Мінгарвыканкам дазволіў правядзенне Дня Волі ў 15.00 працоўнага дня

Мінгарвыканкам дазволіў на 25 сакавіка правядзенне шэсця і мітынгу, прысвечаных Дню Волі. Арганізатары планавалі вечаровую акцыю, але чыноўнікі ўнеслі карэктывы.

Вось што распавёў Еўрарадыё старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч:

“Мінгарвыканкам пасунуў час на 15.00 (раней планавалася а 17-й гадзіне — Еўрарадыё). Натуральна, гэта менш зручна. Людзі, якія працуюць, не змогуць прыняць удзел у мерапрыемстве. Шкада. Але ўсё роўна заклікаем, хто мае магчымасць, абавязкова ўзяць удзел у мерапрыемстве”.

Такім чынам, збор ўдзельнікаў запланаваны на тры гадзіны дня ля кінатэатра “Кастрычнік” у Мінску. Мітынг адбудзецца ў парку Дружбы народаў з 17.00 да 18.00.

У суботу ў Беларусі пачнецца пахаладанне, цяпло вернецца на Дзень Волі

Янукевіч згадвае мінулагоднюю акцыю, якую лічыць паспяховай (па розных ацэнках незалежных СМІ, тады было ад 1000 да 3000 чалавек). Такую ж колькасць удзельнікаў шэсця і мітынгу чакаюць і на Дні Волі-2015.

“Нічога прынцыпова іншага не будзе”, — раскрывае Янукевіч канцэпцыю будучай акцыі. — Галоўныя тэмы, якія будуць падымацца — гэта абарона незалежнасці і міру, салідарнасць з народам Украіны”.

Нагадаем, што 25 сакавіка 1918 года ў Мінску была абвешчана дзяржаўная незалежнасць Беларускай народнай рэспублікі — фактычна першай нашай нацыянальнай дзяржавы. Назваць БНР цалкам незалежнай дзяржавай складана, але менавіта тады разгарэлася цяпельца беларускай незалежнасці. І вялікае пытанне, ці паўстала б потым Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, калі б не здарыліся падзеі 25 сакавіка 1918 года.


Арганізатары Дня Волі-2015 разумеюць, што значэнне і сэнс акцыі сёння разумеюць не ўсе беларусы.

“Але сапраўды многія людзі ўстурбаваныя, каб гвалт і вайна не пачаліся ў нашай краіне, — падкрэслівае Янукевіч. — Абараніць мір сёння можна толькі ў незалежнай дзяржаве. Мы сёння бачым, што многія беларусы разумеюць практычнае значэнне незалежнасці для лёсу іх і іх дзяцей”.

25 пытанняў і адказаў з гісторыі БНР

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі