Лявон Баршчэўскі: Тэмперамент Транстромера — хутчэй, беларускі
Нобелеўскую прэмію па літаратуры атрымаў шведскі паэт Томас Транстромер. На беларускую мову ягоныя творы перакладаў Лявон Баршчэўскі.
Еўрарадыё: Што вас закранула ў паэзіі Томаса Транстромера, чаму вы пераклалі яго на беларускую мову?
Лявон Баршчэўскі: Нягледзячы на тое, што гэта сёння не модна, ён дастаткова нацыянальны паэт, прынамсі можна сказаць, што ён скандынаўскі паэт. У яго радках чуецца, што гэта не француз, не італьянец, не партугалец, не расеец, не паляк. У падтэксце ёсць нейкае адчуванне гэтай Швецыі, гэтага мора, гэтых прастораў. І ўсё гэта не проста апісальніцтва, гэта філасофскі роздум, медытатыўная, рэфлексіўная лірыка. Тым і прывабіў. Там крыху быў элемент выпадку, бо паэт Алесь Аркуш некалі падарыў мне кніжку яго выбраных вершаў, і сказаў, што цікавы паэт. Потым я пачытаў, мяне некаторыя вершы зацікавілі.
Еўрарадыё: Вы ведаеце так шмат моваў, што калі дарыць вам кнігі на замежных мовах — вельмі вялікая верагоднасць, што з’явіцца пераклад на беларускую.
Лявон Баршчэўскі: Сапраўды, напрыканцы дзевяностых гадоў у нас са шведскай мовы амаль ніхто акрамя мяне не перакладаў. Яшчэ Валер Буйвал, але ён перакладаў прозу. А цяпер у нас падрасло маладое пакаленне. І я спадзяюся, што цяпер праблемай не стане, калі давядзецца, напрыклад, рабіць выбранае таго ж Транстромэра ці каго іншага.
Еўрарадыё: Беларусы сапраўды ў яго паэзіі могуць адкрыць нацыянальны характар?
Лявон Баршчэўскі: Так, ён нечым блізкі нам, бо тэмперамент яго — хутчэй, беларускі. Хоць гэта ў асноўным усё ж верлібр, але сама рытміка верша павольная, яна больш нагадвае беларускага аўтара, чым, скажам, паўднёваеўрапейскага ці лацінаамерыканскага.
Еўрарадыё: А беларускія паэты перакладаюцца на шведскую мову?
Лявон Баршчэўскі: Толькі што выйшаў зборнік Андрэя Хадановіча па-шведску. У нас ёсць свой двухмоўны шведска-беларускі паэт Дзмітрый Плакс, які выдаваўся не раз. Ну і акрамя таго, я лічу, што Алесь Разанаў, Рыгор Барадулін, Уладзімір Някляеў, Генадзь Бураўкін, Андрэй Хадановіч, Уладзімір Арлоў — яны паэты таго ж узроўню, яны не горшыя паэты за Томаса Транстромэра. Проста, на жаль, сапраўды пакуль вельмі мала перакладзена нашых паэтаў не толькі на шведскую, нават на тую ж англійскую мову.
Еўрарадыё: Творчасць каго з беларускіх паэтаў можна параўнаць з паэзіяй Томаса Транстромера?
Лявон Баршчэўскі: Я, хутчэй, параўнаў бы Алеся Разанава. Хаця, Разанаў усё-такі, як мне здаецца, больш схільны да фармальнага эксперыменту, чым Томас Транстромер. Але па медытатыўнасці, па рэфлексіўнасці іх можна паставіць побач.
Еўрарадыё: А чаму, на вашу думку, абралі менавіта Томаса Транстромера?
Лявон Баршчэўскі: Вельмі многа пачэсных кандыдатаў, і гэта, у пэўным сэнсе, латарэя – каму дастанецца сёлета. Ёсць шэраг творцаў, якіх ведаюць ва ўсім свеце, але якія так і не дажылі да свайго Нобеля. Томас Транстромер, бачыце, толькі на васьмідзесятым годзе жыцця здолеў атрымаць. Не без таго, таксама, што шведскія творцы на радзіме раз у пятнаццаць-дваццаць гадоў атрымліваюць гэтую прэмію. Але хачу сказаць, што ў гэтым выпадку не хачу прынізіць Транстромера, ён заслужыў гэтую прэмію як паэт.