Мінсктранс пра валідатары: Тралейбус думае, што ён аўтобус!

У агенцтве "Мінсктранс" не заўважылі, што з новай сістэмай аплаты за праезд колькасць "безбілетнікаў" зменшылася.

"Больш залежыць ад таго, ці вырас штраф, а не што новая сістэма аплаты", — кажа дырэктар агенцтва Мінсктранс Аляксандр Ерахавец. Па словах кіраўніцтва, да безкантактных смарт-карт (БСК) кантралёры быццам бы прывыклі, нават пачалі выкарыстоўваць для праверкі аплаты спецыяльныя апараты.

У кантралёркі ля агенцтва пытаюся, ці прасцей працаваць з новай сістэмай і ці не паменела безбілетнікаў. Тая прызнаецца, што цяпер пасажырам пляваць — ніхто нічога не дакажа пра аплату праезду, бо новая сістэма працуе дрэнна.

"У нас, кантралёраў, ніхто не пытаўся, як зрабіць гэтую сістэму, начальства ёсць. Але скажу, сістэма пакуль не працуе, як і ўсё ў нашай краіне. Калі пасажыр не правёў па валідатары праязным, значыць, праезд не аплачаны. Мы ці высаджваем з транспарту, ці пытаемся ў пасажыраў, ці згодныя яны везці за свой кошт пасажыра, які не правёў па валідатары", — кажа жанчына.

На пытанне Еўрарадыё, на падставе чаго высаджваюць з транспарту — ніякіх зацверджаных правілаў са словам "валідатар" няма, кантралёрка паціскае плячыма — гэта не яе турботы.

Што сістэму недапрацавалі — гэта відавочна у працэсінгавым цэнтры "Мінсктранса" чэргі, каб памяняць праязныя! Гэта на 21 дзень дзеяння сістэмы!

Спецыялісты працэсінгавага цэнтра заўважаюць, што асабліва многа зваротаў наконт непрацуючых картак было ў першы тыдзень. Цяпер больш тэлефануюць з пытаннямі.

"Чуеце, як тэлефон разрываецца? Гэта па картках тэлефануюць. Але цяпер ўжо больш кансультавацца, а ў першыя дні пыталіся, што рабіць", — кажуць у працэсінгавым цэнтры. Пасажыры звярталіся за тым, што праязны не спрацоўваў, выдаваў памылку, размагнічваўся, ламаўся.

Калі ўзнікае нейкі збой у працы бескантактнай карткі, у "Мінсктрансе" раяць звяртацца ці ў касы, дзе можна абмяняць праязны — іх некалькі па горадзе, ці непасрэдна ў працэсінгавы цэнтр Мінсктранса, што на Партызанскім праспекце.

У агенцтве "Мінсктранс" па стрэлачках і аб'яўках "Абмен БСК" знаходжу невялікую падсобку. У пакоі я і яшчэ адна пасажырка. Яе картку на 60 паездак ўжо "лечаць".

На стале — цэлы стос паперак — узор заяваў на замену праязнога. У заяве патрэбна ўказаць, якім чынам пашкодзілася картка, калі куплялі і гэтак далей. Побач немаленькі стос запоўненых паперак і замененых праязных з даплатай за зламаны пластык.

Тлумачу сваю бяду: раз ад разу мой праязны на два віды транспарту тралейбус і метро бунтуе — валідатар ці ніяк не рэагуе на аплату, ці піша "адмова". Спецыялісты працэсінгавага цэнтра тлумачаць, чаму так бывае:

"Гэта таму, што былі памылкі, праграмнае забеспячэнне не аднавілі, таму тралейбус… думаў, што ён аўтобус! Цяпер праграмнае забеспячэнне аднаўляецца, праграмісты выпраўляюць памылкі", — і раяць вазіць з сабой… чэк!

На прыпынку пасажыры выказваюць яшчэ больш прэтэнзій:

"Гэта жах! Глядзіце, мне трэба, каб да працы даехаць змяніць тры транспарты! Тры перасадкі — і кожны раз трэба прыкладаць! Няхай нешта дапрыдумваюць!", — раіць на прыпынку "Міхайлаўскі сквер" Галіна.

"Правёў, нешта не спрацавала, а потым даказвай кантралёру, што ты не дурань! Што ты ўсё выканаў, а ўсё роўна не працуе!" —з гэтымі словамі Міхаіл і заскоквае ў свой 20-ты тралейбус.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі