Калгаснікам выдавалі заробак дохлымі цялятамі
Такія разлікі паўгода вяло сельскагаспадарчае прадпрыемства "Маладая гвардыя" Пінскага раёна.
Незвычайны спосаб выдачы заробку выкрыла праверка Камітэта дзяржкантролю Брэсцкай вобласці, піша газета "СБ — Беларусь сегодня".
Са студзеня па чэрвень такім чынам былі аформленыя 108 галоў маладняка. Памерлых жывёлаў выпісвалі работнікам па ўказанні кіраўнікоў прадпрыемства — каб схаваць падзеж. Праўда, разлік адбываўся толькі на паперы.
Увесну гаспадарка вымушаная была прырэзаць 24 каровы. Паўтушы змясцілі для захоўвання не ў халадзільнік, а ў сховішча для гародніны. У выніку эпідэміёлагі зрабілі выснову: больш за 4 тоны мяса на амаль 61 мільён рублёў тэрмінова трэба знішчыць.
Між іншага, кіраўніцтва "Маладой гвардыі" нават змудралася "карміць" дохлых жывёлаў. На іх спісаныя корм і малако на агульную суму каля 10 мільёнаў рублёў.
Дырэктара "Маладой гвардыі" звольнілі. 23 супрацоўнікі прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасці. Гаспадарка аштрафаваная.
Фота — apraksino.narod.ru