"ЕС хацеў бы зняць санкцыі з Беларусі, але не можа праз палітвязняў"

Даведка Еўрарадыё: Балаш Ярабік — дырэктар праектаў Пакта, супрацоўнік аналітычнага цэнтра FRIDE (Мадрыд) і Інстытута цэнтральнаеўрапейскай палітыкі (Браціслава) пазаштатны навуковы супрацоўнік Фонду Карнэгі ў Вашынгтоне.

Еўрарадыё: Пасля саміту ў Рызе пра ініцыятыву “Усходняе партнёрства” пачалі казаць, што гэта “праект-зомбі”, што яго напаткала “клінічная смерць” і гэтак далей. Вы бачыце прыкметы “клінічнай смерці” ва Усходняга партнёрства?

Балаш Ярабік: Вы пра артыкулы ў расійскіх СМІ? Я думаю, што гэта добра, калі расійскія СМІ лічаць, што гэтая ініцыятыва — ужо зомбі. Галоўнае ў гэтай ініцыятыве тое, што яна называецца не “сяброўства” а менавіта “партнёрства”. На думку расійскіх і нават шэрагу заходніх СМІ, гэта мусіць быць “сяброўства”, бо трэба пашыраць Еўрасаюз. Але гэта палітыка не пашырэння — гэта палітыка партнёрства, і Рыжскі саміт паказаў, што партнёрства магчымае. Канечне, Украіна, Малдова і Грузія хацелі б большага, але для гэтага ім і рабіць трэба больш розных рэформ, скіраваных на рэфармаванне дзяржаўных структур. І гэта добра, што Еўрасаюз шчыра сказаў: “Мы пакуль не гатовыя да вашага ўваходжання (у ЕС — Еўрарадыё), і вы пакуль да гэтага не гатовыя”. А гэтае партнёрства можа дапамагаць як краінам, якія хочуць сяброўства і могуць яго ў доўгатэрміновай перспектыве дасягнуць, так і такім, як Беларусь, якія сяброўства не хочуць і ім дастаткова партнёрства.

Еўрарадыё: Усходняе партнёрства яшчэ будзе жыць і добра, але якія вынікі ад канкрэтна рыжскага саміту атрымала Беларусь? Асобныя беларускія эксперты ды журналісты пішуць, што праз адмову падпісваць першапачатковы варыянт выніковай дэкларацыі саміту наша краіна панесла іміджавыя страты…

Балаш Ярабік: Іміджавыя страты займелі тыя эксперты і журналісты, якія лічаць, што найперш Беларусь павінная стаць дэмакратычнай, і толькі пасля гэтага мы можам прымаць яе ў праграму партнёрства. Гэта было б праўдай, калі б мы казалі не пра “партнёрства”, а пра “сяброўства”. Але гэта не так, і Еўрасаюз мусіць гаварыць з афіцыйнымі ўладамі краіны-суседа, краіны-партнёра, а не толькі з апазіцыяй. Ды і ніякіх іміджавых страт Беларусь праз адмову падпісваць той варыянт дэкларацыі не займела. Еўрапейскія палітыкі звярнулі ўвагу на тое, што з той фармулёўкі пытання па Крыме, што спачатку была ў дэкларацыі, Беларусь не зрабіла ніякага скандалу, а беларускі бок адразу, яшчэ некалькі месяцаў таму, сказаў, што не можа пад такім падпісацца. У Еўрасаюзе выдатна разумеюць: гэта не таму, што Беларусь прынцыпова не хоча на гэтым пытанні акцэнтаваць увагу, а таму, што ў Мінску баяцца патэнцыйнага рускага адказу. З тым, што Расія сёння — гэта рызыка, згодныя ўсе і таму глядзяць на Беларусь з разуменнем.

Еўрарадыё: Краіны-партнёры хочуць і ЕС прызнае, што да кожнага з 6 удзельнікаў Усходняга партнёрства патрэбны індывідуальны падыход. Як будзе выглядаць індывідуальнае супрацоўніцтва Еўрасаюза з Беларуссю ў межах гэтай ініцыятывы?

Балаш Ярабік: А ён ужо ёсць — гэты індывідуальны падыход. З той жа Украінай ужо даўно супрацоўнічаюць індывідуальна. Асобна развіваюцца адносіны з Грузіяй і Малдовай. Азербайджан увогуле стаіць у праграме сам па сабе. Як і Беларусь, у якой увогуле няма ніякіх прававых узаемаадносінаў з ЕС — нават Дамова аб сяброўстве і супрацоўніцтве не падпісаная! Я думаю, што калі прэзідэнцкія выбары ў вашай краіне пройдуць нармальна, у дужках чаканняў, тады Еўрасаюз наноў распачне ўрэгуляванне прававых пытанняў ва ўзаемаадносінах з вашай краінай.

Еўрарадыё: Падпісаць Дамову аб сяброўстве — гэта адно, але ці магчымае развіццё дыялогу, пакуль палітвязні за кратамі, а праблемы з правамі чалавека не вырашаныя?

Балаш Ярабік: Так, як і цяпер. Еўрасаюз будзе працягваць казаць пра дэмакратыю, пра правы чалавека, што прэзідэнцкія выбары павінныя прайсці дэмакратычна. Важна, што адзін з сектаральных дыялогаў з Беларуссю, які пройдзе ў верасні, будзе прысвечаны менавіта правам чалавека. І тут важна тое, што амерыканцы вядуць толькі адзін сектаральны дыялог з Беларуссю — менавіта па правах чалавека. Увогуле, “ціхі дыялог” з афіцыйным Мінскам ідзе. І правы чалавека ў ім застаюцца. Але гаварыць будуць не толькі на гэтую тэму. Вы ж ведаеце, што ў межах такой “ціхай дыпламатыі” прайшло 5 раундаў “мадэрнізацыйнага дыялогу” — менавіта з дзяржаўнымі органамі. У той жа час працягваецца падтрымка грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ Беларусі. Ідзе актывізацыя супрацоўніцтва ў бізнес-кірунку паміж ЕС і Беларуссю — бізнес-форум, што праходзіць адначасова з самітам Усходняга партнёрства, быў ініцыяваны вашай краінай. Так што ўнёсак Беларусі ва Усходняе партнёрства досыць вялікі. Але і пытанне з палітвязнямі трэба вырашаць.

Еўрарадыё: Але ці будзе зараз ЕС на пытанні палітвязняў гэтак жа акцэнтаваць увагу, як раней?

Балаш Ярабік: Усе еўрапейскі дэлегацыі заўжды ўзнімаюць пытанне правоў чалавека і палітвязняў. Мы з Беларуссю цягам апошніх дваццаці гадоў гаварылі практычна выключна пра правы чалавека, і якія вынікі? Тактыка цяпер такая: калі будзем гаварыць і на іншыя тэмы, на якія Беларусь хоча, тады мы, калі наладзім кантакты і разуменне, зможам больш эфектыўна вырашаць пытанне правоў чалавека. Думаю, варта паспрабаваць такі падыход.

Еўрарадыё: Можна дабіцца ад Еўропы даверу пасля таго, як той давер падманулі ў 2010 годзе?

Балаш Ярабік: Выйсця іншага няма. Давер прыходзіць у выніку кантактаў і дыялогу. праз тое, што Беларусь увесь час арыентавалася на ўсход, у нас няма банальнага ўзаемаразумення. Цяпер мы пачынаем слухаць адно аднаго і шукаць гэтае разуменне. А потым будзем спрабаваць вырашаць праблемы канструктыўна. У пэўных пытаннях Мінск ужо цяпер можа быць канструктыўным, але гэтага мала.

Еўрарадыё: Еўрасаюз гатовы да паляпшэння адносінаў з Беларуссю, а нейкія тэхнічныя прычыны знайшлі, па словах міністра Уладзіміра Макея, каб працу над Дамовай аб аблягчэнні візавага рэжыму затармазіць напярэдадні саміту!

Балаш Ярабік: Гэта была адна з самых важных і вялікіх краін Еўрасаюза. Але гэта сапраўды чыста тэхнічныя прычыны — гэта не замежная палітыка. І прычына такая сур’ёзная, што Латвія заявіла, што не здолее яе вырашыць да ліпеня — канца свайго старшынства. Пазіцыя і жаданні спадарыні Меркель тут ні пры чым..

Еўрарадыё: Я чуў, што Германія і Францыя ў адказ на жаданне беларускага боку, каб уладальнікі дыпламатычных пашпартоў атрымалі бязвізавы рэжым, заявілі: тады гэтыя пашпарты павінныя быць біяметрычнымі

Балаш Ярабік: Я таксама такое чуў. Але наколькі я ведаю, такое патрабаванне ЕС выстаўляе толькі Беларусі…

Еўрарадыё: Двайныя стандарты!

Балаш Ярабік: Гэта вы кажаце — не я! Але калі справа сапраўды ў гэтым “тэхнічным моманце”, то, на жаль, гэта сапраўды выглядае так (як двайныя стандарты — Еўрарадыё).

Еўрарадыё: Падчас канферэнцыі “Мінск пасля Рыгі” вы сказалі, што “дужкі ўзаемаадносінаў ЕС і Беларусі павінныя змяняцца” — што гэта азначае?

Балаш Ярабік: Беларусь заўжды кажа, што “мы — роўныя партнёры!”, але ж гэта не так — ЕС нашмат большы. З іншага боку, і ЕС павінны зразумець, што ў Беларусі ёсць свае прапановы і не трэба сюды пастаянна прыходзіць з павучаннямі, як жыць. Дыялог трэба наладжваць не толькі з маральнай пазіцыі, але і глядзець, што Беларусь можа нам даць, а што Еўрасаюз можа даць Беларусі. І тады вырашаць праблемы, якія  нас ёсць. Найперш — дэмакратыі і правоў чалавека. Да выбараў 2010 года ў нас нібыта быў дыялог. Але на самай справе мы толькі казалі пра дыялог, але не праводзілі яго. Дыялог не можа будавацца такім чынам: я сюды прыязджаю з павучаннямі. Чыноўнікі і ўлады павінныя навучыцца слухаць адно аднаго, і цяпер гэта ў такім “ціхім” фармаце адбываецца.

Еўрарадыё: Як павінныя прайсці выбары ў Беларусі, каб пацяпленне адносінаў пайшло хутчэй?

Балаш Ярабік: Так, каб вынік быў такі, як беларускі народ прагаласуе.

Еўрарадыё: Добра: 86% у падтрымку Лукашэнкі і Плошчы няма?

Балаш Ярабік: Мы нават не гаворым цяпер пра Плошчу — я магчымасці Плошчы не бачу, яе ніхто не хоча. Гэтак жа я не думаю, што пагроза з Расіі да такой ступені вялікая, як пра тое кажа Мінск. Не, я маю на ўвазе толькі адно: каб вынік галасавання быў на самай справе такі, як беларусы прагаласуюць. А гэта азначае, што павінныя быць не толькі добрыя ўмовы для галасавання, яны ў Беларусі з тэхнічнага боку заўжды на высокім узроўні, але і падліку галасоў. Тады кантакты і патэнцыял магчымасцяў будзе для Беларусі значна большым.

Еўрарадыё: І здымуць з Лукашэнкі санкцыі?

Балаш Ярабік: Санкцыі звязаныя не з выбарамі, а з палітзняволенымі і працэсамі, якія былі пасля выбараў. Думаю, што паступовыя змены ў санкцыях будуць. Думаю, што ў Еўропы ёсць жаданне зняць санкцыі, але пакуль ёсць палітвязні, еўрапейцы нічога не могуць зрабіць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі