Літвіна: Хаваць трагічную інфармацыю – злачынства перад грамадствам
Нагадаем, Генпракурор Рыгор Васілевіч заявіў, што ў шэрагу асобных СМІ ў інтэрнэце адбыліся "скокі на касцях", маўляў, публікацыі мелі здзеклівы, зневажальны сэнс, былі разнастайныя спекуляцыі ды інсінуацыі.
Нагадаем, Генпракурор Рыгор Васілевіч заявіў, што ў шэрагу асобных СМІ ў інтэрнэце адбыліся "скокі на касцях", маўляў, публікацыі мелі здзеклівы, зневажальны сэнс, былі разнастайныя спекуляцыі ды інсінуацыі.
Літвіна адзначыла, што ў першую чаргу ўладу раздражняюць інтэрнэт-парталы. І найбольш жорсткую рэакцыю выклікалі каментары, якія суправаджаюць інфармацыю пра апошнія трагічныя падзеі. Але праз ціск і пераслед немагчыма прымусіць СМІ кіравацца этычнымі нормамі, упэўненая кіраўніца БАЖ.
Літвіна: "Гаворачы пра саму тэндэнцыю хавання інфармацыі, я б прыгадала той досвед, які ў нас ужо ёсць і звязаны з трагедыяй на Нямізе. Тады 10-12 гадзінаў пасля здарэння маўчалі нашыя дзяржаўныя тэлеканалы, радыё маўчала. Гэты кантроль улады за СМІ не дазваляе ў поўнай меры быць ім адказнымі. Думаю, што перш чым выдаць нейкую інфармацыю, асабліва пра трагічныя падзеі, кіраўнікі ўзгадняюць сам факт падачы інфармацыі з вышэйшымі эшалонамі ўлады. І тым самым, я не саромеюся гэтага сказаць, злачынства перад сваім грамадствам і перад сваімі людзьмі. Я добра памятаю тую ноч пасля Нямігі, калі сотні людзей у пошуках сваіх дзяцей кідаліся ад адной бальніцы да другой, проста пазбаўленыя ўяўлення і ўсялякай інфармацыі да канца пра тое, што адбылося…"
На думку Літвіной, нельга прымусіць СМІ быць прафесійнымі і адказнымі, не забяспечыўшы іхную свабоду. Трывожным яна назвала той факт, што дзяржаўным СМІ ўсё дазволена – нават тыражаваць неэтычныя, хамскія выказванні. А з іншага боку, улада пераследуе незалежныя СМІ, якія дазваляюць сабе меркаванні, якія не супадаюць з пазіцыяй улады.
Аднак эксперт не спяшаецца рабіць высновы наконт далейшых магчымых рэпрэсіяў супраць недзяржаўных СМІ
Літвіна: “Інфармацыйная прастора поўніцца, напоўнена ўсялякімі супярэчнасцымі. З аднаго боку, пагрозы, якія гучаць з вуснаў кіраўніка дзяржавы. А з іншага боку, напрыклад у сённяшняй “СБ” ёсць цытаты Аляксандра Радзькова: абурэнне і зноў абвінавачванне сродкаў масавай інфармацыі, што яны самі ўвесь цяжар адказнасці перакладаюць на плечы апазіцыі. Думаю, што патрэбны нейкі час, каб з гэтым усім разабрацца і паглядзець, як далей будуць дзейнічаць улады”.
Дарэчы, Генпракурор заявіў, што нейкую частку аўтараў недапушчальных па сваім змесце публікацый выклічуць на допыты ў межах расследавання крымінальнай справы. На думку Літвіной, для журналіста найлепшая абарона ў такой сітуацыі – трымацца ў сваёй прафесійнай працы толькі фактаў. Калі журналіст абапіраецца на факты, то гэта і робіць яго абароненым.
Фота: eklezk.ucoz.ru