Гараж за $5 млрд: дыктатары, якія пераплюнулі "аўтапарк Лукашэнкі"
Rolls-Royce султана Брунея / Rex Features
6 мільёнаў долараў — у столькі ініцыятыва былых сілавікоў ацаніла агульны кошт дарагіх і рарытэтных аўтамабіляў, "бескарысліва падораных" Аляксандру Лукашэнку чыноўнікамі і бізнесменамі. У нядаўнім відэа следчыя пералічваюць не толькі маркі аўто, але і прозвішчы "хабарадавальнікаў, якія сфармавалі яго царскі аўтапарк".
Але не Лукашэнкам адзіным: слабасць да калекцыянавання лакшэры-аўто мела нямала кіраўнікоў дзяржаў. Еўрарадыё згадала кейсы сусветных аўтакратаў, у чыіх гаражах стаяць ці калісьці стаялі раскошныя машыны.
Хасанал Балкіях
Кошт калекцыі аўтамабіляў султана Брунея — а іх у яго прыкладна 3-7 тысяч экзэмпляраў — ацэньваюць больш чым у 5 мільярдаў долараў. У аўтапарку Хасанала Балкіяха каля шасцісот аўтамабіляў Rolls-Royce, прыкладна 500 штук Ferrari, рэдкія і ўнікальныя Porsche, Jaguar, Mercedes, BMW, Lamborghini, Bugatti, Bentley, а таксама гоначныя баліды "Формулы-1".
Некаторыя звышдарагія люксавыя машыны вядучыя сусветныя аўтаканцэрны распрацоўвалі і збіралі спецыяльна для Балкіяха. Адны з самых "дарагіх сэрцу і кашальку" набыткаў Хасанала — шэсць эксклюзіўных пазадарожнікаў Bentley Dominator коштам каля трох мільёнаў фунтаў стэрлінгаў за кожны і Jaguar XJ220 Pininfarina Jag, зроблены спецыяльна для яго.
Тэадора Абіянг Нгема Мбасога
З 1979 года і да сёння Тэадора ўдаецца заставацца на пасадзе кіраўніка Экватарыяльнай Гвінеі. Дыктатар не толькі паспяхова "набірае" 97% галасоў выбаршчыкаў, але і ў поўнай меры клапоціцца пра сваю сям'ю.
Пра гэта можна меркаваць па канфіскаванай у Швейцарыі калекцыі аўтамабіляў яго сына, прададзеных на аўкцыёне за 27 мільёнаў долараў. Большасць канфіскаваных аўто мелі зусім невялікі прабег, а некаторыя мадэлі былі выпушчаныя абмежаваным тыражом, што, безумоўна, павялічвала іх кошт.
Сярод канфіскату "гвінейскага прынца" асаблівай увагі заслугоўвае Lamborghini Veneno 2014 года выпуску, якая існуе ў дзевяці экзэмплярах.
Акрамя марак Bentley, Maserati і Mercedes-Maybach, у сына дыктатара канфіскавалі такія характэрныя мадэлі, як Aston Martin One-77, Porsche Carrera GT, Koenigsegg One:1, McLaren P1, Ferrari LaFerrari, Bugatti Veyron, Ferrari 599 GTB і іншыя.
Раскошны транспарт быў канфіскаваны ў сямейства ў ходзе справы аб карупцыі ў 2016 годзе. Атрыманыя на аўкцыёне сродкі Швейцарыя павінна была адправіць дабрачынным арганізацыям у... Экватарыяльную Гвінею.
Муамар Кадафі
Акрамя прысутных у гаражы лівійскага дыктатара прадстаўніцкіх аўтамабіляў, такіх як браняваныя BMW 7‑й серыі і Mercedes S‑класа, варта адзначыць выраблены ў Лівіі пад заказ суперкар Saroukh el Jamahiriya ("Лівійская ракета"), які каштаваў каля 2 мільёнаў долараў. "Ракета Кадафі" павінна была стаць "самым бяспечным аўтамабілем у свеце" — прынамсі, так сцвярджалі яе вытворцы.
Побач з суперкарам у гаражы дыктатара паважна стаяў зроблены на заказ электракар Fiat 500 Castagna EV. Ён быў часткова пакрыты залацістай фарбай, дах выраблены ў белым колеры, а салон абабіты светлай крэмавай скурай і рознымі дэкаратыўнымі ўстаўкамі. Цана 144 тысячы долараў прадыктавана індывідуальнай зборкай і электрычным прывадам. Пасля зрынання Кадафі машыну экспрапрыявалі паўстанцы.
Махамед Рэза Пехлеві
Сярод сродкаў перамяшчэння зрынутага рэвалюцыяй апошняга манарха Ірана лічацца не толькі чатырохколавыя аўтамабілі, але і квадрацыклы, снегаходы і нават карэты. Любоў шаха да раскошы і дарагіх машын вылілася ў вялікі аўтапарк з аўто марак Ferrari, Ford, Cadillac, Rolls-Royce, Mercedes-Benz, Honda, Chrysler, Fiat, BMW, Daimler, Lamborghini і іншых. А ў 1975 годзе Пехлеві заказаў 20 000 экзэмпляраў сакрэтнай на той момант мадэлі "Гелендвагена".
Кампанія Daimler хацела купіць у Ірана для свайго музея Mercedes 500, які калісьці належаў Пехлеві, але атрымала адмову. Цяпер 1200 аўто зрынутага манарха, ацалелых пасля рэвалюцыі, знаходзяцца ў іранскім музеі. Унікальны Mercedes-Benz SL жонкі кіраўніка Фарах Пехлеві да гэтага часу лічыцца адным з самых прыгожых і рэдкіх класічных аўтамабіляў.
Віктар Януковіч
Пасля ўцёкаў украінскага прэзідэнта ў 2014 годзе ўкраінцы змаглі ўбачыць яго салідны аўтапарк у рэзідэнцыі ў Межыгор'і. Гараж Віктара Януковіча прадстаўлены разнастайнымі мадэлямі, пачынаючы ад пікапа International MXT — крыху пазней пераабсталяванага пад бронетачанку ў АТА — да Horch 855, які існуе ў сямі экзэмплярах.
Сярод мноства аўтамабіляў Януковіча, "нажытых непасільнай працай", — Ford Classic Coupe 1954 года выпуску, Mercedes-Benz G-Wagen G63 Brabus, Mersedes-Benz SLS CLAS AMG Roadster 2012 года, Dodge WC-52 1942 года, Bentley S2 1950-га.
Глядзеў Януковіч і ў бок айчынных аўтамабіляў. У рэзідэнцыі, акрамя сучасных іншамарак, знайшлі ЛуАЗ 967 М, ГАЗ-АА 1933 года, ЗАЗ 965 "Запарожац" 1964 года, ЗІЛ-41047, прызначаны для сябраў палітбюро, і мноства іншых рарытэтных прадстаўнікоў савецкага аўтапрама.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.