На што ветэраны трацяць атрыманыя да Дня Перамогі грошы?

Матэрыяльную дапамогу з нагоды 70-х угодкаў Перамогі ў Другой сусветнай вайне атрымаюць і сёлета беларускія ветэраны. Адпаведны загад падпісаў 18 сакавіка кіраўнік краіны. Па 10 мільёнаў рублёў сплацяць Героям Савецкага Саюза і кавалерам Ордэна славы трох ступеняў і па 8 мільёнаў – інвалідам і “шараговым” удзельнікам вайны.
 
Былі такія ж выплаты і летась. На што патрацілі гэтыя грошы ветэраны? Ветэран вайны Міхаіл Шашкоў шчыра прызнаецца: як толькі атрымаў летась тыя грошы, то адразу пайшоў і “канверціраваў іх – атрымаў долары”.
 
“І 500 долараў адправіў у Адэсу – там у мяне жыве дачка. Яна крыху раней тэлефанавалі і казала, што заробак не даюць два месяцы, жыць складана… Ну, я і вырашыў, што калі такі “куш займеў”, то дашлю ёй дапамогу. І што вы думаеце? Даслаў я ёй тыя 500 долараў, а яна і да гэтага часу іх атрымлівае!”
 
А што ж тымі “беларускімі” доларамі здарылася? Дачка паспрабавала высветліць лёс бацькоўскіх грошай, а ёй нібыта адказалі, апавядае Еўрарадыё ветэран, што “грошы былі прыватызаваныя ўладамі і пайшлі ў фонд абароны бендэраўцаў”.
 
Тым не менш, ад намеру дапамагчы дачцэ Міхаіл Шашкоў не адмаўляецца і сёлета. Кажа, як толькі грошы атрымае, то адразу ўсе перавядзе ў долары і частку перашле ў Адэсу. Але гэтым разам ужо не пераводам, а праз чалавека, які будзе ехаць у Адэсу. Галоўнае цяпер такога знайсці. 
 
Але гэтая частка атрыманай і канвертаванай сумы – куды ж пойдуць астатнія долары?
 
“У мяне ж яшчэ, вы не паверыце, 8 унукаў і ўнучак і 10 праўнукаў і праўнучак! – смяецца ветэран. – І кожны хоча, каб дзядуля нешта даў, нешта набыў, нейкі падаруначак. Так што тут грошы не заваляюцца!”
 
Сам ветэран жыве на пенсію, і яе, сцвярджае, на ўсё хапае. Тым больш што медыцынскае абслугоўванне мае бясплатнае. Праўда, колькі атрымлівае пенсіі, не кажа.
 
Таксама адразу перавёў атрыманую летась дапамогу да Дня Перамогу ў долары і ветэран вайны, інвалід ІІ групы Георгій Давідзюк. І ў яго большая частка гэтых грошай пайшла на падарункі ўнукам ды праўнукам. Але частку, прызнаецца, адклаў “на пахаванне”. І са смехам апавядае пра яшчэ адзін нечаканы падарунак, які летась атрымаў з Расіі: юбілейны медаль да Дня Перамогі ад… Кампартыі Расіі! “Пры чым тут Кампартыя Расіі?” – здзіўляецца беларускі ветэран.
 
А вось яшчэ адзін ветэран Віктар Панкоў так і не здолеў прыгадаць, каб летась нейкія вялікія грошы ад дзяржавы да Дня Перамогі атрымліваў. Нават па дапамогу да жонкі звяртаўся, але і ўдвух такога не прыгадалі факта. 
 
Падчас размовы з ветэранамі неаднаразова чуў, што ў Беларусі, у адрозненні ад іншых краін, клапоцяцца пра іх. Часцяком у якасці параўнання казалі, што “ў нас не тое, што ва Украіне”. Вырашаю пацікавіцца, якое ў ваюючай і сёння краіне стаўленне да ветэранаў мінулай вайны, якая ёсць дапамога?
 
Жыхар Харкава Ігар Маліцкі не толькі ваяваў, але і быў вязнем у канцлагеры Асвенцым. Па яго словах, і яны штогод атрымлівалі ад дзяржавы то 100, а то 200 грывень “адраснай дапамогі”. Праўда, сёлета і такіх грошай ветэран не чакае. Чаму? А ўсё проста – у краіне вайна.
 
Ігар Маліцкі: “Разумееце, не важна, колькі грошай беларуская дзяржава даць ветэранам, але ж дасць, а ў нас пакуль нічога пра гэта не чуваць. Штогод да Дня перамогі мы  нешта атрымлівалі – дасылалі па пошце нешта кожнаму. Па-рознаму было, але было. А ў гэтым годзе наўрад ці будзе. 200 грывень – сума нармальная, падарунак не раскошны, але добры. Можна было іх патраціць на нешта патрэбнае для дома. Ну, і, канечне, збіраліся, банкецік невялікі сабе самі арганізоўвалі”.
 
Але адразу зазначае: будуць сёлета нейкія грошы ці не, ветэраны ўсё адно 9 Мая  збяруцца і святкаваць будуць! Традыцыйна – невялікім банкецікам.

Фота: news.tut.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі