"Крах Расіі — гэта ім неабходна": эмацыйны маналог украінца
Юрый Быстрык
За трыццаць кіламетраў ад лініі фронту — ва ўкраінскім горадзе Сумы — жыве Юрый Быстрык. Сумская вобласць мяжуе з Курскай вобласцю Расіі.
Тры месяцы таму ён расказваў нам, як выглядае жыццё ў прыфрантавым горадзе. Тады ён сказаў, што жыць у Сумах — гэта як стаяць пад высакавольтнай лініяй. Нічога не адбываецца — але паветра як быццам трашчыць.
Цяпер усё змянілася: украінская тэхніка нядаўна праехала праз Сумскую вобласць — і выехала ў Расіі. Больш нельга сказаць, што "нічога не адбываецца".
Мы зноў зкантактавалі з Юрыем, каб распытаць, як змянілася жыццё ў Сумах пасля 6 жніўня, калі ўкраінскія войскі перасеклі мяжу з Расіяй. Гэтым разам мы гаварылі не па тэлефоне — дамовіліся, што наш суразмоўца напіша адказы.
На днях Юрый даслаў адказы. У іх словы "расія", "масква", "пецярбург" і "пуцін" напісаныя з маленькай літары, і наш суразмоўца хоча, каб так і засталося ў тэксце. Гэта не абдрукоўка, кажа Юрый. Ён не хавае, што ў свой тэкст уклаў шмат эмоцый. Тэкст выйшаў злейшым і эмацыйнейшым, чым наша папярэдняя размова.
За тыя пару тыдняў, што мы чакалі паведамлення ад Юрыя, Сумы двойчы траплялі пад моцны абстрэл. Адзін з прылётаў быў у двор, дзе Юрый калісьці здымаў кватэру.
Юрый — навуковы супрацоўнік Інстытута прыкладной фізікі Нацыянальнай акадэміі навук Украіны. Больш за два гады таму, 23 лютага 2022 года, ён атрымаў запрашэнне папрацаваць у адным з еўрапейскіх універсітэтаў. Але ў ноч з 23 на 24 лютага ўжо ведаў, што нікуды не паедзе. Яго папярэдняе інтэрв'ю можна прачытаць тут.
"У дзень наступу, 6 жніўня, пачынаючы з абеду, мы чулі выбухі"
— Як вы даведаліся пра наступ на Курск? Што абмяркоўвалі ў сям'і і на працы ў першыя дні наступу?
— Пра наступ на Курск я загадзя не ведаў. Бачыў, вядома, як і ўсе, перамяшчэнне тэхнікі. Але ўсе лічылі, што гэта для ўзмацнення мяжы. Плюс-мінус 99% насельніцтва і падумаць не магло, што цяпер можа быць наступ. Ды яшчэ і на гэтым участку.
У цэлым у наступ на расію я верыў — проста не ў такі цяжкі час, як цяпер. За некалькі дзён да гэтага мы бачылі незвычайную калону. Але я спісаў гэта на тое, што за час вайны адбывалася шмат незвычайнага. І тое, што я бачу зараз — гэта перадыслакацыя тэхнікі. А вось жонка была ўпэўненая, што яны едуць на мяжу.
Ехалі хутка, і атмасфера гэтага рову матораў сапраўды была вельмі бадзёрай. Па-ўкраінску гэта лепей гучыць — "бадьоро їхали". Але я ўсё роўна не паверыў. Што рабіць такой тэхніцы на мяжы ў дасяжнасці і КАБаў (кіраваныя авіяцыйныя авіябомбы. — Еўрарадыё), і артылерыі, і дронаў ворага? Навошта там стаяць?
Цяпер саюзнікі хапаюць нас за рукі, шантажуюць, запалохваюць і ўсяляк стрымліваюць, каб ні ў якім разе нават матылёк з нашага боку не заляцеў на той бок, бо гэта эскалацыя.
Таму гэтае вашае пытанне для нас усіх вельмі балючае і ва ўсіх кожны дзень на вуснах. Наш вораг — антыцывілізацыйны, ён не спыніцца, калі яго сілай не спыніць.
На шчасце, нашае вайскова-палітычнае кіраўніцтва перастала чакаць няіснага адказу ад саюзнікаў на пытанне "Чаму Украіна не можа перанесці баявыя дзеянні на тэрыторыю расіі?". Можа, павінна і будзе.
"Ці шмат вы бачылі заклікаў сысці хоць бы з часткі тэрыторыі Украіны ў абмен на Курскую вобласць?"
— Вы пісалі, што гэты наступ узмацніў і страхі. Людзі выязджаюць з горада? Гэта справакавала новую хвалю перасяленняў?
— Страхі ўзмацніліся, але яны ўзмацніліся яшчэ да наступу. Таму што ўсім было зразумела, што мы — наступныя. Яны, расіяне, лезуць усюды, куды могуць дацягнуцца. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова паглядзець на карту баявых дзеянняў — яны знішчаюць усё, што могуць, як толькі складваюцца зручныя ці патрэбныя для гэтага абставіны. Пытанне толькі ў тым, калі яны змаглі б дацягнуцца да Сумаў. Пытанне часу.
Вобласць ужо і так неміласэрна закідаецца КАБамі кожны дзень — і не адзін месяц. Даставалі б да Сумаў — рабілі б гэта. Так атмасфера пачала накаляцца даўно.
Мы разумелі, што адзіная прычына, па якой да гэтага часу не было наступу на Сумы — гэта іх правал у Валчанску Харкаўскай вобласці. Калі б яны не ўгразлі там, Сумскі кірунак быў б наступным звяном.
Ну як можна стрымацца, не палезці і не знішчыць яшчэ адну суседнюю вобласць? Рашуча нельга стрымацца, гэта не ў характары расіян.
Ёсць, вядома, у Сумах людзі, якія спалохаліся нашага наступу. Яны чамусьці таксама вераць у гэтую так званую "эскалацыю" і спадзяюцца, што маньякі заб'юць усіх навокал, а вось цябе ў цэнтры не крануць, калі не будзеш падымаць галавы.
Але іх усё ж меншасць. Таму і перасялення не здарылася. Хто хацеў — выехаў ужо даўным-даўно. Пра прычыны застацца я вам расказваў у мінулай гутарцы, нічога не змянілася. З таго часу прылётаў стала больш, стала небяспечней і цяжэй, але гэта было непазбежна.
— Вы жывяце ў нейкіх трыццаці кіламетрах ад Расіі. Калі-небудзь бывалі па той бок мяжы?
— У расіі я ніколі не быў, таму што заўсёды вельмі не любіў гэтую краіну. Хоць, вядома, цікавіўся яе культурай. Прычына простая: ёсць людзі, якія жывуць побач з вамі, але яны зусім іншыя. Яны гэта называюць "асобным шляхам".
Сутнасць сапраўды рускага чалавека — гэта не Дастаеўскі, а Мамлееў (рускі пісьменнік Юрый Мамлееў. — Еўрарадыё). Гэта руская метафізіка, нешта заганнае. І нездарма, пачаўшы з русафобіі і прайшоўшы праз эміграцыю, Мамлееў стаў эталонным вялікаросам.
Такога не пабачыш у іншых месцах, сапраўдны "асобны шлях". Чалавечая дапытлівасць штурхала мяне да вывучэння "культуры" чужых.
Сярод маіх знаёмых, вядома, вельмі многія былі ў расіі да 2014 года. У кагосьці сваякі, у кагосьці навуковыя канферэнцыі, спартыўныя турніры, заробкі. Ды проста паехаць маскву паглядзець. Хтосьці нават у перыяд з 2014-га па 2022-ы ездзіў. Але не ведаю ніводнага чалавека, каму б там спадабалася. І цяпер усім ужо зразумела чаму.
Тут лепш за ўсё падыходзіць вядомая байка аб адрозненні украінцаў ад расіян. Я яе з дзяцінства ведаў, а ўжо ў дарослым узросце мне яе расказаў зноўку адзін вельмі старэнькі дзядуля — лабарант універсітэта. Ён дапамагаў мне праводзіць заняткі і заспеў гвалтоўнае перасяленне ўкраінцаў у савецкім саюзе.
Тады чалавек, які прыехаў у рускую вёску, спытаў у мінака: чаму адна палова вёскі — уся ў квецені? Чаму там садок вишневий коло хати, хати наче писанки, а ў другой палове — цемра і безвыходнасць? Мінак адказаў — "А, дык там хахлы жывуць, вось і расце ў іх усё". Чалавек здзівіўся: "А ў вас чаму не расце?" Мінак сказаў: "А чорт яго ведае... ды мы і не саджаем..." Вось недзе так адрозніваецца жыццё па абодва бакі мяжы. Не растуць у расіян агульначалавечыя і цывілізацыйныя каштоўнасці, ды яны і не саджаюць.
— У нашай мінулай размове вы казалі, што жыць у Сумах — як стаяць пад высакавольтнай лініяй. А цяпер? Як прайшоў гэты дзень, як наогул цяпер выглядаюць вашыя дні?
— Стала цяжэй, 26 жніўня быў самы масіраваны абстрэл Украіны за ўвесь час вайны, дасталася і Сумам. Удары прыйшліся па цывільных, у тым ліку па прыватным сектары, ёсць загінулыя і параненыя. Я даўно не чуў такіх гучных выбухаў. Напэўна, з часоў авіябомбы, якая ўпала на прыватны квартал у лютым 2022-га.
Адна жанчына мне сказала нядаўна, што не можа спаць начамі, таму што больш за ўсё баіцца трапіць пад завалы і апынуцца прыціснутай з дзіцем плітой. Гэта жудасна.
Але гэта не выклікае жадання капітуляваць, як хочуць расіяне, бо капітуляцыя — гэта магчымасць для расіі зладзіць поўны генацыд украінцаў. Акрамя як супраціўляцца, іншага шляху ў нас няма. Большасць так лічыць. Паверыць яшчэ раз у Будапешцкі мемарандум або Мінскія пагадненні? Ніякія саюзнікі нічога нам гарантаваць не змогуць і не абароняць.
Як праходзяць мае дні? Трэба працаваць, маніторачы трывогі і навіны, падладжваючыся пад графік адключэння святла, пад выбухі і кананады кулямётных чэргаў. Часам суцяшаючы сябе, што ў гэты раз — дакладна СПА. Але гэта ўсё дробязь у параўнанні з тым, што вытрымліваюць нашы вайскоўцы. Таму ўсе трымаюцца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.