Коммерсант: "Расатам" гатовы замяніць корпус рэактара на Беларускай АЭС
Расійская дзяржаўная карпарацыя "Расатам" гатовая выканаць патрабаванні Мінска і замяніць корпус рэактара на Беларускай АЭС. Пра гэта ў пятніцу піша газета "Коммерсант".
Напярэдадні беларускі міністр энергетыкі Уладзімір Патупчык заявіў, што прынятае рашэнне аб замене корпуса рэактара. У той жа дзень Мінэнерга Беларусі накіравала расійскаму боку афіцыйнае паведамленне пра гэта. Недавер да корпуса з'явіўся пасля таго, як у ліпені на будаўнічай пляцоўцы Беларускай АЭС адбыўся інцыдэнт — падчас спробы яго перанесці, з-за паломкі крана, ён дакрануўся да зямлі.
"Мы ўжо заяўлялі, што паставімся да такога рашэння з павагай, разумеючы, з якой прычыны яно можа быць прынята, таму што грамадская прымальнасць атамнай энергетыкі — не менш важны прыярытэт, чым яе бяспека. Будзем абмяркоўваць з заказчыкам дэталі, звязаныя з яго рэалізацыяй", — заявіў "Расатам".
Мяркуецца, што замена корпуса рэактара паўплывае на тэрміны ўводу ў эксплуатацыю Беларускай АЭС. Першы яе блок мусіў запрацаваць ужо ў 2018-м.