Канфіскаваць можна любое аўто, калі мець доступ да базы ДАІ
Як застрахавацца ад канфіскацыі аўто і як пагроза канфіскацыі зменіць сітуацыю на дарогах, разважае стваральнік сайта “Стоп-ДАІ” Аляксандр Старычэнка.
Закон аб канфіскацыі аўтамабіляў у нецвярозых кіроўцаў пачне дзейнічаць з 24 кастрычніка. Паводле яго канфіскацыі падлягаюць машыны кіроўцаў, якіх затрымалі нецвярозымі двойчы цягам аднаго года. Прычым — нават калі аўтамабіль належыць не аматару выпіць і сесці за руль.
Еўрарадыё: Як юрыст як вы ацэньваеце гэты закон?
Аляксандр Старычэнка: Найперш, закон спрабуе нам давесці, што аўтамабіль неабходна разглядаць як прыладу злачынства. І яго маюць права адпаведныя органы канфіскоўваць, як і зброю. Але, на мой погляд, аўтамабіль найперш не прылада злачынства, а прыватная ўласнасць. І не толькі таго, хто знаходзіўся за рулём, — гэта сумесна нажытая маёмасць яго сям’і. А ў выпадку, калі канфіскуюць “незалежна ад формы ўласнасці”, то гэта нават не яго прыватная ўласнасць. На мой погляд, тое, што такая норма закона магла быць прынятая насуперак Канстытуцыі, — сведчанне таго, што ў Беларусі ўвогуле ў людзей адсутнічае разуменне паняцця “прыватная ўласнасць”.
Давайце пойдзем далей і калі ў нейкім бары на вуліцы Маркса здзейснена злачынства — канфіскоўваць ва ўладальніка бар. У нас жа — “незалежна ад формы ўласнасці”!
Еўрарадыё: Наколькі вялікай праблемай стане прымяненне гэтага закона на практыцы? Да набыцця моцы застаецца крыху больш за два месяцы.
Аляксандр Старычэнка: Давайце казаць шчыра: калі спыняюць другі раз нецвярозым за рулём, то гэта ўжо не кіроўцы. Гэта — людзі, пазбаўленыя права кіравання аўтамабілем за нецвярозае кіраванне ці за адмову ад праходжання медычнага агляду не больш як 12 месяцаў таму. У іх ужо забралі правы і яны кіроўцамі лічыцца не могуць. А калі ізноў сеў канкрэтна нецвярозым за руль, ды яшчэ і без правоў, то гэта ўжо твае праблемы. Давайце лепш пагаворым пра тых, хто сеў за руль у “памежным стане нецвярозасці” — у каго ў крыві 0,3, ці 0,35, ці нават 0,4 праміле. Нагадаю, яшчэ паўтара года таму дазволеныя былі 0,5 праміле, а зараз — 0,3. Пагаворым пра тых, хто, як кажуць, “пасля ўчорашняга”. Па вялікім рахунку, гэта — людзі цвярозыя, яны здольныя думаць. І такі чалавек выдатна разумее, што любы ўзмах “паласатай палкай” азначае для яго страту транспартнага сродку. Цябе спынілі, на алкатэстары 0,3 і ўсё — гэта ўжо не твая машына. У лепшым выпадку — на некалькі гадоў. І тут узнікае пытанне: ці гатовы наш чалавек па сваёй волі расстацца са сваёй уласнасцю? Людзі проста не будуць спыняцца! Спыніўся — гэта на 100% ужо не тваё, не спыніўся — мізэрны, але шанец ёсць. Мы будзем сведкамі з’яўлення ў інтэрнэце новых ролікаў з гонкамі за парушальнікамі супрацоўнікаў ДАІ.
Хочуць падвысіць майстэрства кіравання аўто ў людзей такім чынам? Я не супраць. Але нагадвае нейкі цырк. Даішнікі распавядаюць, што ў іх 50 Škoda новых з’явілася — няхай яны лепш праз паўгода нам раскажуць пра тое, колькі іх у інспектараў засталося!
Еўрарадыё: Што ж рабіць сёння тым, хто ўчора выпіў “на шашлыках”?
Аляксандр Старычэнка: Адзінае, нагадаю, зараз мы кажам пра тых, хто ўжо быў затрыманы адзін раз і сеў за руль, таму што яму тэрмінова трэба было некуды ехаць. Але ўсе яны — “бяспраўнікі”, парушальнікі нават у тым выпадку, калі паехалі цвярозымі.
Еўрарадыё: Выглядае на тое, што гэты закон законапаслухмянаму чалавеку, які без правоў за руль не сядзе, нічым не пагражае?
Аляксандр Старычэнка: У прынцыпе, закон нават у такім выглядзе меў бы права на жыццё, калі быў давер да супрацоўнікаў міліцыі. Сёння “зляпаць” пратакол аб нецвярозым стане можна, не выходзячы з вашай студыі — галоўнае мець базу ДАІ. Да прыкладу, вы выйдзеце з офіса ў 17.00, усе вашы калегі гэта пацвердзяць, а вам пакажуць пратакол, дзе будзе напісана, што ў 17.01 вы, знаходзячыся на вуліцы Карла Маркса, не падпарадкаваліся законнаму патрабаванню супрацоўніка ДАІ, адмовіліся прайсці медагляд на алкагольнае ці наркатычнае і ўсё! Вы ж самі пацвердзіце, што вы ў гэты час на гэтай вуліцы былі. Тым больш што зараз сведкі не патрэбныя — дастаткова подпісу службовай асобы: “Ад подпісу адмовіўся”. А пасля другога такога “парушэння” вы будзеце спрабаваць даказаць, што вы — не алень. Але машыны ў вас ужо не будзе. Чаму такое развіццё падзей не разглядаеце? Тут нават не трэба кудысьці хадзіць — дастаткова ведаць звычкі чалавека і яго расклад дня.
Еўрарадыё: Фальсіфікацыя супрацоўнікамі пратаколаў сапраўды такая распаўсюджаная з’ява?!
Аляксандр Старычэнка: Вы заўсёды маеце пры сабе пашпарт, калі гуляеце пешкі па горадзе? Пераважная большасць пешаходаў пашпарту з сабой не мае. А вы вазьміце пратаколы за “пераход вуліцы ў неналежным месцы” і ўбачыце, што ў добрай палове ўказаныя звесткі са сведчання кіроўцы. Што, у нас такія дзіўныя пешаходы, што пашпарта з сабой не маюць, але правы — абавязкова?! Інспектарам даводзяць план, і ён павінен разбіцца, але даць даведзены паказчык: скласці, да прыкладу, 100 пратаколаў па такім вось артыкуле. І ён будзе план даваць. Спыняць кіроўцаў, прыдзірацца і тыя рады будуць заплаціць штраф за “пераход у неналежным месцы”, каб яго толькі адпусцілі без запісу ў талон. А ці гэта не тая ж фальсіфікацыя? А гэта — паказчык.
Еўрарадыё: Няўжо вы верыце ў тое, што супрацоўнікі ДАІ будуць канфіскоўваць па гэтым законе аўтамабілі на заказ?
Аляксандр Старычэнка: Пабачыце, такія выпадкі будуць!
Еўрарадыё: Чаму вы ў гэтым так упэўненыя?
Аляксандр Старычэнка: Таму што я ім не веру.
Еўрарадыё: Тое, што асабіста вы ім не верыце, не азначае, што канфіскацыя “на заказ” сапраўды будзе!
Аляксандр Старычэнка: Вазьміце суботні інцыдэнт у Віцебску з удзелам машыны ДАІ. Жанчына са Škoda потым распавядала: “Інспектары ДАІ нам сказалі, што мы “крыху не мелі рацыі”. У чым не меў рацыі кіроўца Škoda, які ехаў на зялёнае святло, а яму ў бок уехала даішная Opel Astra? І ці выкруціліся б яны, калі не відэарэгістратар таксіста? І такіх прыкладаў безліч! Вось вам і адказ на пытанне пра веру.
Еўрарадыё: У такім выпадку ўзнікае пытанне — як застрахаваць сябе ад канфіскацыі аўто, апроч таго, што нецвярозым за руль не сядаць?
Аляксандр Старычэнка: Я не ведаю. Шчыра. Зараз усе ў адзін голас крычаць, што нецвярозаму не месца за рулём. Згодны! Толькі гэтая аднагалоснасць будзе да таго часу, пакуль у некага абсалютна цвярозага машыну не канфіскуюць. Тады ён у першых шэрагах будзе абурацца: “Я ж быў цвярозы, а ў мяне канфіскавалі!” Мы ізноў вяртаемся да пытання — навошта канфіскоўваць? Зрабіце вялікія штрафы, а калі чалавек не можа заплаціць — тады канфіскоўвайце. І яшчэ: чаму на адным і тым ж парушэнні кіроўца Porsche Cayenne павінен страціць значна больш, чым кіроўца “Жыгулёў”? Дзе роўнасць перад законам?
Еўрарадыё: Выпадак, калі “памыліўся” алкатэстар — у іх жа прадугледжаная хібнасць. Што, калі менавіта яна “дацягне” да тых 0,3 праміле, дзе пачынаюцца праблемы? Як быць?
Аляксандр Старычэнка: Чамусьці беларусы разважаюць наступным чынам: колькі і чаго я магу выпіць, каб у мяне не было 0,3 праміле — бутэльку піва, 100 грамаў гарэлкі? Не трэба піць, а трэба цвярозым сядаць за руль! Гэтыя 0,3 праміле — гэта той допуск, які вам даецца на лекі, на квас ды кефір. Алкатэстар мусіць пацвердзіць небеспадстаўнасць патрабавання супрацоўніка ДАІ праехаць на медагляд.
Еўрарадыё: Наколькі рэальна даказаць у судзе, што ты не быў нецвярозы, ці — што ты не адмаўляўся ад медычнага агляду?
Аляксандр Старычэнка: Даказаць, што ты не парушаў, практычна немагчыма. Можна з-за працэсуальных памылак дабіцца таго, каб суддзя вынес рашэнне аб адмене даішнага рашэння. Але ў 99,9% выпадкаў там будзе — на новы разгляд. Суддзі баяцца ўзяць на сябе адказнасць і спыніць справу такога кшталту. І гэта будзе працягвацца да таго часу, пакуль адсутнічае персанальная адказнасць службовых асоб. Чаму, калі токар зрабіў “левую” дэталь, то яго пазбавяць прэміі, памёр пацыент — колькі ў “Экамедсэрвісе” арыштавалі? А ў даішнікаў такога практычна няма. Я ўвогуле за фінансавую адказнасць. Выпісаў інспектар 10 базавых — я іх заплаціў у бюджэт. А потым адстаяў сваю невінаватасць у судзе. Вось няхай той, хто такую ліпавую пастанову вынес, са сваёй кішэні 10 базавых пакладзе ў бюджэт!
Еўрарадыё: Цікава, няўжо нашы людзі не прыдумаюць, як абвесці вакол пальца і гэты закон, і дзяржаву?
Аляксандр Старычэнка: Вы хочаце абразіць нашых людзей? Я ўжо ведаю некалькі схем. Першая — браць крэдыт у банку, а ў залог пакідаць аўтамабіль. І ездзі сабе ў любым стане. Як толькі аўтамабіль канфіскоўваюць, вы можаце смела пераставаць плаціць крэдыт. І няхай тады дзяржава з банкам за гэты аўтамабіль змагаюцца. Як банк будзе забіраць у дзяржавы гэты залог — праблемы банка. А ёсць яшчэ грузавікі ды іншая спецтэхніка, якія ўвезеныя ў краіну паводле Дэкрэту №6 — без права адчужэння на 4 гады. Падыходзіць тэрмін, трэба збіраць грошы — садзіш за руль якога нецвярозага і сам выклікаеш ДАІ. Праз тыдзень — яшчэ адзін пратакол. Забіраеце машыну — забірайце! І ў нас ужо няма маёмасці, якая абкладаецца мытнымі падаткамі. Будзе і яшчэ нешта. А што будзе з машынамі замежных грамадзян — іх таксама будуць канфіскоўваць? А калі гэта будзе машына, да прыкладу, “Чырвонага крыжа” ці амбасады?
Еўрарадыё: Можа, дарэмна не было грамадскага абмеркавання гэтага законапраекта?
Аляксандр Старычэнка: На гэту тэму шмат пытанняў. Чаму расійскае заканадаўства ёсць у свабодным доступе ў інтэрнэце, а ў нас — на pravo.by, за ўваход куды трэба заплаціць? Чаму рэгламент МУС у Расіі абмяркоўваецца, а ў нас гэтая інфармацыя — для службовага карыстання? Як можна выконваць законы, калі іх не ведаеш?
Фота: Змітра Лукашука