Мір, праца, радыяцыя: як у Беларусі адзначалі 1 траўня 1986-га

Мір, праца, радыяцыя: як у Беларусі адзначалі 1 траўня 1986-га

У другой серыі серыяла НВО “Чарнобыль” гераіня Эмілі Уотсан — вучоная Ульяна Хамюк — наведвае партыйнага работніка Гараніна, да якога звяртаецца “другі сакратар”. Гэта адбываецца ўдзень 26 красавіка 1986 года. Насамрэч другім сакратаром ЦК КПБ у той час быў Генадзь Барташэвіч, а “Гаранін”, якому Хамюк распавядае праўду пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС, сярод тагачасных кіраўнікоў Беларусі не згадваецца. 

Чыноўнік адказвае вучонай, што ніякай небяспекі ЧАЭС не ўяўляе, і яна сыходзіць, пакінуўшы яго сакратарцы слоічак з ёдам у таблетках. Сцэнарыст “Чарнобыля” Крэйг Мэйзін нядаўна распавёў The Hollywood Reporter, што наступную сцэну прыйшлося выразаць з канчатковай версіі серыяла праз праблемы з хронаметражом. “Гаранін” тэлефануе наверх — магчыма, першаму сакратару ЦК КПБ Мікалаю Слюнькову — і спрабуе пераканаць яго адмяніць дэманстрацыю 1 траўня ў Мінску. Але той загадвае пакінуць усё так, як ёсць. Партработнік нічога не можа з гэтым зрабіць і ідзе на дэманстрацыю сам.

 

Такая размова сапраўды магла адбыцца ў рэальнасці

1 траўня 1986 года ў Кіеве, Мінску і іншых гарадах адбыліся першамайскія дэманстрацыі. Людзі выйшлі на вуліцы, не падазраючы пра тое, што паветра забруджанае радыяцыяй з Чарнобыльскай АЭС. Быў цёплы дзень, шмат хто прывёў на святочнае шэсце дзяцей.

У інтэрнэце можна знайсці шмат фотаздымкаў, як гэта адбывалася ва ўкраінскай сталіцы. Фотаздымкаў з Мінска — у разы менш. Каб расказаць вам, як праз шэсць дзён пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у сталіцы Беларусі прайшло тое шэсце пад радыеактыўным пылам, Еўрарадыё адправілася ў архівы. Мы знайшлі газеты, выдадзеныя ў пачатку траўня 1986 года, а ў іх — шмат фота з бесклапотнымі людзьмі, якія пакуль яшчэ ніколі не чулі пра Чарнобыль.

Мір, праца, радыяцыя: як у Беларусі адзначалі 1 траўня 1986-га

Курс — паскарэнне

У Мінску месцам для ўрачыстых дэманстрацый былі плошча Леніна і Ленінскі праспект, якія сёння называюцца плошчай і праспектам Незалежнасці. Перад дэманстрацыяй на трыбуну — пастамент помніка Леніну — падымаюцца кіраўнікі Камуністычнай партыі Беларусі.

Гучаць фанфары. Першымі на плошчу выходзяць людзі са сцягамі рэспублік былога СССР. За імі на адкрытых аўтамабілях, упрыгожаных гваздзікамі, едуць ветэраны партыі, вайны і ўдарнікі папярэдніх пяцігодак. Далей ідуць прадстаўнікі раёнаў Мінска. На электронным табло ў руках рабочых завода “Інтэграл” пульсуюць словы: “Курс — паскарэнне!”. Пасля іх — чыгуначнікі, за імі — аўтазаводцы.

Мір, праца, радыяцыя: як у Беларусі адзначалі 1 траўня 1986-га

“Наперадзе ўніверсітэцкай калоны ішлі дзяўчаты ў беларускіх нацыянальных строях. Сярод іх і я. Пачуццё гонару за сваю краіну, за свой народ перапаўняла мяне. Шчаслівая, што з'яўляюся студэнткай вядучай ВНУ рэспублікі. Хутка буду матэматыкам-праграмістам. Па-мойму, гэтая спецыяльнасць самая патрэбная не толькі нашаму часу, гэта спецыяльнасць будучыні”, — дзеліцца сваімі ўражаннямі з карэспандэнтам “Вячэрняга Мінска” студэнтка 3-га курса БДУ Вольга Паўловіч.

Мір, праца, радыяцыя: як у Беларусі адзначалі 1 траўня 1986-га

“У святочнай калоне 600 студэнтаў механіка-тэхналагічнага факультэта. Права прыняць удзел у першамайскай дэманстрацыі яны атрымалі пасля перамог у спаборніцтвах сярод факультэтаў нашай ВНУ”, — ганарыцца студэнтамі са сваёй навучальнай установы сакратар парткама Беларускага політэхнічнага інстытута Іван Заяш

Мір, праца, радыяцыя: як у Беларусі адзначалі 1 траўня 1986-га

“Над плошчай гучыць заклік, адрасаваны калектыву АН БССР: “Савецкія вучоныя! Краіна чакае ад вас рэвалюцыйных адкрыццяў і вынаходстваў у тэхніцы і тэхналогіях”, — цытуюць газеты паведамленне БелТА з дэманстрацыі ў Мінску.

Мір, праца, радыяцыя: як у Беларусі адзначалі 1 траўня 1986-га
Мір, праца, радыяцыя: як у Беларусі адзначалі 1 траўня 1986-га
Мір, праца, радыяцыя: як у Беларусі адзначалі 1 траўня 1986-га
Мір, праца, радыяцыя: як у Беларусі адзначалі 1 траўня 1986-га

Што ведалі ўдзельнікі дэманстрацыі пра аварыю на ЧАЭС?

Вось так выглядае першая паласа газеты “Звязда”, датаваная 1 траўня:

 

Мір, праца, радыяцыя: як у Беларусі адзначалі 1 траўня 1986-га

А вось так выглядае заметка пра здарэнне на ЧАЭС у гэтым жа нумары:

Мір, праца, радыяцыя: як у Беларусі адзначалі 1 траўня 1986-га

Вузкая калонка на трэцяй паласе “Звязды” паведамляла пра “некаторую ўцечку радыеактыўных рэчываў” у выніку аварыі, тры эвакуяваныя пасёлкі і пра тое, што ўзровень радыяцыі зніжаецца. Менавіта з 1 траўня кароткія паведамленні пра аварыю на ЧАЭС пачынаюць з'яўляцца на старонках цэнтральных беларускіх газет.
 

“Настрой на выдатныя справы”

1 траўня 1986-га дэманстрацыі традыцыйна праходзілі не толькі ў сталіцах, але і ў абласных гарадах, і ў райцэнтрах. Нават у тых, якія найбольш пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС. Дэманстрацыю не сталі адмяняць ні ў Гомелі, ні ў Хойніках, ні ў Нароўлі, ні ў Брагіне, ні ў Ветцы.

Тагачасны кіраўнік Гомельскай вобласці Аляксей Камай прыгадвае, як узняўся над Брагінам на верталёце і ўбачыў у баку АЭС клубы попелу і дыму. Пасля ён расказваў, што ў калоне на першамайскай дэманстрацыі ішлі яго жонка і дачка…

У раённых газетах таксама захавалася шмат апавяданняў і фотаздымкаў з тых дэманстрацый. Удзельнікаў шэсця выбіралі па выніках сацыялістычнага спаборніцтва. Гэта былі найлепшыя рабочыя, сяляне, студэнты.

На трыбунах абавязкова з’яўляліся прадстаўнікі розных класаў. Пачынаў усё выступоўца ад партыйнага кіраўніцтва, а далей прамаўлялі “ад імя рабочых”, “ад інтэлігенцыі”, “ад імя моладзі і камсамольцаў”. З газеты “Ленінскі сцяг” даведваемся, хто гэта быў у Хойніках: слесар Міхаіл Камеш, настаўніца Валянціна Шрамянок, навучэнец ПТВ-183 Мікалай Пабядзінскі.

Мір, праца, радыяцыя: як у Беларусі адзначалі 1 траўня 1986-га

“Ва ўсіх святочны, узнёслы настрой — настрой на выдатныя справы, на рашучасць выканаць велічную праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця”, — піша “Прыпяцкая праўда” з Нароўлі.

Мір, праца, радыяцыя: як у Беларусі адзначалі 1 траўня 1986-га

У брагінскай газеце “Маяк Палесся” побач з рэпартажам пра Першамай — артыкул пра тое, як у саўгасе “Савічы” сажаюць бульбу ды кукурузу: “Будучы ўраджай здабываецца сёння”. Праз некалькі дзён высветліцца, што вёска Савічы трапіла ў зону частковага адсялення. 373 сям’і назаўжды пераедуць адсюль у іншыя месцы.
 

“Найгоршае ў мінулым!”

Генеральны сакратар ЦК КПСС Міхаіл Гарбачоў выступіў з афіцыйным зваротам пра Чарнобыльскую аварыю толькі 14 траўня — праз 19 дзён пасля здарэння! 

Мір, праца, радыяцыя: як у Беларусі адзначалі 1 траўня 1986-га

Спачуванні блізкім загінулых, падзякі ліквідатарам і заявы, што цяпер усё пад кантролем:

“Дзякуючы прынятым эфектыўным мерам сёння можна сказаць адно — найгоршае ў мінулым”. 

***

У матэрыяле выкарыстаныя фотаздымкі з архіваў газет “Звязда”, “Савецкая Беларусь”, “Вячэрні Мінск”, “Камуніст Палесся”, “Прыпяцкая праўда”, “Маяк Палесся”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі