Хто паркуецца пад знакам "Паркоўка для інвалідаў" на вуліцы Маркса?

Ніводнага разу на гэтай стаянцы — ні зранку, ні ўвечары — не было аўтамабіля — ні з ручным кіраваннем, ні са знакам на права паркоўкі.

У аўторак на месцы для інвалідаў размясціўся блакітны Ford Mustang. На аўто — нумар тэлефона кіроўцы, на выпадак, калі некаму перашкодзіць.

Тэлефануем уладальніку блакітнай машыны, пытаемся, ці ёсць пасведчанне чалавека з інваліднасцю.

“Пасведчання няма. А там што, знак вісіць? — адразу ўзгадвае пра знакі кіроўца. —  Я проста вучуся тут (у Акадэміі кіравання. — заўв. Еўрарадыё), пакінуў на пару хвілін — здаць залік. Я вінаваты. Разумею, што непрыгожа атрымалася”.

Кіроўца тут жа спрабуе дамовіцца:

“Вы засякалі, колькі я там стаяў? Павінен быў пад’ехаць, здаць экзамен. А можна гэта не выкладаць? Каюся, вінаваты — з мяне кава. І што вы хочаце сказаць, што інваліды там стаяць? Што няма чым заняцца іншым?” — кажа навучэнец Акадэміі кіравання пры прэзідэнце.

У сераду зранку на месцы для інвалідаў запаркавалася дзяўчына на джыпе.

І ў чацвер, і ў пятніцу месцы для інвалідаў былі занятыя — "Опелі", "Аўдзі", "Рэно", "Таёты", "Судзукі", "Хонды". Ніхто з кіроўцаў гэтых машын не звярнуў увагу на тое, што яны паставілі машыну на месца для інвалідаў.

На адным з аўто  — тэлефон кіроўцы. Уладальніца Toyota Rav 4 Кацярына з Магілёўскай вобласці кіруе машынай нядаўна. Кажа Еўрарадыё, што прыпаркавалася на пару гадзін — здаць залік.

“Я ўсяго адзін раз на пару гадзін — залікоўку ў дэканат занесці. Гэта быў адзін раз! Гэта такая вуліца, я б, канечне, прыбрала — вельмі каюся, але патрэбна было ў дэканат, вырашыць справы — дзяржэкзамен і ўсе справы, — стракоча Кацярына, што нават не паспяваеш за ходам думкі. —  Побач стаялі машыны не горшыя. Я не хацела ставіць, не заязджаць жа на зялёную зону — там былі б больш сур’ёзныя наступствы. Я магу раскаяцца, болей мяне вы там не заўважыце”.

У адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска спачатку перапытваюць, ці ёсць яшчэ там гэты знак — "Стаянка для інвалідаў", ці не прыбралі, а потым ўзгадваюць, што ўсталёўку гэтага знака ініцыяваў нейкі служачы, што працуе ў адным з адміністрацыйных будынкаў.

У Мінскай ДАІ тлумачаць: не заўважыць знак кіроўца не можа — які ж ён пасля гэтага кіроўца? А прыдумкі кшталту “я першы раз”, “болей вы мяне там не заўважыце” — класічныя “адмазкі” кіроўцаў. Кажуць, што, бывае, і пад ДАІ кіроўцы паркуюцца проста пад знакамі.

“Мінулым годам праводзілі акцыю ля “Кароны”, каб прыцягнуць увагу кіроўцаў. Гэта штраф. Нават калі кіроўца пакінуў машыну на 10 хвілін. Першы раз за парушэнне правіл дарожнага руху — папярэджанне ці штраф у памеры да адной базавай, другі — да дзвюх базавых велічынь”, — кажуць у прэс-службе ДАІ.

За тыдзень кіроўцы, якія трапілі ў кадр зранку і ўвечары, аддалі б мінімум каля 2 мільёнаў рублёў штрафу. А некаторыя – і па два разы за паўторныя парушэнні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі