Лукашэнка: Выпадкова нарваўся на ток-шоў пра кіно, проста сорамна было слухаць
У аўторак Аляксандр Лукашэнка выказаўся пра праблемныя моманты ў сацыяльнай сферы, у ахове здароўя, у адукацыі і кіно. Ён лічыць неабходным палепшыць кадравую сітуацыю ў сацыяльнай сферы, якая "пакідае жадаць лепшага". Пра гэта ён заявіў у аўторак падчас сустрэчы з віцэ-прэм'ерам Наталляй Качанавай (яна адказвае за сацыяльную сферу), якую прымаў з дакладам. Лукашэнка адзначыў, што неабходна вырашаць праблемы ў адукацыі, хаця яны і "не носяць глабальнага арактару". У спорт уклалі "вялізныя сродкі", а выніку няма.
Згадаў Аляксандр Лукашэнка і "праблемныя моманты" ў сферы адказнасці Мінкультуры. У прыватнасці, гэта тычыцца кіно.
"Выпадкова нарваўся на ток-шоў пра кіно. Проста сорамна было слухаць, — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА. — Аказваецца, у нас не здымаюць кіно, як некаторыя кажуць, таму што ідзе рамонт на кінастудыі "Беларусьфільма". Тады паўстае пытанне, а што, у часы [рэжысёра] Пташука, калі ён здымаў "У жніўні 44-га", лепшыя ўмовы былі? Не. Але фільм знялі добры".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што прапаноўваў "кіношнікам": "пакладзіце мне на стол сцэнар нармальнага глыбокага ідэйнага фільма", альбо "лёгкага, простага, але цікавага для народу". Па словах Лукашэнкі, сцэнару ён не дачакаўся.