Жонка загінулага пілота: Замест прычын катастрофы — абцякальныя фармулёўкі
У пошуках прычын падзення вайсковых самалётаў звяртаемся да авіяэксперта, лётчыка, які паспяхова катапультаваўся, і жонкі загінулага пілота.
За паўтара месяца Беларусь страціла ўжо два дарагія вайсковыя самалёты. Якія былі прычыны крушэнняў — састарэлая тэхніка, некампетэнтнасць персаналу ці нябесная кара, — не паведамляюць нават папярэдне.
Еўрарадыё расшукала лётчыка Георгія Мішаева, які катапультаваўся з пашкоджанага Су-25 пад Лідай 30 верасня.
“Да пабачэння, мне з вамі нават не хочацца мець зносінаў”, — строгім голасам “вітаецца” пілот з Еўрарадыё.
“Усё з ім нармальна, пытанняў няма. Са здароўем усё ў парадку, ён ужо на працы, — кажа блізкі сваяк Георгія Мішаева. — Але на гэтыя тэмы яны лішні раз не размаўляюць нават з намі. Гэта лётчык, і такая спецыфіка працы, такія забабоны”.
Еўрарадыё: То бок Георгій не дзяліўся з вамі, ці можа быць звязанае крушэнне з узростам самалёта?
Сваяк лётчыка: “Усё ў свеце старэе. Я сам у мінулым вайсковы тэхнік і гэтую тэхніку добра ведаю. Яна нармальная, мадэрнізаваная, нічога тут страшнага няма. Але здарыцца можа ўсё. Гэта нармальная статыстыка. Так было і ў савецкія часы. Што паробіш — сама па сабе праца небяспечная”.
Іншы пілот, які катапультаваўся 11 лістапада ўжо з МіГ-29 праз “няштатную сітуацыю”, таксама “не пацярпеў”.
Хоць суверэнная Беларусь яшчэ ніколі не брала ўдзелу ў войнах, нашы вайсковыя лётныя апараты разбіваюцца рэгулярна. У мірны час мы страцілі ўжо 8 самалётаў. А кожны экземпляр каштуе мільёны долараў. Пры гэтым толькі з 2009 года крушэнні пацярпела шэсць самалётаў і верталёт.
“У чым прычына катастроф?” — цікавімся ў аўтарытэтнага беларускага авіятара, палкоўніка ў адстаўцы Юрыя Сушкіна.
“Калі б вы да мяне звярнуліся не на фоне нейкага авіяцыйнага здарэння, а ў іншы час, з клопатам аб бяспецы палётаў, можна было б паразмаўляць, — інтэлігентна ўнікае гутаркі Юрый Леанідавіч. — А цяпер я не магу выказваць здагадкі. Следчы не мае права да заканчэння следства выказваць меркаванні. Спачатку трэба высветліць сапраўдную прычыну”.
Святлана Жураўлевіч, удава загінулага ў 2009 годзе беларускага лётчыка, лічыць, што так і не атрымала грунтоўнай інфармацыі пра прычыны гібелі мужа. Нагадаем, што трагедыя здарылася падчас авіяшоў у польскім Радаме. Асы беларускай авіяцыі Аляксандр Жураўлевіч і Аляксандр Марфіцкі не паспелі катапультавацца, бо адводзілі пашкоджаны самалёт ад населенага пункта.
“Замест прычын катастрофы я чула толькі абцякальныя фармулёўкі, якія не ствараюць поўнай карціны таго, што адбылося”, — лічыць Святлана Жураўлевіч.
Еўрарадыё: Грамадская думка такая, што прычына можа быць у старым узросце самалётаў…
Святлана Жураўлевіч: “Ну вось вы, напэўна, і адказалі на гэтае пытанне. Калі гэта здарылася, многія спрабавалі даць адказы. А потым кіраўніка ВПС пасадзілі ў турму. Груба кажучы, пытанне замялі…”
Як паведамлялася, крымінальныя справы па факце крушэння Су-25 і Міг-29 “прынятыя да вытворчасці”. У прыватнасці, па апошнім факце справа распачатая па артыкуле “Парушэнне правіл палёту і падрыхтоўкі да яго”.