Імпрэза ў Мінску ахопіць 120 гадоў гісторыі польскай кінадакументалістыкі
19 і 20 кастрычніка ў Мінску ў Майстэрні сацыяльнага кіно пройдзе паказ польскіх дакументальных фільмаў 1948-2017 гадоў. Усяго будуць паказаныя 17 дакументальных фільмаў са скарбніцы польскага дакумента — “Паводка” Ежы Босака, “Музыканты” Казіміра Карабаша, "Сталяр" Войцеха Вішнеўскага, "З пункту гледжання начнога вахцёра" і "Сем жанчын у розным веку" Кшыштафа Кесьлёўскага, "Сёстры" Паўла Лазінскага, "Наш праклён" Томаша Слівінскага, "Повязі" Зоф’і Кавалеўскай, найноўшы пераможца фестывалю ў Канах — "Heart Therapy" Анны Цоль ды іншыя. Паказ будзе суправаджацца кароткімі лекцыямі "Класіка і авангард у польскім дакументальным кіно" Іаланты Кільян і "Штодзённае жыццё ў ПНР" Святланы Курс.
Імпрэза ахопіць 120 гадоў гісторыі польскай кінадакументалістыкі — ад першых эксперыментальных здымкаў Варшавы ХIX стагоддзя Казімежа Прушынскага да трыумфу польскіх дакументалістаў, фільмы якіх намінаваныя на "Оскар".
Паказ праводзіцца ў рамках праекта "Kласіка і авангард: польская кінадакументалістыка", падтрыманага Польскім інстытутам імя Міцкевіча, а таксама Міністэрствам культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы. Пачатак а 18-й. Адрас — Мінск, праспект Незалежнасці, 168, корпус 2, офіс 7.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.