Фільм "Вышэй за неба" пакажуць у беларускіх кінатэатрах 1 снежня
Пра гэта паведаміла каардынатар і прадзюсар карціны ад ПРААН Марыя Маліноўская. Паказ будзе прымеркаваны да Сусветнага дня барацьбы са СНІДам.
Па словах Маліноўскай, якія пераказвае БелаПАН, у Мінску прэзентацыя нашумелага фільма адбудзецца ў 19 гадзін у кінатэатры "Перамога". Бясплатны квіток можна будзе атрымаць у касе кінатэатра пачынаючы з 18 гадзін. Кінапаказы таксама будуць арганізаваныя ў абласных гарадах.
Як адзначыла прадстаўніца ПРААН, у сталіцы пакажуць скарочаную версію фільма — на дзве з паловай гадзіны.
Мяркуецца таксама, што карціна будзе размешчаная ў інтэрнэце і прыме ўдзел у сацыяльных фэстах. Акрамя таго, ПРААН працягвае перамовы пра трансляцыю серыяла на беларускім і замежным тэлебачанні.
Нагадаем, што серыял "Вышэй за неба" быў зняты па замове ПРААН у Беларусі, каб прыцягнуць увагу моладзі да праблемы ВІЧ/СНІД. Сцэнар напісаў Андрэй Курэйчык, рэжысёрам выступіў Дзмітрый Марынін. Пасля таго як рэжысёра і сцэнарыста не дапусцілі да мантажу фільма, яны зрабілі сваю версію. Нягледзячы на пратэсты ПРААН, 8 чэрвеня 2012 года працоўная версія поўнаметражнага фільма была выкладзеная ў інтэрнэт. Праўда, аўтарская група публічна заявіла пра сваю недатычнасць да гэтай падзеі.
Сёлета ў верасні серыял выходзіў на партале tut.by.