Іх норавы: жыццё на Марсе, Кітай-міратворац і кароль Карл III Эмпатычны
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн прызначыў Лэдзі Гагу сустаршынёй Камітэта па мастацтве і гуманітарных навуках. А NASA на 3D-прынтары надрукавала Марс. Дакладней, асяроддзе пражывання чалавека на Марсе — і там цэлы год будуць жыць, вырошчваць гародніну і нават не па-сапраўднаму выходзіць у адкрыты космас чатыры добраахвотнікі.
Гэта не навіны культуры і эскапізму — гэта рэгулярны агляд сусветных навін ад Еўрарадыё. Няма часу чытаць? Слухайце нас на любой зручнай платформе.
Перамога Пекіна і пры чым тут Макрон
Ведаеце, бываюць такія дні, калі пра цябе раптам успамінаюць адразу ўсе знаёмыя. Вось з Сі Цзіньпінам апошнімі тыднямі адбывалася нешта падобнае. З канца сакавіка ён паспеў сустрэцца з кіраўнікамі дзяржаў і ўрадаў Іспаніі, Сінгапура, Малайзіі, Францыі, Еўрапейскага саюза і Бразіліі, піша CNN.
Тры гады Пекін змагаўся то з COVID-19, то з эканамічнымі праблемамі. Але 2023-ы па "кітайскім календары", здаецца, будзе годам дыпламатыі. І гэта нягледзячы на тое, што сусветную супольнасць палохаюць і моцныя сувязі Кітая з Расіяй, і настроі Пекіна што да Тайваня.
Адна з галоўных дыпламатычных перамог Пекіна ў гэтыя тыдні — перамовы з прэзідэнтам Францыі Эманюэлем Макронам. Сі Цзіньпін знайшоў для Макрона патрэбныя словы: параўнаў Кітай і Францыю. Маўляў, гэта дзве буйныя краіны з багатымі традыцыямі незалежнасці, "рашучыя прыхільнікі шматпалярнага свету".
Макрону, які даўно выступае за тое, каб Еўропа развівала незалежную геапалітыку без аглядкі на Вашынгтон, гэтыя словы прыйшліся да душы. Ён сказаў, што Еўропа не мусіць "быць уцягнутая ў крызісы, якія не нашы", цытуе французскага прэзідэнта Politico. "Не-нашыя крызісы" — гэта суперніцтва ЗША з КНР. Ці павінная Еўропа рэагаваць на тайваньскі крызіс гэтак жа, як ЗША? Макарон лічыць, што не.
Каментары Макрона не спадабаліся ні Еўропе, ні ЗША, але вельмі спадабаліся Пекіну.
"Усё, што можа аслабіць ЗША, падзяліць Захад і зблізіць краіны з Кітаем, ідзе на карысць Сі, — сказаў прафесар паліталогіі Ганконскага баптысцкага ўніверсітэта Жан-П'ер Кабестан. — Таму паездка Макрона разглядаецца ў Пекіне як буйная перамога".
Забраць у "Луі Вітона" і падзяліць
Макрона раскрытыкавалі, і асабліва моцна — усходнееўрапейскія дыпламаты, але пра гэта французскі прэзідэнт паразважае потым. Французы не збіраюцца мірыцца з яго планамі павысіць пенсійны ўзрост. І прыдумалі, дзе Макрону варта пашукаць грошай на пенсійную рэформу.
Суд вось-вось мае вырашыць, ці канстытуцыйны спрэчны законапраект. А напярэдадні сотні тысяч чалавек уўялі ўдзел у новым раўндзе дэманстрацый па ўсёй Францыі.
Пратэстоўцы ў Парыжы ўварваліся ў штаб-кватэру гіганта прадметаў раскошы Louis Vuitton.
"Калі Макрон хоча знайсці грошы для фінансавання пенсійнай сістэмы, ён мусіць прыйсці сюды", — сказаў прафсаюзны лідар Фаб'ен Вільд'е.
Гэтая рэформа даецца Макрону ну вельмі няпроста. Нядаўна падчас тэлеінтэрв'ю ён, расказваючы пра пенсійную рэформу, зняў пад сталом дарагі гадзіннік. Нібыта таму, што той гучна грукнуў па стале. Крытыкі Макрона ўчапіліся за гэты невялікі тэлефрагмент і, вядома ж, сказалі:
— "Прэзідэнту багацеяў" яго мянушка яшчэ ніколі не пасавала так добра, — цытавала ВВС прадстаўніка левай партыі "Нескароная Францыя".
Перамір'е, якое ўплывае на ўвесь рэгіён
І яшчэ адзін дыпламатычны поспех Кітая: у Емене праз дзевяць гадоў вайны пачаўся доўгачаканы абмен палоннымі, піша ВВС. І гэта прамое наступства пацяплення ў адносінах паміж Саудаўскай Аравіяй, якая падтрымлівала хусітаў у Емене, і шыіцкім Іранам.
Саудаўская Аравія і Іран спынілі стасункі ў 2016 годзе. А сёлета Кітай выступаў пасярэднікам і пастараўся памірыць дзве краіны. Тут жа загаварылі, што гэта паўплывае на ўвесь рэгіён.
І вось першыя вынікі — абмяняць плануюць каля 900 палонных.
Хутка свята
Ну а ў Вялікабрытаніі працягваюць рыхтавацца да каранацыі, піша CNN. Карла III карануюць у Вестмінстэрскім абацтве раніцай 6 мая. Да гэтых святочных выхадных распрацуюць нават спецыяльны смайлік — ён з'явіцца ў Твітары ў той дзень, калі ўсе будуць дзяліцца каралеўскімі хэштэгамі.
Чарльз, ён жа Карл, паедзе на каранацыю ў адной з найноўшых карэт каралеўскай калекцыі. А назад — у іншай карэце, вышынёй 4 метры. Так, так, усё гэта важна, але галоўнае — іншае. Карл плануе выкарыстаць каранацыю, каб памірыць членаў сваёй сям'і, расказвае Telegraph.
У тым ліку — аднавіць стасункі з мяцежным сынам Гары. У Карла ІІІ даволі тытулаў, але ж варта падумаць, ці не прысудзіць яму яшчэ адзін нефармальны: Карл ІІІ Эмпатычны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.