Мінздароўя: COVID-19 б'е па цяжарных ужо на 4-5 суткі
Цяжарная на прыёме ў доктара
Дактары канстатуюць, што падчас "чацвёртай хвалі" пандэміі COVID-19 з'явіліся новыя групы пацыентаў, якія цяжка пераносяць каранавірус. Да людзей старэйшага ўзросту і пацыентаў з хранічнымі захворваннямі дадаліся дзеці, маладыя людзі і цяжарныя.
У цяжарных COVID-19 развіваецца асабліва хутка і часам прыводзіць да смяротных зыходаў. У Беларусі зафіксавана некалькі такіх выпадкаў. Таксама вядомыя выпадкі, калі жанчыны гублялі дзяцей — меркавана, праз высокую тэмпературу, якую выклікае каранавірус.
Раней спецыялісты меркавалі, што стан здароўя цяжарных можа сур'ёзна пагаршацца на 8-12 суткі хваробы. Цяпер такія пацыенткі "цяжэюць" на 4-8 суткі. Працэс праходзіць настолькі рэзка, што ад моманту з'яўлення клінічных сімптомаў да цяжкай плыні — літаральна некалькі гадзін. За іх нарастаюць прыкметы дыхальнай недастатковасці, развіваецца цяжкая пнеўманія.
Таксама дактары заўважаюць, што цяжарным складана ацаніць свой стан. Раніцай будучая мама можа пачувацца выдатна, а да абеду ёй ужо можа спатрэбіцца дапамога рэаніматолагаў — праз тое, што робіцца цяжка дыхаць.
Міністэрства аховы здароўя нагадвае: ніводная з зарэгістраваных у свеце вакцын не змяшчае жывы вірус SARS-CoV-2, таму не можа выклікаць захворванне. Цяжарныя сёння ў прыярытэце для вакцынацыі.
За кастрычнік першую прышчэпку ўжо зрабілі 798 цяжарных, а 295 — завяршылі вакцынацыю. Даследаванні паказваюць, што поствакцынальныя антыцелы выяўляюцца ў пупавіннай крыві, што абараняе ад COVID-19 і нованароджаных. Будучыя мамы — прайдзіце вакцынацыю!
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.