Літва зноў налічыла больш за ўсё турыстаў з Беларусі
420 тысяч беларусаў складаюць 20% турыстычнага рынку суседняй краіны. Расіяне — 19%.
У пазамінулым годзе беларускія турысты сталі самымі масавымі ў Літве. Як аказалася, беларусы працягваюць біць рэкорды, хоць у спіну ім ужо і дыхаюць расіяне.
“Беларускія турысты складаюць каля 20% рынку. І ў 2013 годзе колькасць беларускіх турыстаў склала каля 420 тысяч чалавек. Ёсць рост каля 12%. Беларусы знаходзяцца на тонкім лязе побач з Расіяй. На дадзены момант беларусы — 20%, расіяне — 19%. Далей Латвія, Польшча і Германія”, — дзеліцца дадзенымі з Еўрарадыё спецыяліст аддзела мэтавых рынкаў Дэпартамента турызму Літвы Томас Яцкевіч.
У Віленскім інфармацыйна-турысцкім цэнтры нам распавядаюць, колькі налічылі летась нашых суайчыннікаў у літоўскай сталіцы:
“Летась з Беларусі прыехала на 37,5% больш. Гэта ўжо статыстыка не толькі нашых цэнтраў, але гасцініц, рэстарацый і ўсіх іншых аб'ектаў, куды прыходзяць турысты. У лічбах па горадзе ёсць больш чым 67 тысяч турыстаў з Беларусі”.
Чым беларусаў так прываблівае прыбалтыйская краіна? Вядома, сваім шопінгам. Дастаткова палічыць колькасць машын з беларускімі нумарамі ля гандлёвага цэнтра “Акропаліс” у суботу ці нядзелю, і ўсё становіцца зразумелым. Але не толькі гэта. Працягвае Томас Яцкевіч:
“Асноўнае, канешне, гэта шопінг, забавы, адпачынак, спа, гэта Друскінінкай, не толькі Вільня. Беларускія турысты вельмі любяць Друскінінкай, зараз і Бірштанас пачынае падцягвацца. Мы ідзём наперад, і вашы турысты не губляюцца”.
Тым часам кіраўнік літоўскага турыстычнага агенцтва “Orbituras” Галіна Бубер-Ляховіч кажа, што Літва можа прапанаваць больш магчымасцяў для адпачынку, чым Беларусь. Напрыклад, тое ж марское ўзбярэжжа. А таксама тлумачыць, чым беларускія турысты адрозніваюцца ад усіх іншых:
“Ніводная іншая краіна так шопінгам не цікавіцца. Тыя ж палякі ў асноўным такога пілігрымкавага тыпу: славутасці, культура. Скандынавы, якія да нас масава едуць, — у асноўным, культурныя забавы, экскурсіі. Рускі турыст — у асноўным адпачынак, культурныя забавы і шопінг таксама”.
Паводле словаў Галіны Бубер-Ляховіч, апошнім часам беларусы пачалі не толькі цікавіцца таннымі літоўскімі закупамі, але прыязджаюць і нешта паглядзець.
Цікава ўзгадаць, што ў той час як літоўцы гавораць пра больш чым 400 тысяч беларускіх турыстаў за год, Белстат заўважыў у Беларусі толькі каля 13 тысяч турыстаў з-за межаў СНД (паводле дадзеных за 2012 год).
Фота: vilniustransfer.com