Літва можа ўвайсці ў топ-5 па вакцынацыі ад COVID-19 у Еўропе
Былая прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ робіць прышчэпку ад каранавіруса / "Новая газета — Балтия"
Згодна з Мінздароўя, з красавіка 2021 года ў Беларусі пачнецца масавая вакцынацыя ад каранавіруса. Зрабіць прышчэпку змогуць усе ахвотныя. Пакуль жа расійская вакцына "Спадарожнік V" у нашай краіне даступная толькі для сацыяльна ўразлівых груп — дактароў, педагогаў і г. д.
У той жа час у суседняй Літве працэс вакцынацыі насельніцтва ідзе ва ўсю. Краіна па тэмпах прышчэплівання грамадзян лідзіруе сярод краін Балтыі і планамерна нарошчвае абароты, піша "Новая газета — Балтия". Калі працэс, як сцвярджаюць улады, паскорыцца, Літва можа ўвайсці ў топ-5 еўрапейскіх краін па колькасці ўжытых доз вакцыны на 100 чалавек. На цяперашні момант адну дозу вакцыны атрымалі 8,4% жыхароў Літвы. Для параўнання: сярэдні паказчык па ЕС — 6,8%.
Паводле ацэнак экспертаў, для вяртання да нармальнага жыцця і выпрацоўкі калектыўнага імунітэту неабходна вакцынаваць не менш за 70% насельніцтва. На думку выдання Politico, для таго, каб падысці да гэтай адзнакі і вакцынаваць каля 70% жыхароў, Літве неабходна прышчэпліваць па 14 515 чалавек у дзень. Цяпер у сярэднім штодня хоць бы адну дозу вакцыны атрымліваюць 7182 чалавекі. Гэта азначае, што да жаданага выніку краіна падыдзе толькі ў траўні 2022 года.
У канцы лютага прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што рэспубліка разлічвае вакцынаваць 70% дарослага насельніцтва краіны яшчэ да сярэдзіны лета. Ва ўрадзе падзяляюць гэты пункт гледжання, але з агаворкай: гэта магчыма толькі ў тым выпадку, калі ЕС як арганізацыя выканае свае абяцанні і ў Літву будуць пастаўлены вакцыны. Згодна з планамі, у першым квартале дзяржава павінна атрымаць 600 тысяч доз, у другім квартале — яшчэ тры мільёны. Калі ўсё пройдзе паспяхова, гэта дазволіць прышчапіць не менш за два мільёны жыхароў. У такім выпадку выпрацуецца калектыўны імунітэт.
На цяперашні момант у Літве ўжо завяршылася вакцынацыя медыцынскага персаналу. За два месяцы, пачынаючы з канца снежня, было вакцынавана звыш 60 тысяч работнікаў бальніц, паліклінік і іншых медустаноў. Сцвярджаецца, што імунітэт да каранавіруса ёсць як мінімум у 75% медыкаў краіны — гэта паказалі аналізы на наяўнасць антыцелаў. У Літве медыкі абавязаны рэгулярна правярацца і на SARS-CoV-2 і на антыцелы.
Яшчэ ў лютым у Літве прыступілі да вакцынацыі педагогаў у дзіцячых садках і школах, пенсіянераў, старэйшых за 70 гадоў, анкалагічных хворых, хворых на ВІЧ, вайскоўцаў, супрацоўнікаў разведслужбаў і спартсменаў, якія павінны прыняць удзел у летніх Алімпійскіх і Параалімпійскіх гульнях у Токіа. У рамках агульнага парадку былі прышчэплены былыя кіраўнікі краіны — Вітаўтас Ландсбергіс, прэзідэнты Валдас Адамкус і Даля Грыбаўскайтэ.
У сакавіку медустановы Літвы пачалі запрашаць на прышчэпкі асоб ад 65 да 69 гадоў. Мяркуецца, што ўсебаковы працэс вакцынацыі пенсіянераў завершыцца да канца красавіка. Разам з імі прышчапляюць і людзей, якія пакутуюць на хранічныя захворванні. Большую частку з іх павінны прышчапіць да пачатку траўня, астатніх — не пазней за ліпень.
У пачатку красавіка павінны пачаць вакцынаваць людзей, якія знаходзяцца на стацыянарным лячэнні ў псіхіятрычных бальніцах і клініках. Большую частку плануюць прышчапіць дзвюма дозамі яшчэ ў красавіку. Услед за імі прышчэпку атрымаюць асобы, якія "выконваюць важную функцыю ў жыцці грамадства". Далей прышчапляюць астатніх жыхароў.
Прэзідэнт рэспублікі анансаваў, што масавае вакцынаванне стартуе ў пачатку траўня. Паводле яго слоў, будуць разгорнутыя пункты вакцынацыі — у дзень плануюць прышчапляць па 35 тысяч чалавек, у краіны для гэтага ёсць рэсурсы, а цяпер ідзе падрыхтоўка.
У цяперашні момант у Літве жыхароў прышчапляюць вакцынамі Pfizer/BioNTech, AstraZeneca і Moderna. У будучыні таксама плануюць выкарыстоўваць вакцыну Johnson & Johnson. Акрамя таго, урад набывае французскую вакцыну Valneva, якая на ўзроўні ЕС пакуль не ўхвалена. Тым не менш улады выказваюць гатоўнасць задзейнічаць яе ў працэсе.
Па стане на 4 сакавіка першую дозу вакцыны ў Літве атрымалі каля 228 тысяч чалавек, дзвюма дозамі вакцынаваныя звыш 90 тысяч жыхароў.
Па апошніх звестках глабальнага рэсурсу Our World in Data, у сусветным топ-5 краін па долі жыхароў, якія атрымалі хоць бы адну дозу вакцыны, уваходзяць Ізраіль (58,2%), Аб'яднаныя Арабскія Эміраты (32,5%), Вялікабрытанія (33,3%), Чылі (22,1%) і ЗША (18,3%).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.