МАП увядзе “санкцыі аж да эканамічнай блакады” супраць рэжыму: што гэта значыць?
Лукашэнка ўжо так абкладзены санкцыямі, што захады МАП наўрад ці паўплываюць на яго палітыку / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Міжнародная арганізацыя працы (МАП) вырашыла прымяніць 33-і параграф супраць беларускага рэжыму. “Гэта могуць быць эканамічныя санкцыі аж да эканамічнай блакады”, — кажа першы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.
Яшчэ некалькі гадоў таму параграф 33 быў нечым накшталт “ядзернай зброі” у адстойванні працоўных правоў, бо сапраўды мог пакласці эканоміку на лапаткі, адзначае былы член Савета прафсаюза РЭП, кіраўнік дабрачыннага фонду BYSOL Андрэй Стрыжак. Але цяпер рэжым Лукашэнкі назбіраў пакет з санкцыйнымі пакетамі. Таму эффект ад санкцый МАП будзе зусім іншы і наўрад ці дапаможа палепшыць сітуацыю з парушэннем правоў беларусаў.
Што за 33 параграф МАП?
33 параграф вельмі маленькі, і нічога пра эканамічную блакаду ці пра забарону экспарту там няма. Калі які-небудзь з членаў МАП не выканае ва ўстаноўлены тэрмін рэкамендацыі арганізацыі, то “Адміністрацыйны савет можа рэкамендаваць канферэнцыі такія дзеянні, якія ён палічыць мэтазгоднымі для забеспячэння выканання гэтых рэкамендацый”, адзначаецца ў гэтым параграфе. Прэтэнзіі МАП у выпадку Беларусі — сістэматычныя парушэнні правоў працоўных і прафсаюзаў, ігнараванне рэкамендацый МАП. Улады цалкам знішчылі незалежныя прафсаюзы, а многія іх лідары і чальцы за кратамі.
Да сакавіка 2023 года МАП павінна выпрацаваць канкрэтныя захады ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. І толькі ў чэрвені іх прыняць на Канферэнцыі працы. МАП сапраўды можа рэкамендаваць урадам і кампаніям прыпыніць супрацоўніцтва з Беларуссю. Але М’янме гэта не вельмі дапамагло — абмежаванні трымаліся з 2000 па 2012 год, а цяпер гісторыя з хунтай паўтарылася. Да таго ж, калі міжнародныя карпарацыі клапоцяцца аб сваёй рэпутацыі, то не ўсім краінам яна важная.
Імідж таксама мала турбуе Расію, дадае Андрэй Стрыжак.
— Улічваючы магчымасці таемнага або паралельнага імпарта і экспарта, выкарыстанне розных фірм-пракладак і дзяржаў, якія могуць выступаць псярэднікамі, ясна, што Беларусь усё роўна будзе спрабаваць гандляваць. І ёсць прыклад Ірана, які знаходзіцца пад міжнароднымі санкцыямі ўжо дзясяткі гадоў, але мы бачым, што і дроны яны могуць пастаўляць у Расію.
Пакуль ёсць хаўрус паміж Пуціным і Лукашэнкам, дамова, што яны адзін аднаго цягнуць і дапамагаюць, пакуль Іран, ААЭ і іншыя краіны скрозь пальцы глядзяць на гэтыя санкцыі, на жаль, я скептычна стаўлюся да перспектыў іх моцнага ўздзеяння на беларускую эканоміку і палітыку, — рэзюмуе Андрэй Стрыжак.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.