Лукашэнка на нарадзе спытаўся, чаму тытунь не хочуць прадаваць у ЕС
4 снежня на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі разглядаюцца прапановы па змене сістэмы працы ў тытунёвай галіне (аб удасканаленні вытворчасці і рэалізацыі дадзенай прадукцыі). Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, прычыны дзве — вялікі попыт на гэтую прадукцыю ў замежжы ("бюджэт ад гэтага атрымлівае вялізныя сродкі", сёлета чакаецца 0,5 млрд долараў) і прапановы асобных прадстаўнікоў беларускага бізнесу ("як сцвярджаюць самі бізнесмены, патэнцыял нашай тытунёвай галіны далёка не вычарпаны").
"Да мяне нават апошнім часам звярнуліся замежныя прадпрымальнікі пра тое, што нашы прадпрыемствы не хочуць прадаваць прадукцыю на экспарт, — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА. — Ёсць вялікія нішы, нават у Еўрапейскім саюзе. Яны нам выгадныя. Чаму мы не хочам іх запаўняць?".
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што гэта няправільна, тым больш, што гаворка ідзе пра значную крыніцу папаўнення бюджэту. Таму ён даваў даручэнне праверыць інфармацыю пра нежаданне гандляваць тытунем з замежжам. Што да прапанаваных схемаў, дык кіраўнік дзяржавы гатовы іх падтрымаць, калі яны адпавядаюць інтарэсам дзяржавы.
Віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы паведаміў на нарадзе, што ў параўнанні з 2000 годам вытворчасць тытунёвай прадукцыі павялічылася больш чым у тры разы. За гэты час экспарт вырас больш чым у 16 разоў, а імпарт скараціўся больш чым у 25 разоў. На сённяшні дзень унутраны рынак нашай краіны забяспечаны айчыннай тытунёвай прадукцыяй на 95%.