На сайце БЕЛТА размясцілі запрашэнне на Дзень Волі (фота)
Вялікі банэр з’явіўся ў тэксце адной з публікацый, пазней запрашэнне знікла.
Стылізаваны бел-чырвона-белы сцяг і выява “Пагоні” з запрашэннем адсвяткаваць Дзень Волі з’явілася ў тэксце навіны за 10 сакавіка. У ёй гаворыцца аб выпадку, калі амерыканскі рыбалоў здолеў злавіць 270-кілаграмовую акулу.
Цяпер на сайце БЕЛТА запрашэння на Дзень Волі ў тэксце гэтай навіны няма, аднак яно захавалася ў гуглкэшы. Магчыма старонку нехта ўзламаў.
БЕЛТА патлумачыла, як на сайце з'явілася запрашэнне на Дзень волі
Дзень Волі адзначаецца часткай беларусаў 25 сакавіка. У 1918 годзе ў гэты дзень удзельнікі Усебеларускага з’езда абвясцілі аб незалежнасці Беларускай народнай рэспублікі.
БЕЛТА (Беларускае тэлеграфнае агенцтва) — дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва, заснаванае ў канцы снежня 1918 года як аддзяленне Расійскага тэлеграфнага агенцтва. З 1992 года з’яўляецца афіцыйным беларускім інфармацыйным агенцтвам, валодае першасным правам распаўсюджвання афіцыйных дакументаў і паведамленняў.