EPAM даражэйшы за ўсё "фамільнае срэбра" Беларусі: чаму важна праводзіць рэформы
Беларусь можа быць нашмат больш паспяховай. Патрэбна палітычная воля / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Яшчэ да вайны ва Украіне патэнцыял росту беларускай эканомікі быў блізу нуля. Таму ёсць патрэба ў прыватызацыі дзяржпрадпрыемстваў і змяненні ўмоў вядзення бізнесу ў краіне, лічыць кіраўнік CASE Belarus Team, прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах Алесь Аляхновіч.
Без гэтага Беларусь будзе таптацца на месцы, у той час калі больш паспяховыя суседзі растуць. Гэта складаны працэс, які можа палохаць людзей праз прыклады няўдалай прыватызацыі, напрыклад, у Расіі. Аднак ёсць і пазітыўныя прыклады. Вынік, да якога павінны прывесці рэформы, зразумелы — рост ВУП, а значыць і заробкаў, адзначае адміністрацыйны дырэктар BEROC Павел Данейка.
Эксперты прадставілі праекты рэформаў у Банку Ідэй. Еўрарадыё даведалася, што яны прапануюць, каб беларусы зажылі лепей.
З 2012 года беларуская эканоміка ў стагнацыі, хоць да гэтага расла так жа хутка, як кітайская, адзначае Аляхновіч. Змяніць штосьці пры Лукашэнку немагчыма — няма палітычнай волі.
— Адмова ад прыватызацыі вядзе да таго, што праблемы проста адкладаюцца і нерэнтабельныя прадпрыемствы застаюцца, — кажа эксперт. — Прыватызацыя павышае эфектыўнасць прадпрыемстваў.
Прыватызацыя дапамагае павысіць канкурэнцыю. Зараз у Беларусі з гэтым праблемы, бо міністэрствы могуць адначасова займацца рэгуляваннем бізнесу і кіраваць прадпрыемствамі. Таксама ёсць дзяржманапалісты, напрыклад, БМЗ або "Белдзяржстрах".
— Калі так адбываецца, міністэрствы не зацікаўленыя, каб замежны або беларускі капітал заснаваў новыя прадпрыемствы на гэтым рынку, каб яны канкуравалі з дзяржпрадпрыемствамі.
Таксама прыватызацыя дапамагае мінімізаваць карупцыю і вядзе да дэпалітызацыі эканомікі.
— Чым менш рашэнняў у эканоміцы залежыць ад чыноўнікаў, тым менш патэнцыял для карупцыі. Чым менш эканоміка кантралюецца ўладамі, тым менш яна будзе залежаць ад уладаў у сферы палітыкі, — працягвае Аляхновіч.
Прыватызацыя не панацэя — усю сістэму трэба мяняць
На думку эксперта, з прыватызацыяй не трэба марудзіць, але і не трэба рабіць гэта ў першы дзень змены ўлады. Спачатку трэба стварыць умовы. Прыватызацыя павінна стаць часткай комплексных рэформаў у Беларусі. Напрыклад, без сумленных судоў не з'явіцца ўпэўненасць для прыватных інвестараў. Таксама павінны быць роўныя ўмовы для вядзення бізнесу для ўсіх. А людзі павінны мець сацыяльную абарону, каб не пакутаваць ад прыватызацыі — гэта таксама вялікі пласт рэформаў.
На думку Паўла Данейкі, пры рэформах вельмі важна звярнуць увагу на ўмовы вядзення бізнесу. А прыватызацыя не абавязковая для ўсіх. Асабліва, калі кампанія працуе паспяхова. Напрыклад, выключэнне можна зрабіць для натуральных манаполій або інфраструктурных прадпрыемстваў.
— Стварэнне спрыяльнага асяроддзя для развіцця малога і сярэдняга бізнесу, а таксама роўных умоў для дзяржаўных і прыватных кампаній павінна быць прыярытэтам для органаў улады ў працэсе рэфармавання эканомікі.
З ім згодны і Алесь Аляхновіч.
— Наш калега Максім Адаскевіч палічыў, колькі каштуюць флагманы беларускай эканомікі. Гэта дваццаць прамысловых гігантаў, як Беларуськалій, два НПЗ, БМЗ, Белшына і чатыры дзяржбанкі. Паводле фінансавых вынікаў за 2019 год, яны каштавалі дзесьці 9-10 мільярдаў долараў. Гэта так званае беларускае фамільнае срэбра. А адно прадпрыемства, створанае з нуля, EPAM Systems, на Нью-Ёркскім фондавым рынку пад канец 2021 года каштавала 40 мільярдаў долараў.
Таму, калі стварыць у Беларусі ўмовы для развіцця прыватнага сектара, то рэформа дзяржсектара будзе толькі часткай.
У сакавіку 2022 года EPAM перастаў набіраць супрацоўнікаў у Беларусі. Калі б такія прадпрыемствы заставаліся і развіваліся ў Беларусі, яны маглі б прымаць на працу тых, хто страціў працу падчас рэформы дзяржсектара.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.