Круглякоў: У нас дзяржаўны кантроль, адсюль і такія вынікі на "Еўрабачанні"
Першы беларускі каментатар песеннага конкурсу Алесь Круглякоў разважае пра тое, што замінае Беларусі ўдала выступаць і хто б мог скарыць еўрапейцаў.
Прадстаўнікі Беларусі на "Еўрабачанні" дуэт Uzari & Maimuna з песняй Time не выйшлі ў фінал еўрапейскага песеннага конкурсу. Іх не выбрала журы і гледачы першага паўфіналу, які прайшоў у Вене 19 траўня. Чаму выступ на еўрапейскай сцэне прынёс нашай краіне чарговую паразу і ці ўвогуле Беларусь мае шанцы скарыць Еўрабачанне ў будучым? Пра гэта размаўляем з першым беларускім каментатарам "Еўрабачання", вядучым і журналістам Алесем Кругляковым.
Еўрарадыё: Як вы ацэньваеце выступ нашых выканаўцаў? Што перашкодзіла нам выйсці ў фінал?
Алесь Круглякоў: Гэта не найгоршы нумар, які Беларусь прадстаўляла на Еўрабачанні. Іншым разам былі нумары, за якія было не сорамна, але крыху смешнавата. Тут гэтага не было. Беларускія ўдзельнікі выступалі годна, варта еўрапейскага ўзроўню, але не болей за тое. Бо як бы Беларусь паставіла сабе планку — не быць горшай за еўрапейскіх удзельнікаў, зрабіць "еўрарамонт" у эстрадзе, у знешнім выглядзе. І калі "еўрарамонт" атрымаўся, то вось пераканаць публіку ў тым, што гэта нешта асаблівае — не.
Выступ Юзары і Маймуны ў паўфінале "Еўрабачання" ў Вене 19 траўня
Еўрарадыё: У размовах з нашымі журналістамі Аляксандр Ціхановіч адзначыў, што ў беларускіх удзельнікаў на Еўрабачанні не атрымалася паказаць дуэт, Маймуна выглядала недарэчна. Аляксандр Саладуха сказаў, што нумар быў зусім ніякі, скрыпачка выглядала стомленай. У чым можа быць прычына?
Алесь Круглякоў: У мяне крыху іншае ўражанне. Я так разумею, што Маймуна мусіла выглядаць у кадры як Ванэса Мэй, але па факце атрымаўся дысананс — слухаеш скрыпку, а твар зусім іншы. Гэта маё персанальнае ўражанне. Што ж тычыцца ўсяго нумару, то ён недароблены. Не ведаю нават чаму. У "Дзённіках Еўрабачання" паказвалі, што ў іх была і група падтанцоўкі, і харэограф з імі працаваў, аднак у нейкі момант вырашылі ад іх адмовіцца. Думаю, гэта было рашэнне творчага калектыва. Але ў выніку на сцэне чагосьці не хапала. Вы самі бачылі, што ў іншых выканаўцаў быў дасканала зроблены нават візуальны шэраг. Гэта цяпер дазваляе сцэна і сучасныя тэхналогіі, можна рабіць малюнкі, цені, бэкграўнды. Нашы, здаецца, выйшлі на нейкім зусім плоскім варыянце. Гэта магло прайсці, калі б у нас быў моцны музычны нумар. Калі ж музычная частка сярэдняя, трэба ілюстраваць, дадаваць аб'ём, нейкія рухі, харэаграфію. Чамусьці яны вырашылі гэтага не рабіць.
Юзары і Маймуна ў студыі Еўрарадыё
Еўрарадыё: Можа прычынай стаў недахоп грошай? Падрэзалі фінансаванне з-за ранейшых няўдач?
Алесь Круглякоў: Я не думаю, што грошы ў дадзеным выпадку штосьці вырашаюць, таму што гэты відэашэраг, наколькі я ведаю, робіцца сумесна з арганізатарамі, з рэжысёрамі, якія працуюць там на "Еўрабачанні". Таму гэта пытанні да рэжысёра і прадзюсара з беларускай дэлегацыі, чаму яны не дамовіліся, не вырашылі гэты момант.
Еўрарадыё: Можа быць мы проста адправілі на Еўрабачанне не тых выканаўцаў? Аляксандр Ціхановіч вось, напрыклад, заўважыў, што ў нацыянальным адборы былі мацнейшыя песні.
Алесь Круглякоў: Па вялікім рахунку, я магу ацэньваць толькі як глядач. Шчыра кажучы, з нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне" я асабліва нікога не магу прыгадаць. Хіба што “Мілкі”, якіх даволі настойліва піярылі, але зноў жа — яны былі крыху зеленаватыя на той момант. Што тычыцца астатніх, то я нават не назаву, што яны спявалі. “Старажылы” адбору на “Еўрабачанне”, яшчэ з маіх часоў Гюнэш, Жанэт, для іх удзел у адборы ― гэта ўжо від спорту. Але што яны спявалі, я нават і не памятаю.
Праект Аляксандра Рыбака "Мilki"
Еўрарадыё: А ў Аляксандра Рыбака з досведам перамогі ў “Еўрабачанні” было б больш шанцаў падцягнуць свой праект “Мілкі” да перамогі?
Алесь Круглякоў: Я думаю, у Рыбака быў прафесійны, еўрапейскага кшталту падыход. Але сам нумар (музычна) мне падаўся не вельмі ўдалым, гэта было нешта зробленае “на бягу”. Добра было б, калі б яны парэпетавалі разам, змянілі рэпертуар, дай ім Бог яшчэ раз паспрабаваць. Але пасля адбору я нешта не чуў нічога пра праект. То бок, гэта была аднаразовая з’ява, якая мусіла стрэліць, але не атрымалася. Можа тут і непаразуменне сярод журы сыграла ролю. Усё магло быць, але на той момант яны не ўразілі, былі “недапечаныя”.
Еўрарадыё: Можа ў нас адбор няправільны? Або мы недастаткова таленавітыя людзі? Мы з 12 разоў, колькі ўдзельнічаем у "Еўрабачанні", толькі 4 разы траплялі ў фінал.
Алесь Круглякоў: Тут можна правесці аналогію з наступным пытаннем — чаму сусветны рынак не заваявала мадэль аўтамабіля “Масквіч”? Чым яны маглі быць горшыя за “БМВ” ці “Форд”? Усё ж дзяржаўны кантроль над рэчамі, якія прыводзяцца ў рух камерцыйнымі рычагамі, у нас шкодзіць, тармозіць. Зірніце на Украіну. Яны не нашмат больш раскручаныя, не нашмат больш пастсавецкія, чым мы. Але за гэты перыяд у іх вельмі шмат нумароў рабіліся людзьмі з шоу-бізнэсу, які развіты лепш чым у нас. Яны падыходзілі да гэтага з крыху іншымі меркамі. Украінцы што ні год, то ў фінале, або і месца маюць у першай тройцы, або ўвогуле пераможцы. У нас жа паўсюль дзяржаўны кантроль, адсюль такія і вынікі.
Журналіст, вядучы Алесь Круглякоў
Еўрарадыё: Ці маюць разуменне тыя, хто займаецца адборам у Беларусі, што такое Еўрабачанне і які яно мае фармат?
Алесь Круглякоў: На жаль, наша разуменне падобнае таму, якое расіяне цяпер маюць да хакея, як быццам гэта нейкая спроба самасцвярджэння ў свеце. А трэба да "Еўрабачання" ставіцца як да забаўляльнага фармату. Тады можа б у гэтым было менш пафасу, менш палітыкі, менш дзяржаўнага ўмяшання, але былі б прафесійныя людзі, якія б ставілі эксперыменты, што апошнімі гадамі на "Еўрабачанні" вельмі вітаецца.
Еўрарадыё: А можаце намаляваць партрэт ідэальнага выканаўцы ад Беларусі на Еўрабачанне, які б меў шанцы на перамогу ў конкурсе?
Алесь Круглякоў: Па-першае гэта не павінен быць нейкі Аляксандр Матросаў, які з гранатай кідаецца на амбразуру, і калі ён не пераможа, то гэта будзе катастрофа і канец усёй кар’еры. Гэты надрыў перашкаджае, трэба крыху расслабіць нервы твару і падыходзіць да гэтага весялей. Гэта ж шоу! Шмат хто ў Еўропе гадамі дамагаецца перамогі, але яны маюць свой рэйтынг на экранах, яны даказваюць сваім гледачам, фанатам, на што яны здольныя. І з гэтага пункту гледжання трэба ацэньваць нашых патэнцыйных пераможцаў. Па-другое, нават у нас былі аналагі таго, што добра выстрэльвала потым на “Еўрабачанні”. Пару гадоў таму там выступаў турэцкі гурт, які вельмі нагадаў мне “Ляпісаў” яшчэ да іх палітычных ухілаў, такое добрае якаснае ска. Чаму б нам было не апярэдзіць туркаў і не паслаць тых жа “Ляпісаў”? Але паколькі дзяржаўная сістэма ў нас працуе па іншых правілах, у іх проста не было шанцаў.
Еўрарадыё: Можа нам сапраўды варта шукаць удзельнікаў на альтэрнатыўнай сцэне? Або паслаць тую ж “Троіцу”?
Алесь Круглякоў: Мне падаецца, што фолк ― увогуле адзін з брэндавых напрамкаў, якія адрозніваюць нашу музыку. Калі мы не можам змагацца ў поп-музыцы, у рэпе, то фолк у нас квітнее і буяе і на дзяржаўным, і на прыватным узроўні. Таму “Троіца” як варыянт — чаму не? Еўропа цяпер эксперыментуе, кожны год мы бачым на Еўрабачанні спробы нейкіх фрыкаў, аўтыстаў ці іншых нефарматных калектываў, якія б у іншых акалічнасцях не трапілі на экран ці на радыё. Як варыянт эксперыменту “Троіца” магла б быць, наколькі б яны стрэлілі, нельга цяпер прагназаваць, бо гэта як рулетка.
Гурт "Троіца"
Еўрарадыё: А чаму мы баімся адпраўляць на Еўрабачанне нейкую беларускамоўную песню?
Алесь Круглякоў: Гэта здзіўляе мяне ўжо 12 гадоў. Няма нічога больш натуральнага, чым здзівіць людзей тым, пра што яны проста не ведаюць. Пагадзіцеся, Еўропа не ўспрымае нас як самастойную нацыянальную адзінку, лічыцца, што мы нейкі прыдатак, аскепак Савецкага саюза. Адпаведна ад нас чакаюць, што мы размаўляем па-руску і спяваем па-англійску з рускім акцэнтам. І нашы чамусьці лічаць, што ад нас чакаюць менавіта англійскай мовы, хоць і дрэннай. Хаця мне, наадварот, вельмі імпануюць тэндэнцыі, якія пануюць на Балканах — будзеш іх душыць, але яны не зменяць сваю традыцыю спяваць на роднай мове. Французы раз-пораз дазвалялі сабе англійскую мову або ўстаўкі, ізраільцяне звычайна на дзвюх мовах спяваюць, каб усе чулі, што ёсць свая, даволі мілагучная. Так што трэба камусьці ўзяцца за мазгі, і я цярпліва чакаю, калі нарэшце вырашаць, што гэта можна зрабіць.
Еўрарадыё: Ці ёсць увогуле шанец у Беларусі перамагчы на "Еўрабачанні" пры сённяшняй палітычнай сітуацыі? Напрыклад, мы пераможам, адпаведна конкурс мусіць праходзіць у Мінску, а нам многія краіны скажуць: нельга сюды ехаць, тут палітвязні, рэпрэсіі і прэзідэнт-дыктатар?
Алесь Круглякоў: Толькі ў святле апошніх падзей гэта пытанне здымаецца само сабой. У Еўропе цяпер нашмат больш прэтэнзій да Расіі, чым да Беларусі. І тое, падавалася, калі выйдзе Гагарына, яе маглі абсвістаць. Але не, усё прайшло добра, за яе прагаласавалі, яна прайшла ў фінал. Перад ёй махалі вясёлкавымі сцяжкамі, нагадваючы, што ў Расіі не ўсё ў парадку з гэтым, але ўсё прайшло цывілізавана і ніякіх палітычных пытанняў ніхто не шые. Людзі слухалі музыку, вакал, ацэньвалі нумар, і расіянам нічога не перашкодзіла.