Эксперт: пазіцыя беларусаў у ААН па "ўкраінскім пытанні" не зменіцца
Пасля таго, як Беларусь паспрабавала заблакаваць у ААН "украінскую" рэзалюцыю па правах чалавека ў Крыме і Севастопалі, дэпутат Вярхоўнай Рады Ганна Гапко парапанавала перанесці з Мінска перамовы "Нармандскай чацвёркі".
"Калі мы кажам, што Мінск з'яўляецца нейтральнай платформай, куды з'язджаюцца ўсе для перамоваў, дык пасля такога галасавання [Беларусь прагаласавала супраць рэзалюцыі. — Еўрарадыё] мы не можам на падобнае разлічваць", — заявіла дэпутат.
На думку беларускага палітолага Яўгена Прэйгермана, тэарэтычна нашыя дыпламаты маглі б устрымацца пры галасаванні ў ААН, як гэта зрабілі 76 іншых краінаў. Але Беларусь захоўвае той нейтралітэт, які можа сабе дазволіць.
"Часам мне здаецца, што пра нашую нейтральную пазіцыю ва Украіне ніхто ўвогуле чуць не хоча, — мяркуе Яўген Прэйгерман. — Яны схіляюць нас да таго, каб абраць нейкі бок? Дзіўна, што ў Кіеве не разумеюць, што калі нам такі давядзецца выбіраць, гэта будзе не ўкраінскі бок. Таму Украіне трэба знізіць градус напружання ў публічнай прасторы".
На думку Прэйгермана, пляцоўка ў Мінску гарантуе для Украіны дадатковую бяспеку з поўначы. Калі "Нармандская чацвёрка" сыйдзе адсюль, для рускага боку будуць важыць менш нашыя аргументы наконт таго, што мы не можам размяшчаць на сваёй тэрыторыі іх вайсковыя базы.