Мужчыны за павышэнне пенсійнага ўзросту жанчынам, а міліцыянты — усім
Аляксандр Лукашэнка нечакана заяўляе, што пенсійны ўзрост павышаць трэба, але будзе ў народа цікавіцца. Еўрарадыё задае мінчукам гэтае "прэзідэнцкае" пытанне.
80−гадовая пенсіянерка Марыя Барысаўна ідзе з кійком, на назе — пратэз. Яна атрымлівае пенсію чыноўніка, некалі працавала ў міністэрстве бытавога абслугоўвання. Пенсія невялікая — каля 3 мільёнаў, гэта за сорак гадоў стажу. Гэтых грошай Марыі Барысаўне амаль хапае на лекі, ежу, аплату камуналкі. Катэгарычна супраць таго, каб пенсійны ўзрост павышаўся.
“Беларусы такія хворыя! Гэта жах! Я ледзь дацягнула да пенсіі, і на бальнічным была і заканчвала працу. Якое павышэнне пенсійнага ўзросту?”, — заўважым, што Марыя Барысаўна на пенсіі ўжо чвэрць стагоддзя!
Мінчанка Таццяна заўважае, што эканамічна гэта зрабіць варта, але яна за тое, каб не пенсійны ўзрост павысіць, а змяніць сістэму пенсій на пенсійныя фонды. Каб не было такога, што чалавек выйшаў на пенсію - і памёр. Таццяна мае рацыю.
У 2014 годзе 16% людзей, якія памерлі ў Беларусі былі працаздольнага ўзросту! Жанчын працаздольнага ўзросту ў 2014 годзе памерла ў чатыры разы меней за мужчын.
Навуковы супрацоўнік Юрый, пенсіянері, працуе і пенсію атрымлівае небагатую – у раёне 2,5 мільёнаў рублёў. Юры кажа, што пенсійны ўзрост варта павялічыць… жанчынам:
“Жанчынам варта – гадоў на 5 дакладна. Мужчынам не трэба. У нас мужчыны ці не дажываюць, ці ў такім стане…”, − Юрый махае рукой – маўляў, хіленькія.
Былы міліцыянер Аляксандр на пенсіі даўно, але працуе. Атрымлівае пенсію ў памеры 75% ад сярэдняга грашовага давольствія міліцыянераў, на сёння гэта 5−6 мільёнаў.
Чалавек, які сам выйшаў на пенсію у 45 гадоў, пра пенсійны ўзрост гаворыць так: “65-гадоў для мужчыны працаваць нармальна, жанчыне можна да 60 гадоў павысіць пенсійны ўзрост”.
Cтудэнт-пяцікурснік Сяргей цяпер шукае працу і ўжо сутыкнуўся з тым, што працадаўца аддае перавагу больш вопытным супрацоўнікам.
"Моладзь не зможа знайсці працу, бо ахвотней працадаўца даверыць працу вопытнаму работніку, я супраць павышэння пенсійнага ўзросту. Тады працу моладзі будзе знайсці яшчэ цяжэй", — кажа Сяргей.
Былы генерал міліцыі і спікер парламента Мечыслаў Грыб кажа, што павышэнне пенсійнага ўзросту — агульнаеўрапейская практыка. “Каб адпомсціць дзяржаве, трэба як мага даўжэй жыць пасля выхаду на пенсію. Каб дзяржава, няхай і не вялікія грошы, але плаціла”, — кажа Мечыслаў Грыб, які атрымлівае “…і 10, і болей мільёнаў”.
А цяпер Еўрарадыё распавядзе, як у Беларусі працуе пенсійная сістэма
2,5 мільёна пенсіянераў у краіне атрымліваюць пенсію. Жанчыны — з 55 гадоў, мужчыны — з 60. На пенсію скідваюцца 4,4 мільёна тых, хто працуе. Штомесяц кожны “аддае” 29% заробку ў пенсійны фонд (28% плацяць працадаўцы).
У жніўні кожны працуючы выдаткаваў на пенсіянераў больш, чым па два мільёны. Атрымліваецца па 3,5 мільёна на кожнага пенсіянера. Але сярэдняя працоўная пенсія па ўзросце за верасень меншая — 2,9 мільёна рублёў.
Па статыстыцы Фонду сацыяльнай абароны, на пенсіі ідзе 78,6% выплат. Астатняе — на сацыяльную дапамогу. Летась Фонд справацаў з парфіцытам (засталося грошай) на 226 мільярдаў рублёў.
“Беларуская пенсія — гэта тое ж самае, што і савецкая. Няма накапляльнай часткі, — апісвае экс-міністр працы Аляксандр Сасноў. — Такая сістэма працуе, калі працуе эканоміка. Калі эканоміка валіцца, такая сістэма перастае працаваць. А падняць пенсійны ўзрост — гэта самае простае”.
Як пенсіі налічваюць за мяжой
У суседняй Польшчы на пенсію выходзяць з 60 гадоў жанчыны і 65 — мужчыны. У гэтай краіне пенсійная сістэма часткова накапляльная. Гэта значыць, частку адлічэнняў перанакіроўваюць у прыватныя фонды, якія займаюцца ўкладаннем вашых грошай, каб пенсія была больш. Цяпер палякі плацяць 19,5% заробку ў фонд. З іх 7% ідзе ў прыватны фонд на накапленне, фонд могуць абраць самі пенсіянеры.
Сярэдняя пенсія паляка на беларускія грошы — 8,7 мільёна
Пенсія ў Літве па ўзросце ў мужчын з 62,5 гадоў, у жанчын — з 60 гадоў. Каля 5% адлічэнняў працуюць па накапляльнай сістэме, то бок пералічваюцца ў прыватныя фонды, якія працуюць з грошамі, каб павялічыць вашу будучую пенсію. Раз на год літовец можа змяніць свой прыватны фонд.
Сярэдняя працоўная пенсія ў Літве па старасці — 4,7 мільёна у пераліку на беларускія рублі.
Цяпер калі 55−гадовая жанчына выйдзе на пенсію, яна будзе атрымліваць пенсію 26 гадоў, калі на пяць гадоў пазней — 21 год, прагназуе Белстат працягласць жыцця ў будучыні. 60−гадовы мужчына пражыве на пенсіі яшчэ 15,5 гадоў.
А вось у 20−гадовых дзяўчатам пры сённяшніх умовах атрымаецца пражыць на пенсіі каля 23,9 гадоў, калі пенсійны ўзрост павысяць на 5 гадоў — усяго 18,9 гадоў.
20−гадовым мужчынам пасля пенсіі давядзецца пражыць каля 8,4 года, ці ўсяго 3,4 года, у выпадку, калі пенсію адтэрмінуюць на пяць гадоў!
Фота: tass.ru
А якую пенсію сёння атрымліваюць розныя спецыялісты: