Кіраўнік НАДА: “Допінг-пробы для беларусаў падаражаюць на 30%”

Кіраўнік НАДА: “Допінг-пробы для беларусаў падаражаюць на 30%”

Сусветнае антыдопінгавае агенцтва (WADA) прыняло рашэнне аб тым, што Расійскае антыдопінгавае агенцтва (РУСАДА) не адпавядае кодэксу арганізацыі. У сваім твітары арганізацыя тлумачыць: “Антыдопінгавыя арганізацыі не могуць праводзіць аперацыі, пакуль не адновяць якасць сваіх антыдопінгавых праграм і не пройдуць новую праверку на адпаведнасць”.

 

WADA ўвяла санкцыі пасля публікацыі даклада, у якім Расія абвінавачвалася ў сістэматычным ужыванні допінгу на дзяржаўным узроўні.

Як вядома, Нацыянальнае антыдопінгавае агенцтва Беларусі (НАДА) часцей за ўсё адсылала пробы на аналізы менавіта ў маскоўскую лабараторыю.

Цяпер аналізы спартсменаў накіроўваюць у Варшаву, кажа Еўрарадыё дырэктар НАДА Дзяніс Мужухін.

“Усе пробы, якія былі накіраваныя намі ў Маскву, іх лабараторыя паспела прааналізаваць і выдаць нам заключэнні яшчэ да забароны. А тыя пробы (не беларускія), якія ў іх засталіся недаследаванымі, WADA загадала за кошт Масквы адаслаць у іншыя лабараторыі”, — тлумачыць сітуацыю дырэктар НАДА.

Федэрацыю лёгкай атлетыкі Расіі дыскваліфікавалі за сістэматычныя парушэнні, распавядае Мужухін. Паказанні сведак апісвалі выпадкі, калі нават праводзілася падмена пробаў.

Добра, што да нашых спартсменаў гэта ніякага дачынення не мае. Разам з тым, допінг-кантроль ніхто, акрамя акрэдытаваных WADA лабараторый, праводзіць не можа. Для нас была найбліжэйшай маскоўская, пасля спынення яе працы такой стала варшаўская. Адсылка пробаў туды на 30% даражэйшая, кажа Дзяніс Мужухін.

У Беларусі ёсць свая лабараторыя, якая можа займацца антыдопінгавымі аналізамі, але яна не акрэдытаваная WADA. Ці можа закрыццё маскоўскай лабараторыі стаць шанцам для нас атрымаць ліцэнзію? 

Кіраўнік НАДА: “Допінг-пробы для беларусаў падаражаюць на 30%”
Фота: Reuters

Дзяніс Мужухін кажа, што да 2018 года WADA трымае мараторый на адкрыццё новых лабараторый у Еўропе. Але ўжо ў канцы гэтага года запланаваныя дыскусіі аб пераглядзе гэтай стратэгіі.

“Чым гэтыя перамовы скончацца, прагназаваць складана. Нам бы хацелася, каб на нашую мінскую лабараторыю звярнулі ўвагу. А сама акрэдытацыя — гэта таксама даволі доўгі працэс. Калі пачынаць сёння, гэта гады два зойме”, — тлумачыць Мужухін.

14 лістапада Міжнародная федэрацыя лёгкай атлетыкі часова адхіліла расійскіх спартоўцаў ад усіх спаборніцтваў, якія праводзяцца пад эгідай IAAF. Забарона ўключае ўдзел у Алімпійскіх гульнях 2016 года. Таксама Расія пазбаўляецца права правядзення двух буйных спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы, якія былі запланаваны на 2016 год, — каманднага Чэмпіянату свету па спартовай хадзе ў Чабаксарах і юніёрскага чэмпіянату свету па лёгкай атлетыцы ў Казані.

Галоўнае фота: РИА Новости

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі