму? У нас была ўтвораная БНР — я люблю нашу гісторыю! — абураецца чыноўнік. — Я лічу, што мы павінныя гэты дзень ведаць, ён варты таго, каб яго разумець і ўсведамляць. Тым больш што гэта ж былі нашы людзі: сярод кіраўнікоў БНР — кобрынец! Я пра гэта нават неяк казаў на Дні горада”.
Аляксандр Зазуля
Тым не менш сам у святкаванні Дня Волі кобрынскі кіраўнік удзелу браць не будзе. На гэту тэму Аляксандр Зазуля аджартоўваецца: маўляў, свята гэта не дзяржаўнае, а ён цяпер “чалавек гасударавы” і ўсе думкі ў яго найперш пра “пасяўную, што таксама вельмі важна для таго, каб у Беларусі Воля была заўжды”.
Тое, што 25 сакавіка — Дзень работнікаў культуры, спявачка Іна Афанасьева, безумоўна, ведае. А вось што ў гэты дзень 97 гадоў таму была ўтвораная БНР… упершыню пачула ад Еўрарадыё.
Фота: Змітра Лукашука, svaboda.org