Лабараторыя: Мы і касцюм Hugo Boss рэзалі на шматочкі, каб даць сертыфікат

Роўна праз тыдзень прадпрымальнікі будуць працаваць па-новаму: з 1 ліпеня на тавар яны павінныя мець сертыфікаты ці дэкларацыі, без якіх прадаваць прадукцыю будзе нельга.

У “Дзяржстандарце” кажуць, што ажыятажу няма. Не асабліва актыўна звяртаюцца дробныя прадпрымальнікі і ў Баранавічах, Магілёве, Віцебску — прыходзяць адзінкі.

“Кансультуюцца многа, але ўсе чакаюць гадзіны “Х”. Сёння прыходзіла жанчына, індывідуальны прадпрымальнік, яна збіраецца афармляць дакументы. Але па досведзе ведаю — усе будуць сядзець і чакаць 30-га. Да таго ж у іх ёсць права рэалізоўваць лішкі да сакавіка наступнага года”, — у “Дзяржстандарце” заўважаюць, што дакладна аформленыя дакументы паскораць атрыманне сертыфікату ці дэкларацыі. Але да гэтага трэба прайсці лабараторыю.

Вядучы інжынер лабараторыі выпрабаванняў тэкстыльнай прадукцыі РУП “Цэнтр навуковых даследаванняў лёгкай прамысловасці” Паліна Кірылюк заўважае, што і да іх іпэшнікі ў чэргах не стаяць. Яна падрабязна тлумачыць, што рабіць прадпрымальнікам, каб атрымаць дэкларацыю ці сертыфікат. Дарэчы, РУП "Цэнтр навуковых даследаванняў лёгкай прамысловасці" як раз і сам акрэдытаваны і на правядзенне выпрабаванняў і на выдачу неабходных дакументаў.

“Калі прадпрымальніку неабходна дэкларацыя, эксперты лабараторыі скажуць яму, якія канкрэтна вырабы трэба прынесці на выпрабаванні. Калі ў прадпрымальніка партыя паліто, спецыялісты скажуць, якое паліто трэба пранесці на выпрабаванні. Мы зробім даследаванні на склад сыравіны верха і падкладкі, на паветрапранікальнісць, на ўтрыманне фармальдэгіду, на ўстойлівасць да сцірання, на ўстойлівасць фарбавання да поту, трэння і гэтак далей”,Паліна Кірылюк заўважае, што ў цэлым на выпрабаванне аднаго паліто трэба аддаць каля мільёна.

Дэкларацыя будзе дзейнічаць на партыю, пакуль яна не будзе рэалізавана.

Еўрарадыё паназірала, як перад атрыманнем дэкларацыі рэчы праходзяць выпрабаванні ў сталічнай лабараторыі на вуліцы Маякоўскага, 127 ці на Караля, 45.

Адзін з вытворцаў вопраткі прынёс кавалак чырвонай тканіны.

Спачатку фізіка-механічныя выпрабаванні.

“У лабараторыю тканіна ці рэч трапляе толькі з нумарам, гэта выключае чалавечы фактар. Лабарант не ведае, чыя тканіна, і праводзіць незалежны аналіз”, — кажа Паліна Кірылюк.

 

Тканіна добра праходзіць тэст на сціранне

Добрыя паказчыкі і пад час тэсту на напружанасць электрастатычнага поля! 

Разам з інжынерам-тэхнолагам Таццянай Фурсевіч мы правяраем тканіну на напружанасць электрастатычнага поля, на сціранне і паветрапранікальнасць. Нашая тканіна праходзіць усе выпрабаванні з даволі добрымі паказчыкамі.

Рушым на хімічны аналіз. Лабаранты вядуць адразу некалькі кліентаў, каб выпрабаванні праводзіліся больш аператыўна.

Каб правесці аналіз, патрэбна разрэзаць тканіну на пробы.

“Бывае, не супадае склад сыравіны. Але ў межах 5% гэта дапушчальна. Калі болей — трэба рабіць перамаркіроўку. Бывае, ідзеш на рынак, на бялізне напісана, што чыстая бавоўна, але мы ж бачым, што гэта поліэфір, і бавоўнай не пахне! Як ім дакажаш? Ніяк, яны так атрымалі, а кітайцы любяць пісаць “100% бавоўна”! Праўда, цяпер сталі больш шчырымі”, — кажа Паліна Кірылюк. 

Загадчыца хімічнай лабараторыі Святлана Дземідзюк расказвае Еўрарадыё, што хімічныя выпрабаванні больш працяглыя. Даволі хутка можна вызначыць толькі склад тканіны. Гэтае выпрабаванне праводзяць на вачах карэспандэнта Еўрарадыё. Але ў нас простая тканіна, якая ўтрымлівае толькі поліэфір.

Пакуль мы вызначаем склад, лабаранткі Алена і Марыя правяраюць тканіну на фармальдэгід, на ўстойлівасць фарбы да поту, сціркі.

Спачатку мы падпальваем тканіну, глядзім як яна сябе “паводзіць” пры гарэнні.

А потым змяшчаем яе ў шчолач і падаграваем. У нас поліэфірная тканіна — пры падагрэве яна распадаецца на шматочкі.

Шчолач і тэмпература  зрабілі сваю справу - у нас поліэфір! 

Для кожнага віду тканіны свае выпрабаванні. Таму, для прыкладу, высвятляем, з чаго зроблены купальнік, які прадаецца ў адным з гандлёвых цэнтраў Мінска. Бялізна рэжацца на пробы і змяшчаецца ў кіслату. Не праходзіць і 5 секунд, як ад купальніка застаюцца толькі нітачкі з эластану. Такую рэакцыю паказвае поліамід.

Купальнік і што ад яго засталося! Нітачкі - самы эратычны купальнік

“Наш кантроль увесь разбуральны, мы ж павінныя адрэзаць пробу. Калі атрымліваць дэкларацыю трэба — патрэбная адна рэч, а вось калі атрымліваць сертыфікат для бялізны ці дзіцячай вопраткі — патрэбна ажно тры-пяць рэчаў! У нас неяк і касцюм ад “Х’юга Бос” быў. Яго мы таксама рэзалі на пробы”, — заўважае Святлана Дземідзюк і дадае, што каб не псаваць сукенку ці джынсы, як у нашым выпадку, можна прынесці кавалак тканіны, з якой зшыты выраб.

Што будуць рабіць прадпрымальнікі, Святлана Дземідзюк не ведае — на хімічныя выпрабаванні патрэбны прыкладна тыдзень. І прадпрымальнікам патрэбна паспяшацца.

Але як паказаў рэйд Еўрарадыё па гандлёвых кропках сталіцы, прадпрымальнікі маюць дзве версіі развіцця сітуацыі: будуць шукаць месцы закупак разам з дакументамі ці перачакаюць, і… магчыма, нешта зменіцца і закон аб абавязковай сертыфікацыі адменяць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі