Лукашэнка: Дай чалавеку працу — ён ніколі не возьме вінтоўку ў рукі
Дай чалавеку працу — ён ніколі не возьме вінтоўку ў рукі. Гэтую формулу Аляксандр Лукашэнка агучыў падчас сустрэчы ў Мінску з першым намеснікам генсакратара ААН Амінай Махамед. Ён падкрэсліў, што наша краіна — надзейная апора ААН. Таксама Лукашэнка выказаў спадзяванне, што ў будучыні будзе шматпалярны свет і ў цэнтры яго зможа быць “кожны чалавек”, а Еўропа адыграе важную ролю ў вырашэнні праблем сучаснасці.
Аміна Махамед прыбыла ў Беларусь для ўдзелу у Рэгіянальным форуме нацыянальных каардынатараў па Мэтах устойлівага развіцця. Па словах Лукашэнкі, Беларусь нямала зрабіла, каб гэтае мерапрыемства адбылося на нашай зямлі.
“Прычынай усёй бязладзіцы, у тым ліку самай вялікай праблемы — тэрарызму, з’яўляецца менавіта нераўнамернае развіццё дзяржаў, што спараджае найперш беднасць, — цытуе словы кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба. — Мы прытрымліваемся той формулы, што дай чалавеку працу — ён ніколі не возьме вінтоўку ў рукі”.