Іх норавы. Амерыканец збег у Паўночную Карэю, брытанцы падлічваюць лебедзяў

Працягваем знаёміць вас з сусветнымі навінамі / калаж Улада Рубанава 
 

 
Працягваем знаёміць вас з сусветнымі навінамі / калаж Улада Рубанава     

Грамадзянін ЗША збег у Паўночную Карэю, але ёсць нюанс. Пра гэта і не толькі гэта — у нашым аглядзе сусветных навінаў.

Амерыканцы бягуць у КНДР?

Амерыканскі салдат "наўмысна і без дазволу" перасек мяжу КНДР, пасля чаго, імаверна, быў затрыманы паўночнакарэйскімі вайскоўцамі, паведамляе CBS News са спасылкай на ўлады ЗША.

Паводле звестак тэлеканала, гаворка ідзе пра шарагоўца Трэвіса Кінга. Да нядаўняга часу ён служыў у Паўднёвай Карэі, аднак яго збіраліся вярнуць у ЗША "з дысцыплінарных прычын".

Пасля праходжання надгляду ў аэрапорце вайсковец нейкім чынам здолеў уцячы. Ён далучыўся да экскурсійнай групы, якая накіроўвалася да Аб'яднанай зоны бяспекі.

Там шараговец аддзяліўся ад групы і пабег у бок мяжы. Відавочцы расказалі тэлеканалу, што паўднёвакарэйскія вайскоўцы хутка зрэагавалі на тое, што адбылося, аднак не паспелі яго спыніць. 

Іх норавы. Амерыканец збег у Паўночную Карэю, брытанцы падлічваюць лебедзяў
Дэвід Барбер / PA MEDIA

У Лондане пачалася штогадовая цырымонія інвентарызацыі лебедзяў на рацэ Тэмза. Гэтым разам яе ўпершыню праводзяць пры новым манарху — каралю Карлу III, якому належаць амаль усе дзікія лебедзі-шыпуны Злучанага Каралеўства.

Інвентарызацыю пачалі на беразе Тэмзы ў адным з заходніх раёнаў Лондана, а скончыцца яна ў пятніцу ў горадзе Абінгдан (графства Оксфардшыр).

Працэдурай кіруе каралеўскі інвентарызатар лебедзяў Дэвід Барбер. Паводле традыцыі, для выканання сваіх абавязкаў ён прыбіраецца ў чырвоную ўніформу з фуражкай, у якую ўстаўленае лебядзінае пяро.

Гэтая цырымонія зарадзілася ў XII стагоддзі, калі англійскія каралі заявілі, што ўсе лебедзі ў краіне цяпер належаць ім. Гэтыя птушкі раней лічыліся каштоўным далікатэсам, таму каралі хацелі забяспечыць бесперабойны паток дзічыны на свой стол.

Цяпер у Брытаніі лебедзяў не ядуць, але традыцыя захавалася. А мэты, наадварот, ахоўныя: лебедзяў не толькі лічаць, але і ўзважваюць і правяраюць стан іх здароўя.

Японскі пашпарт больш не найлепшы

Японія ўпершыню за пяць гадоў страціла першае месца ў рэйтынгу наймацнейшых пашпартоў свету і апусцілася на трэцяе месца. Пра гэта паведаміла кансалтынгавая кампанія Henley&Partners, якая складае Індэкс пашпартоў свету.

Да трэцяга квартала 2023 года рэйтынг узначаліў Сінгапур. Яго грамадзяне могуць наведваць без візы або атрымаць яе па прыбыцці ў 193 краіны з 227 прааналізаваных. На другое месца падняліся Германія, Італія і Іспанія (190 краін), на трэцім — Аўстрыя, Люксембург, Фінляндыя, Францыя, Швецыя, Паўднёвая Карэя і Японія (189 краін).

Беларусь падзяліла 64-е месца ў рэйтынгу пашпартоў з Тайландам і паўднёваафрыканскай краінай Лесота. Беларусы могуць наведваць без візы ці ў спрошчаным парадку 79 краін.

Зрэшты, за апошнія 14 гадоў Беларусь значна палепшыла пазіцыі ў рэйтынгу. На момант яго з'яўлення беларусам былі даступныя толькі 56 бязвізавых кірункаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі